Быў затрыманы Дзяніс Кур’ян. А Бонд і Грыбалёвай забаранілі займацца прафесіяй
Працягваюцца палітычна матываваныя затрыманні медыяперсон. «Наша Ніва» распавядае некаторыя дэталі таго, што ад іх патрабуюць.
Як стала вядома «Нашай Ніве», быў затрыманы тэлевядоўца і шоўмэн Дзяніс Кур’ян.
Ці адбыў ён адміністрацыйны арышт, ці затрыманне было кароткатэрміновым, журналісты выдання не ведаюць. Здарылася гэта мінімум тыдзень таму.
Кур’ян раней працаваў на БТ і АНТ. Цяпер — блогер і вядучы мерапрыемстваў, займаецца бізнэсам (напрыклад, мае сетку блінных).
Раней паведамлялася пра затрыманне блогеркі і тэлевядоўцы Ганны Бонд і спявачкі Ларысы Грыбалёвай.
Адзін з кліентаў блогераў расказаў «Нашай Ніве», што ад усіх затрыманых запатрабавалі спыніць медыйную актыўнасць і бізнэс. Тое самае незалежна ад яго распавёў адзін з супрацоўнікаў дзяржаўных СМІ.
Трэба адзначыць, што ў інстаграмах Кур’яна і Грыбалёвай, у якіх дзясяткі тысяч фаловераў, ужо з тыдзень не з’яўляецца ніякіх публікацый.
Ганна Бонд з моманту вызвалення апублікавала некалькі сторыз. Але рэпартажаў, замалёвак, жартаў ці рэкламы — таго традыцыйнага кантэнту, які быў у яе раней, і ў яе не з’яўляецца.
Пра тое, што адносіны «на паўзе», пацвердзіў і маркетолаг адной з вялікіх прыватных кампаній, якая раней размяшчала замовы ў блогераў.
«Людзям, якія жывуць у Беларусі, прасцей забараніць браць рэкламу, чым карпарацыям з замежнымі ўладальнікамі забараніць даваць рэкламу», — патлумачыў ён.
Інфармаваная крыніца «Нашай Нівы» ў адным з дзяржаўных СМІ патлумачыла атаку на медыяперсонаў і блогераў намерам прэвентыўна абмежаваць іх папулярнасць. Улады, па словах крыніцы, хочуць перастрахавацца, хочуць, каб у краіне проста не было папулярных публічных асобаў, адносна незалежных ад рэжыму.
«Незалежныя СМІ забароненыя. А ў блогераў унутры краіны падпіскі растуць. Ну і што з таго, што ў іх няма палітычнага кантэнту. Цяпер яны адмаўляюцца супрацоўнічаць з тэлебачаннем. А як яны павядуць сябе ў будучыні? Нейкая такая думка круцілася ў нашага кіраўніцтва», — патлумачыла «Нашай Ніве» крыніца ў дзяржаўным СМІ.
Таму хочуць пакідаць толькі лаяльных блогераў, якія супрацоўнічаюць з міліцыяй і тэлеканаламі, тыпу Груздзевых.
Чытайце яшчэ:
«Праз пару дзён мяне перастаюць заўважаць, і я пачынаю здымаць». Як французскі фатограф стаў летапісцам жыцця беларусаў у выгнанні
«Адчуваў, што Лукашэнка не пакіне тату жывым». Павел Марыніч — пра дзяцінства з Шараметам і Пракоп’евым, бацьку-міністра і «Маланку»
«Подошли к тому моменту, когда готовы прекратить работу сайта ABW.BY». Учредители автопортала выступили с громким заявлением