Блогера Пятрухіна правяраюць у межах Крымінальнага кодэкса — «знявага» і “паклёп”
У дачыненні да блогера Сяргея Пятрухіна з Брэста распачата праверка: яго могуць абвінаваціць у паклёпе альбо знявазе.
Пра тое, што міліцыя ладзіць праверку ў адносінах да Сяргея Пятрухіна ў межах артыкула 188 Крымінальнага кодэкса (“паклёп”), стала вядома мясцоваму праваабаронцу Уладзіміру Вялічкіну. Пазней высветлілася, што праверка таксама ідзе на падставе артыкула 189 КК (“знявага”).
Як распавёў Сяргей Пятрухін, 27 красавіка ў Пінскім раёне ў будынак, дзе ён знаходзіўся, спрабавалі трапіць супрацоўнікі міліцыі, каб правесці агляд памяшкання. Аднак зрабіць гэта не атрымалася, бо ў пастанове няправільна быў пазначаны гаспадар будынка.
Раней служба маніторынгу ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” ужо паведамляла, што брэсцкага блогера з пачатку красавіка шукае міліцыя. Але яе прадстаўнікі не кажуць, паводле якой справы іх цікавіць асоба Сяргея Пятрухіна.
Сам Сяргей Пятрухін і яго калега Аляксандр Кабанаў мяркуюць, што такая цікавасць можа быць звязана з іх апошнім расследаваннем, якое тычыцца дзейнасці аднаго з кіраўнікоў Пінскага гарвыканкама.
Як арганізатар акцыі пратэсту ў Брэсце: блогер Аляксандр Кабанаў атрымаў вялікі тэрмін арышту