«Бажынкі-2014»: «Медыямарафон», «Аngry JAB», яйкі, катамараны і Валерый Шчукін
8-9 жніўня па Гомелі і яго ваколіцах пракаціўся карпаратыўны фестываль ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.
На сёлетні фэст запісалася каля трох дзесяткаў адважных і нястомных БАЖаўцаў з Мінска, Брэста, Маладзечна, Горак, Барысава, Глыбокага і Баранавічаў, якія палічылі, што адлегласці не павінныя перашкаджаць жуналісцкаму яднанню. Адвагу і нястомнасць прадэманстравалі не толькі лёгкія на пад’ём маладзёны, але і заслужаныя БАЖаўцы сталага веку – Валерый Аляксеевіч Шчукін, напрыклад, запісаўся на фэст адным з першых.
Першы з двух насычаных дзён распачаўся “Медыямарафонам” па Гомелі: на працягу чатырох гадзін пяць журналісцкіх каманд гойсалі па абласным цэнтры, рыхтуючы матэрыялы на зададзеную “штабам” тэму.
Вынікі творчасці арганізатары ўвечары накіравалі на суд прадстаўнічага журы ў складзе Людмілы Атчанашанка, Аляксандра Тамковіча, Аляксандра Коктыша, Сяргея Балая і Змітра Лукашука, якое ацаніла творчасць калег па 5‑бальнай сістэме і вызначыла пераможцаў. (Вынікі “Медыямарафона” падводзіліся ў суботу.)
Добра папрацаваўшы, “марафонцы” перайшлі да якаснага адпачынку.
Лагодныя рачныя хвалі, маляўнічы краявід, гомельскія прысмакі і феерычныя выступы гурта «Ягорава Гара» і Вольгі Цярэшчанка ў месяцовым святле дапамаглі стрэсці дзённую стому і адкрылі «другое дыханне», так што спаць клаліся позна…
Другі дзень быў не менш насычаны: адразу ж пасля сняданку пачаліся спартовыя і… каляспартовыя мерапрыемствы.
Пасля вясёлых спаборніцтваў каманды пачалі рыхтавацца да прэзентацыі. Кожная мусіла прыдумаць сабе назву, сімвал і дэвіз, а таксама распавесці калегам, як ім разам працавалася ў палявых умовах днём раней.
Пасля прэзентацыі надышоў час узнагародаў. Паводле журы, самы ўдалы матэрыял атрымаўся ў каманды Таццяны Смоткінай, Настассі Роўда, Руслана Гарбачова і Барыса Гарэцкага, якія даследавалі асартымент прадуктаў на гомельскіх рынках (куратарам ад Гомеля выступаў Мікалай Гарбачоў). ЧЫТАЦЬ МАТЭРЫЯЛ
На другім месцы апынулася каманда Ларысы Шчыраковай, Алега Агеева, Антона Сурапіна і Ігара Дароніна (куратарам ад Гомеля выступаў Леанід Судаленка). Яна шукала ў Гомелі мясцовую цікавостку – шакаладныя пяльмені. ЧЫТАЦЬ МАТЭРЫЯЛ
Трэцяе месца заняла каманда Галіны Буднай, Аляксандра Зянкова, Валянціна Міхальцова і Генадзя Кеснера (куратарам ад Гомеля выступаў Яўген Якавенка). Каманда, праўда, змяніла зададзеную тэму – замест гомельскіх скейтбардыстаў, якіх з‑за гарачыні ў горадзе не знайшлося, журналісты распыталі пра жыццё бабульку, якая зарабляе вулічным граннем на гітары… лямпачкай. ЧЫТАЦЬ МАТЭРЫЯЛ
Акрамя гэтага, па традыцыі шляхам апытання ўдзельнікаў былі вызначаныя «Містэр БАЖынкі» і «Міс БАЖынкі» – Анатоль Гатоўчыц і Ларыса Шчыракова, а таксама «Віцэ-містэр», і «Віцэ-міс» – Яўген Валошын і Настасся Роўда. Як заўжды, хлопцы выбіралі «Міс», а дзяўчаты – «Містэраў».
Як зазначыў на развітанне кіраўнік Гомельскай філіі ГА “БАЖ” Анатоль Гатоўчыц, варта часцей праводзіць “БАЖныя” мерапрыемствы ў рэгіёнах. “Вось у наступным годзе – зноў Гомель, а пасля ўжо можна і іншыя месцы апрабаваць”, – бадзёра рэзюмаваў гасцінны гаспадар.