Брэсцкага блогера Сяргея Пятрухіна з пачатку красавіка шукае міліцыя. Але не кажуць па якой справе
З пачатку красавіка прадстаўнікі Пінскага гарадскога аддзела ўнутраных спраў як мінімум двойчы наведвалі памяшканні, дзе паводле іх меркавання, павінен быў знаходзіцца блогер Сяргей Пятрухін, вядомы сваімі YouTube-каналамі “Народны рэпарцёр” і “YouTube-дэпутаты”.
Як распавёў сам блогер, спачатку гэта адбылося 4 красавіка, калі ён разам з іншым блогерам Аляксандрам Кабанавым знаходзіўся ў жылым будынку каля Пінска. У той дзень прыехаў падпалкоўнік Пінскага ГАУС Алег Хрысюк, які хацеў апытаць Сяргея Пятрухіна. На спробу высветліць, чым выклікана такая неабходнасць, супрацоўнік міліцыі нічога канкрэтнага не паведаміў і паабяцаў выклікаць позвай.
Позвы Сяргей Пятрухін не дачакаўся, але 9 красавіка ўжо іншыя пінскія міліцыянты наведаліся ў будынак, дзе знаходзіўся блогер Аляксандр Кабанаў. Яны зноў распавялі, што ім неабходна апытаць Сяргея Пятрухіна (яго ў гэты час не было ў памяшканні) паводле матэрыялаў нейкай праверкі. Што гэта за праверка і ў межах якой справы яна вядзецца, супрацоўнікі міліцыі не патлумачылі.
Блогер Сяргей Пятрухін і яго калега Аляксандр Кабанаў мяркуюць, што такая цікавасць пінскай міліцыі можа быць звязана з іх апошнім расследаваннем, якое тычыцца дзейнасці старшыні Пінскага гарвыканкама Івана Рэбкаўца. У сваім расследаванні блогеры выкарысталі зварот аднаго з падпісчыкаў, які паведамляў пра факты злоўжыванняў з боку прадстаўніка выканаўчай улады.
У запісаным відэасюжэце Сяргей Пятрухін прасіў мясцовую міліцыю правесці праверку па агучаных фактах. Сюжэт быў запісаны 21 сакавіка і пакуль брэсцкаму блогеру не вядома, ці ладзіцца такая праверка. Затое ў супрацоўнікаў Пінскага ГАУС выклікала інтарэс асоба самога Сяргея Пятрухіна.