Беларуская амбасада ў Расіі “цвёрда ўказала” кіраўніцтву “РЕН-ТВ” на негатыўны характар сюжэта пра Беларусь
Амбасада Беларусі ў Расіі правяла сустрэчу з кіраўніцтвам тэлеканала “РЕН-ТВ”, у часе якой было “цвёрда ўказана на відавочны негатыўны характар” нядаўняга відэасюжэта пра сэкс-турызм у Беларусі.
Гэта вынікае з адказу намесніцы міністра замежных спраў Беларусі Алены Купчыной, які аказаўся ў распараджэнні прэс-службы ГА “БАЖ”.
Паводле дакумента, Міністэрства замежных спраў на сталай аснове ажыццяўляе маніторынг матэрыялаў пра Беларусь у замежных СМІ, і цяпер інфармацыйная палітыка “РЕН-ТВ” па беларускай тэматыцы “будзе адсочвацца асабліва ўважліва”.
14 верасня г.г. у эфіры “РЕН-ТВ” паказалі сюжэт пра нібыта наяўнасць у Беларусі і Украіне шырокага рынку сэксуальных паслугаў.
“Когда падает экономика, секс-туризм становится важной статьёй дохода. Гривны и белорусские рубли, которые иностранцы оставляют в Киеве и Минске, – доходная статья бюджета стран бывшего СССР”, – гаварылася ў сюжэце аўтарства Вячаслава Нікалаева і Дар’і Суздаль. Матэрыял выклікаў рэзананс у беларускай прэсе.