“Блакіроўка Telegram-каналаў — удушэнне свабоды слова”. Мінінфарм заклапаціўся сваімі “рупарамі”
Улады Беларусі б’юць трывогу з нагоды “непрыхаванага ціску” на штатных прапагандыстаў. Падставай для “глыбокай заклапочанасці” стала рашэнне адміністрацыі Telegram забаніць “трыбуны” шэрагу журналістаў афіцыйных СМІ.
Tак, на патрабаванне кампаніі Apple пад бан трапілі беларускі карэспандэнт Russia Today Канстанцін Прыдыбайла (19,4 тысяч падпісчыкаў), журналіст “Сталічнага тэлебачання” Рыгор Азаронак (12,5 тысяч падпісчыкаў), вядоўца тэлеканала “Беларусь 1” Ксенія Лебедзева (5,2 тысяч падпісчыкаў), а таксама праўладныя групы «Я/Мы Амон», “Шкварка News”, “Людажор”.
Яны не адчыняюцца з прыладаў з iOS і з Android, а таксама і ў дэсктопных версіях месенджара. Карыстальнікі iPhone бачаць, што падставай для блакіроўкі стала парушэнне правілаў размяшчэння мабільных праграм у App Store.
Як удакладніў заснавальнік Telegram Павел Дураў, ад амерыканскай кампаніі прыйшла скарга на “паклёпніцкія і дыскрымінацыйныя” допісы праўладных журналістаў, якія «прыніжаюць чалавечыя гонар і годнасць».
“На патрабаванне Apple мы заблакавалі на iPhone/iPad некалькі звязаных з Беларуссю рускамоўных каналаў сумарнай колькасцю 80 тысяч падпісчыкаў. Адміністратары яшчэ некалькіх падобных пляцовак колькасцю да 50 тысяч падпісчыкаў атрымалі папярэджанні ад нашай каманды аб парушэнні правіл Apple”, — адзначыў ён у афіцыйным тлумачэнні.
Павел Дураў заклікаў максімальна сур’ёзна ўспрымаць папярэджанні, у адваротным выпадку парушальнікаў чакае блакаванне ў версіях Telegram, якія распаўсюджваюцца праз App Store, Google Play і г. д. «Уцёкі” ў іншыя мабільныя прыкладанні не дапамогуць, бо любая іншыя пляцоўка абавязана выконваць агульныя правілы.
У якасці прыкладу, не робячы адрасную рэкламу, ён расказаў: пасля паўторнага парушэння мадэратары выдалілі расійскамоўны канал, які заклікаў “рэзаць” і “расстрэльваць” мірных людзей. Атрымаўшы апавяшчэнне аб недапушчальнасці падобнага кантэнту, уладальнікі зноў прадублявалі паведамленне, суправадзіўшы яго скрыншотам папярэджання. “Але так рабіць не варта: правілы Telegram забараняюць публічныя заклікі да гвалту”, — даходліва патлумачыў топ-менеджар.
Раней Telegram неаднаразова блакаваў каналы, набліжаныя да сілавых структур — у прыватнасці, падраздзяленне ГУБАЗіК пры МУС, дзе рэгулярна публікаваліся “пакаяльныя відэа” з затрыманымі апанентамі рэжыму.
Міністэрства інфармацыі Беларусі, якое моўчкі ўхваляе блакіроўкі сайтаў незалежных выданняў і ледзь не штодня папаўняе спіс “экстрэмісцкіх матэрыялаў”, гэтым разам не на жарт узбудзілася. У адмысловай заяве кіраўніцтва ведамства называе прапагандыстаў “патрыётамі”, а наступ на сваіх “вяшчальнікаў” — “удушэннем свабоды слова”.
“Министерство информации расценивает факт блокировки администрацией приложения Telegram ряда белорусских каналов патриотической направленности как очередное подтверждение продолжающегося информационного давления на нашу страну”, – гаворыцца ў апублікаваным дакуменце.
Не маючы ніякай самастойнасці ў прыняцці рашэнняў і даўно падзяліўшы прэсу на “чэсную” і “нячэсную”, Міністэрства нфармацыі раптам згадала пра “плюралізм меркаванняў”. Праўда, выключна ў дачыненні да сваіх прапагандыстаў.
“Подобная практика информационных зачисток неугодных цифровым гигантам каналов и аккаунтов с большой читательской аудиторией, стремящихся донести своим подписчикам правдивую информацию, бесспорно, не способствует укреплению доверия к таким платформам и является ярким примером удушения свободы слова и плюрализма мнений в сети Интернет”, – падсумоўваецца ў заяве па выніках выпраўлення ў бан адыёзных “рупараў” цяперашняй улады.
Тым часам імкліва разрастаецца “чорны спіс” рэсурсаў, няўгодных самому Мінінфарму. Найменні забароненай інфармацыйнай прадукцыі сістэматызуюцца на сайце гэтай дзяржаўнай установы.
Толькі за два апошнія гады ад пачатку татальнага “выкарчоўвання” усялякай альтэрнатыўнай думкі колькасць носьбітаў “экстрэмісцкіх матэрыялаў” набліжаецца да паўтары сотні. Акрамя таго, звыш 90 СМІ, телеграм-каналаў, абʼяднанняў і фондаў абвешчаныя “экстрэмісцкімі фармаваннямі”.
У адпаведнасці з абноўленым заканадаўствам любая супраца з рэдакцыяй альбо падпіска на такія рэсурсы, нават проста лайк пад пастом, цягнуць на адміністрацыйную ці крымінальную адказнасць у залежнасці ад “глыбіні заангажаванасці”.
Чытайце яшчэ:
Трымаюцца бадзёра, не губляюць надзеі: сабралі навіны ад калег-палітвязняў
Урад ЗША прывітаў вызваленне Алега Груздзіловіча
Гродненская журналистка выпустила дебютный сборник «Домік добрай казкі»