Брэсцкіх журналістаў аштрафавалі за рэпартаж пра “Дажынкі”
Суддзя Камянецкага райсуда Аксана Скель прызнала журналістаў-фрылансераў Алеся Ляўчука і Мілану Харытонаву вінаватымі ў “працы на замежны СМІ без акрэдытацыі”, спаслаўшыся на сюжэт тэлеканала “Белсат” пра падрыхтоўку горада Высокае да абласных “Дажынак”.
Паводле рашэння суда на падставе часткі 2 артыкула 22.9 КаАП Алесь Ляўчук мусіць сплаціць штраф памерам 50 базавых велічынь (1 225 рублёў), а Мілана Харытонава — 40 базавых велічынь (980 рублёў).
24 кастрычніка Ляўчука і Харытонаву зноў выклікаюць у міліцыю, дзе з вялікай доляй верагоднасці на іх складуць яшчэ чатыры пратаколы (па два — на кожнага).
Гэтым разам справа датычыць сюжэтаў на “Белсаце”, прысвечаных акцыям пратэсту супраць будаўніцтва пад Брэстам акумулятарнага завода. Акрамя таго, 25 кастрычніка Алеся Ляўчука і Мілану Харытонаву ў чарговы раз будуць судзіць у Жабінкаўскім раёне. На мінулым тыдні суд гэтага раёна аштрафаваў журналістаў агулам на 1 715 рублёў за рэпартаж пра падзёж свінняў у вёсцы Азяты.
Фота brestcity.com