• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Барыс Хамайда атрымаў імянную зорку ад віцебскіх БАЖаўцаў

    Напярэдадні 20-годдзя ГА “БАЖ” віцебскія журналісты заснавалі сімвалічную “Алею беларускіх зорак”. І вырашылі, што самая першая зорка мусіць знаходзіцца ў тым месцы, дзе найстарэйшы актывіст Барыс Хамайда распаўсюджвае незалежную прэсу.

    Спадар Хамайда атрымаў “Сертыфікат” пра тое, што на сімвалічнай алеі “запалілася” першая зорка, якая носіць ягонае імя – “Зорка Барыса Хамайды”. У “Сертыфікаце” пазначана месца знаходжання зоркі – каля дома №28 па вуліцы Леніна. Сюды распаўсюднік выходзіць штодня, і яго можна здалёк пазнаць па знакамітым бел-чырвона-белым парасоне. Сёння мінакі спыняліся, і каб разгледзець “Сетыфікат”, які распаўсюднік паставіў на сваім “працоўным месцы”.

    “Зорка Барыса Хамайды” пакуль што віртуальная, і ўбачыць яе можна толькі на фотакалажы, створаным агульнымі творчымі намаганнямі.  І сама “Алея зорак” пакуль што існуе толькі на гэтым фотакалажы. Але віцебскія БАЖаўцы перакананыя, што мужнасць і прынцыповасць Барыса Хамайды сапраўды вартыя таго, каб усталяваць на гэтым месцы нейкі памятны знак.

    Барыс Хамайда распаўсюджвае незалежную прэсу ў Віцебску ўжо не адно дзесяцігоддзе. Ен быў рэдактарам газеты “Выбар” – аднаго з першых гарадскіх дэмакратычных выданняў. А калі газету закрылі, ён стаў распаўсюднікам прэсы – незаменным правадніком вольнага слова ва ўмовах, калі падпіска на некаторыя выданні была скасаваная, і “Белсаюздрук” адмаўляўся іх распаўсюджваць. Яго шмат разоў затрымлівалі і штрафавалі, але прынцыповасць ніколі не пакідала Барыса Ханонавіча: ён штодня раскладаў свой столік, а на ім – газеты і часопісы для неабыякавых віцяблян.

    Што да “Алеі зорак”, то яна хоць і віртуальная, аднак кожны, хто захоча, можа на яе трапіць. І нават на ёй сфатаграфавацца. Дастаткова даслаць свой здымак для фотамантажу ў суполку “Нашы ў горадзе” на “Фэйсбуку”. Такі “інтэрактыўны атракцыён” віцебскія бажаўцы падрыхтавалі да юбілею арганізацыі.  

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці