• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Брэсцкага блогера Сяргея Пятрухіна пакаралі буйным штрафам па абвінавачанні ў абразе міліцыянтаў

    Суддзя Ленінскага раёна Брэста Аляксандр Семянчук 18 красавіка прызнаў Сяргея Пятрухіна вінаватым у парушэнні двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса — “Паклёп” (ч. 2 арт. 188) і “Абраза” (ч. 2 арт. 189). Паводле рашэння суддзі, блогер аштрафаваны на 360 базавых велічынь (9 180 рублёў).

    Таксама суддзя цалкам задаволіў грамадзянскія пазовы пацярпелых супрацоўнікаў Ленінскага РАУС: у якасці матэрыяльнай кампенсацыі за маральны ўрон Сяргей Ігнацюк патрабаваў 3 000 рублёў, Дзмітрый Якушэвіч, Ігар Галянціч і Сяргей Токун — па паўтары тысячы рублёў кожны. Акрамя штрафу цягам месяца Сяргей Пятрухін мусіць выплаціць міліцыянтам 5770 рублёў маральнай кампенсацыі. Маёмасць блогера арыштаваная пад заклад, а з яго самога ўзялі падпіску аб нявыездзе.

    Сам блогер віну ў абразе і паклёпе не прызнаў і мае намер абскардзіць рашэнне суда.

    Нагадаем, крымінальную справу ў дачыненні Сяргея Пятрухіна распачаў 1 лютага 2019 года Брэсцкі міжраённы аддзел Следчага камітэта. Падставай для пераследу па артыкуле “Паклёп” стаў відэаролік, які быў зняты блогерам 23 сакавіка 2018 года ў будынку суда Ленінскага раёна Брэста і трансляваўся на YouTube. Паводле абвінавачання, падчас трансляцыі Пятрухін распаўсюдзіў інфармацыю ў дачыненні да ўчастковага інспектара Ленінскага РАУС Сяргея Ігнацюка, якая “не адпавядае рэчаіснасці, істотна прымяншае гонар і годнасць асобы, дыскрэдытуе пацярпелага ў вачах грамадскасці».

    Акрамя таго, паводле абвінавачання, 3 красавіка 2018 года на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы “Вконтакте” Сяргей Пятрухін размясціў да відэароліка “Цудоўная чацвёрка_3. Насаты. Фінал” каментар, “які ўтрымлівае пагардлівыя, прыніжальныя, негатыўна-ацэначныя выразы”. Гэтым самым, на думку Следчага камітэта, Пятрухін “наўмысна зняважыў гонар і годнасць” супрацоўнікаў Ленінскага РАУС Брэста і нанёс ім маральную шкоду.

    У ходзе слухання справы ў судзе пракурор прасіў для Сяргея Пятрухіна пакаранне ў выглядзе абмежавання волі (“хіміі”) на два гады і штраф у памеры 100 базавых велічынь.

    Дзяржабвінаваўца скептычна паставіўся да лінгвістычнай экспертызы, якую зрабіў на замову адказчыка доктар філалагічных навук, прафесар Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Лукашанец. У сваім заключэнні навуковец адзначыў, што ў каментарах Сяргея Пятрухіна адсутнічаюць моўныя сродкі (прозвішчы, ініцыялы), якія дазваляюць адназначна сцвярджаць, што словы і выразы з лінгвістычнымі прыкметамі абразлівасці, прыніжэння гонару і годнасці асобы маюць дачыненне менавіта да супрацоўнікаў міліцыі, якія палічылі сябе пацярпелымі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці