Ці могуць СМІ дапамагчы культуры?
Дыскусія на гэтую тэму з удзелам брытанскага дакументаліста, журналіста ВВС Джорджа Кэры (George Carey) адбылася 19 красавіка ў Мінску пад эгідай праграмы ЕС і Усходняга партнёрства “Культура і крэатыўнасць”.
На сустрэчу, якая прайшла на тэрыторыі амбасады Вялікабрытаніі, запрасілі рэдактараў вядучых беларускіх СМІ, што пішуць на тэмы культуры. Прысутных павіталі амбасадар Вялікабрытаніі Фіона Гіб, а таксама кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага cаюза ў Беларусі Андрэа Віктарын.
Джордж Кэры раней працаваў на BBC над навінавымі праграмамі ўзроўню Newsnight і Panorama. Як прызнаўся госць у часе сустрэчы, у маладосці яму падавалася вельмі важным знаходжанне ў самым віры падзеяў. Але ў пэўны момант праз гэты вір прабілася думка, што сапраўднае жыццё праходзіць міма. Так сп. Кэры пачаў займацца дакументальным кіно.
Спадар Кэры шмат дзяліўся ўласным досведам, распавядаў гісторыі поспеху медыяў, кіраўнікі якіх прымалі своечасовыя крэатыўныя рашэнні. СМІ могуць дапамагчы культурнай індустрыі і з’явіцца, і развіцца. Сфера адказнасці журналістаў – стымуляваць дыскусію, у часе якой і нараджаюцца найлепшыя ідэі, – перакананы брытанскі журналіст.
Дыскусія прайшла ў форме ток-шоу, мадэравала якое Вольга Шпарага – кіраўнік праграмы «Сучаснае грамадства, этыка і палітыка» Еўрапейскага каледжа гуманітарных навук.
У зале было багата прадстаўнікоў як дзяржаўных, так і недзяржаўных СМІ, якіх цікавіла шырокае кола пытанняў – ад фінансавых да філасофіскіх. Прасілі парады наконт выжывання “папяровых” культурніцкіх медыя ў нялёгкі для друкаванай прэсы час. Высвятлялі, чыёй зонай адказнасці з’яўляецца культура – грамадскасці і бізнесу. Цікавіліся, ці маюць СМІ адлюстроўваць стэрэатыпы, што склаліся ў грамадстве, ці змагацца з імі.
Джордж Кэры падкрэсліў, што гаворыць не ад імя якой-кольвек медыякампаніі, а толькі ад свайго ўласнага. На яго думку, існуюць паняцці “высокай” і “шырокай” культуры. Культура – гэта не толькі выбітныя творы вядомых паэтаў, мастакоў, кампазітараў і г.д. Носьбітамі культуры з’яўляюцца звычайныя людзі са сваім светаўспрыманнем, рэакцыямі, матывацыямі. І гэта адкрывае перад журналістамі шырокія магчымасці для калекцыявання “чалавечых гісторый”, якія не страчваюць папулярнасці ў чытача нават у век інтэрнэту.
Фота і асноўныя тэзы, агучаныя на сустрэчы, у хуткім часе можна будзе знайсці на беларускай старонцы праграмы “Культура і крэатыўнасць”.