Ашмянская мытня не знайшла экстрэмізму і вяртае ноўтбук праваабаронцу
Намеснік начальніка Ашмянскай мытні Леанарда Локцева прапанавала гомельскаму праваабаронцу Леаніду Судаленка прыехаць і забраць ноўтбук ды іншыя друкаваныя матэрыялы, якія мытнікі адабралі 25 мая бягучага году, зладзіўшы праваабаронцу ў памежным пераходзе “Каменны Лог” выключную меру мытнага дагляду – асабісты дагляд, дагляд яго аўтамабіля і дагляд багажу.
Праваабаронца, які вяртаўся з літоўскай сталіцы, дзе прымаў удзел у форуме некамерцыйнага права не пагадзіўся з адвольным адабраннем асабістага кампутара, а таксама друкаванай прадукцыі і па прыбыцці ў Гомель падаў скаргу ў суд Ашмянскага раёна. Суд Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці рашэннем ад 7 жніўня 2015 года ў задавальненні пададзенай скаргі на незаконную канфіскацыю ноўтбука і друкаванай прадукцыі адмовіў.
Леанід Судаленка ў сваю чаргу падаў касацыйную скаргу ў Гродзенскі абласны суд, у якой прывёў аргументы нязгоды з рашэннем папярэдняй інстанцыі.
«Я па-ранейшаму лічу дзеянні мытнікаў незаконнымі і неправамернымі, якія абмяжоўваюць мае правы на свабоду атрымання, захоўвання і распаўсюду інфармацыі. Мне так і не патлумачылі, для дасягнення якой мэты абмежавалі мае правы. Спасылка супрацоўнікаў мытні на нормы нацыянальнага заканадаўства, выкладзеныя ў пратаколе, у прыватнасці на Мытны кодэкс супярэчаць маім правам, замацаваным у артыкулах 23 і 34 Канстытуцыі, а таксама ў артыкуле 19 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, «- упэўнены Судаленка.
Ашмянская мытня паведамляе праваабаронцу аб заканчэнні праверкі і запрашае прыбыць за канфіскаванымі ноўтрукам ды друкаванай прадукцыяй. Калі ж ён адмовіцца забіраць, то мытня будзе звяртацца ў суд з пытаннем аб прызнанні тавару безгаспадарным. У лісце ў адказ начальніку мытні Леанід Судаленка, з улікам аддаленасці месца жыхарства, прапанаваў даслаць канфіскаваныя ноўтрук ды друкаваныя матэрыялы паштовай бандэроллю.
Патрэбна дадаць, што ў 2010 годзе Ашмянскія мытнікі таксама парушалі права Леаніда Судаленка на свабоду атрымання, захоўвання і распаўсюд інфармацыі, што падцьвярджаецца рашэннем КАмітэту ААН па правах чалавека №2114/2011 (Судаленка супраць Беларусі) аб канфіскацыі ў яго напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 года Ашмянскай мытняй у пункце пропуску «Каменны Лог» друкаванай прадукцыі. У гэтай справе міжнародныя эксперты усталявалі парушэнне правоў аўтара на свабоду атрымання і распаўсюджвання інфармацыі, абавязаўшы Беларусь не дапускаць падобных парушэнняў у будучыні.