Больш за 20 крымінальных артыкулаў на дваіх: “спецвытворчасць” супраць Пуцілы і Рудзіка скончылі ў рэкордныя тэрміны
Галоўнае ўпраўленне па расследаванні арганізаванай злачыннасці і карупцыі Следчага камітэта ў парадку “спецыяльнай вытворчасці” завяршыла папярэднія юрыдычныя працэдуры ў дачыненні да Сцяпана Пуцілы і Яна Рудзіка – як адзначаецца ў тэлеграм-канале ведамства, “кіраўнікоў тэрарыстычнай арганізацыі Nехта”.
У паведамленні прэс-службы ўдакладняецца, што крымінальная справа перададзеная генеральнаму пракурору для накіравання ў суд. Па факту “расследаванне” заняло нават меней за два тыдні.
Агулам рэдактары папулярнага інфармацыйнага рэсурсу абвінавачваюцца больш чым па двух дзясятках крымінальных артыкулаў. У прыватнасці, Сцяпану Пуцілу інкрымінуецца ажно 11 пунктаў:
– ч. 3 арт. 130 (распальванне варожасці)
– ч. 1 арт. 290–5 (арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у яе дзейнасці)
– ч. 1 арт. 293, ч. 3 арт. 293 (масавыя беспарадкі)
– ч. 1 арт. 342, ч. 2 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх)
– ч. 1 арт. 357 (змова або іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады)
– ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцый)
– ч. 1 арт. 361–1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім)
– ч. 2 арт. 361–2 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці)
– ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі)
– ч. 2 арт. 368 (абраза Аляксандра Лукашэнкі)
– арт. 369–1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь).
А вось Ян Рудзік крыху не дацягнуў да калегі, яму выставілі “ўсяго” дзесяць крымінальных артыкулаў:
– ч. 3 арт. 130 (распальванне варожасці)
– ч. 1 арт. 293, ч. 3 арт. 293 (масавыя беспарадкі)
– ч. 1 і 2 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх)
– ч. 1 арт. 357 (змова або іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады)
– ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцый)
– ч. 1 арт. 361–1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім)
– ч. 2 арт. 361–2 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці)
– ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі)
– ч. 2 арт. 368 (абраза Аляксандра Лукашэнкі)
– арт. 369–1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь).
Так званая “спецвытворчасць”, якая ў Беларусі ўведзена ў юрыдычны абарот толькі сёлета, дазваляе судзіць абвінавачаных завочна. “Першапраходцамі” ў навацыях карнай сістэмы сталі фігуранты справы “Чорнай кнігі Беларусі”, а таксама Беларускага фондау спартыўнай салідарнасці.
Паводле Следчага камітэта, «спецыяльная вытворчасць” па крымінальнай справе ўжываецца найперш да грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца па-за межамі краіны і ўхіляюцца ад яўкі ў орган, адказны за судовы працэс. Такім чынам, на практыцы ўкараняецца дагэтуль гіпатэтычная магчымасць завочных судоў над палітычнымі апанентамі рэжыму.
Сёлета ў ліпені Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон аб зменах у Крымінальна-працэсуальны кодэкс. Самыя прынцыповыя тычацца дазволу судзіць беларусаў без іх непасрэднага ўдзелу ў зале пасяджэння – ажно да вышэйшай меры пакарання. Гэтаксама на падставе судовага рашэння абвінавачаных могуць пазбавіць грамадзянства паводле нараджэння і ўсёй зарэгістраванай у краіне нерухомасці.
Падчас масавых акцый 2020 года Telegram-канал Nexta – першапачаткова створаны Сцяпанам Пуцілам, а затым ён пашырыўся да нешматлікага офісу аднадумцаў – стаў адной з самых запатрабаваных крыніц інфармавання пратэстоўцаў, якія выступалі супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і неабгрунтаванага гвалту сілавікоў.
Фактычна рэдакцыя Nexta прымушала праваахоўнікаў збольшага рэагаваць на сцэнар, апублікаваны ў стужцы рэсурсу, а не навязваць мітынгоўцам уласныя правілы кантролю.
Чытайце яшчэ:
«У Лёшы была важная місія ў гэтым свеце — ён ствараў нябачныя сувязі паміж людзьмі». Успамінаючы Аляксея Стрэльнікава
Рудкоўскі: «Пастаянны паток высокаградуснай прапаганды контрпрадуктыўны — прыносіць эфект, адваротны да задуманага»
Палітвязня асудзілі да 2 гадоў калоніі за напад на Маршы на Азаронка і яго аператара