Беларускі журналіст хітрасцю выведаў у расійскіх “наймітаў” месца пастою пад Слонімам
Спецыяльны карэспандэнт праекта "Беларускі Гаюн" звязаўся з расійскімі наймітамі ў Беларусі і выведаў інфармацыю пра іх колькасць і месца дыслакацыі.
Як расказалі ў спецыялізаваным тэлеграм-канале, дзе публікуюцца звесткі пра саўдзел Узброеных сіл Беларусі ў ваенным канфлікце ва Украіне, журналісту рэсурсу ўдалося высветліць цікавыя абставіны побыту раскватараваных на беларускіх палігонах расійскіх вайскоўцаў.
Паводле журналіста, які паразмаўляў з расіянамі, кантакт адбыўся выпадкова — у адным з паблікаў яны размясцілі тэрміновае паведамленне з просьбай дапамагчы транспартаваць зламаны аўтамабіль. Карэспандэнт ад імя «неабыякавага грамадзяніна» прапанаваў свае паслугі.
Так пачаўся дыялог. У прыватнасці, салдаты паскардзіліся, што “сталі колам” ля крамы Delfa ў Баранавічах, “здох рухавік”, таму трэба іх адбуксіраваць у раён Слоніма.
“Скінулі нам фота аўто — белая “Ніва” 2329, 2000 год выпуску. Дзяржнумар м661тм-21 з рэгістрацыяй Чувашскай рэспублікі, дакладней, горад Ядрын. Пакуль мы нібыта спяшаліся на дапамогу, адбылася шчырая гутарка. Салдаты прызналіся, што не ведаюць колькі яшчэ будуць у Беларусі: маўляў, саміх ужо ўсё дастала, хочацца дадому, да сям’і. А на пытанне – па мабілізацыі тут ці неяк інакш – суразмоўца адказаў лаканічна: «Наёмнікі». Іншымі словамі, пайшлі на службу паводле кароткатэрміновага кантракту», – распавёў журналіст парталу.
Словаахвотныя “найміты” расказалі, што праходзяць навучанне на палігоне “Абуз-Лясноўскі”, там іх прыкладна 700 чалавек – пяхота, танкісты, артылерысты. А месца пастаяннай дыслакацыі – гэта вёска Чэпелева Слонімскага раёна, куды, уласна кажучы, і трэба было патрапіць.
Журналісту таксама ўдалося выведаць, што вайскоўцам загадзя вядома, куды канкрэтна іх адпраўляюць ва Украіну. У прыватнасці, ахвотна падзяліліся, што, напрыклад, на Херсонскім напрамку стаялі БАРСы – так званыя рэзервісты баявога армейскага рэзерву Узброеных сіл Расіі.
Карэспандэнт «Беларускага Гаюна» таксама спраўдзіў праз сваіх суразмоўцаў, што на самым пачатку вайны, у сакавіку 2022 года, у шпіталях Мазыра сапраўды знаходзілася вялікая колькасць параненых расійскіх салдат і афіцэраў.
Інфармацыйны рэсурс адзначае, што гэта не ўсе падрабязнасці міжвольнага шчыравання “наймітаў”, неўзабаве з’явяцца новыя цікавыя эпізоды.