Блогера Павука ўлады імкнуцца зрабіць “штатным мінёрам”?
Гісторыя з ілжывым мініраваннем 15 траўня будынка раённага суда ў Мазыры, дзе меўся адбыцца суд над калінкавічскім прадпрымальнікам і блогерам Віталём Манько, нечакана адгукнулася ў райцэнтры Акцябрскі. Пад падазрэнне патрапіў мясцовы апазыцыйны актывіст, блогер Андрэй Павук.
Супрацоўнік Акцябрскага РАУС Віктар Карпянок выклікаў Павука ў міліцыю, каб апытаць яго ў якасці сведкі “мініравання” суда ў Мазыры.
“Міліцыянт патлумачыў, што ў паведамленні на электронную пошту Міністэрства па надзвычайных сітуацыях пра мініраванне будынка суда ў Мазыры пазначаны нумар майго тэлефона, але само паведамленне не паказаў. Я папрасіў афіцыйную позву на апытанне мяне ў якасці сведкі пра чарговае “мініраванне” і адразу напісаў заяву з просьбай разабрацца, хто выкарыстоўвае мой нумар тэлефона ў такіх небяспечных гульнях. Проста не разумею, няўжо ў нашай ІТ-краіне складана знайсці злоснага хулігана?” — выказаў свой сумнеў у гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ” Андрэй Павук.
Пераназначая сустрэча Андрэя Павука з Віктарам Карпянком не адбылася — супрацоўнік міліцыі ў прызначаны час быў на выездзе. 16 траўня ў міліцыю Павука не выклікалі. Але пытанні ў блогера засталіся: яго імя ўжо другі раз звязваюць з ілжывым мініраваннем.
Нагадаем, 20 сакавіка Андрэй Павук быў затрыманы за так званае “мініраванне” Акцябрскага райвыканкама. Ілжывае паведамленне паступіла на электронную пошту Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС. У кватэры Павука адбыўся ператрус, у выніку якога міліцыянты забралі аргтэхніку. Следчы камітэт завёў крымінальную справу па ч. 1 артыкула 340 па факце паведамлення пра мініраванне райвыканкама, у якой блогер Павук стаў галоўным падазраваным.
Прыкладна праз месяц крымінальны пераслед у дачыненні блогера спынілі, частку тэхнікі вярнулі, апроч партатыўнай відэакамеры, флэшак і двух мабільных тэлефонаў — Андрэевага і яго жонкі. Іх усё яшчэ нібыта правяраюць.
Дзеянні сілавікоў блогер Павук абскарджваў раённаму і абласному пракурорам. Аднак ніводзін з іх не знайшоў падставаў для пракурорскага рэагавання. У прыватнасці, пракурор Гомельскай вобласці Віктар Марозаў замест высновы пра дастатковасць падстаў на ператрус і крымінальную справу супраць блогера, у адказе № 19/40-2019/4863 за 10 траўня спаслаўся на небяспеку для жыцця і здароўя людзей паведамленняў пра мініраванне.
І вось зноў імя блогера Павука звязваюць з “мініраваннем”, гэтым разам будынка суда ў Мазыры.
“Выглядае гэта помстай за мае частушкі і крытыку ўладаў у маім блогу і ў навінах створанай мной суполкі «Рудабельская паказуха». Мусіць з мяне хочуць зрабіць гэткага “штатнага мінёра», каб у любым зручным выпадку тузаць і трымаць на павадку. Не здзіўлюся, калі гэта і ёсць адзін з варыянтаў уладнага рэгулявання Байнэту, пра які ўслых не гавораць”, — кажа блогер Андрэй Павук.