• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Апеляцыю журналіста Генадзя Мажэйкі адхілілі

    16 чэрвеня разглядалася апеляцыйная скарга ад імя экс-карэспандэнта рэдакцыі газеты «Комсомольская  правда» в Беларуси» Генадзя Мажэйкі. Вярхоўны суд пакінуў ранейшы вырак у сіле. Сёлета ў сакавіку Мінскі гарадскі суд пакараў журналіста 3 гадамі зняволення ў калоніі агульнага рэжыму.

    Абарона былога супрацоўніка папулярнага расійскага выдання з офісам у Мінску аспрэчвала ў Вярхоўным судзе два крымінальныя артыкулы, на падставе якіх ён пакараны судом першай інстанцыі. Гэта арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці) і арт. 368 КК (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь).

    На разгляд апеляцыі быў прызначаны суддзя Уладзімір Чаравач, які ў папярэдніх «палітычных» справах яшчэ ніводнага разу не знайшоў прычын, каб засумнявацца ў кампетэнцыі сваіх калег з гарадскіх ці раённых устаноў. Зрэшты, так здарылася і гэтым разам.

    Як ужо стала звыклай завядзёнкай, самі вязні ў апеляцыйных працэсах не ўдзельнічаюць, а чакаюць канчатковага вердыкту ў следчых ізалятарах. Такім чынам, пры ўдалым раскладзе ўжо сёння адвакат паставіць у вядомасць падабароннага, што неўзабаве яго этапуюць з СІЗА № 1 Мінска ў адну з папраўчых калоній.

    З улікам ужо адбытага тэрміну і беручы пад увагу, што дзень у ізалятары залічваецца як паўтара дня ў калоніі, палітвязень можа выйсьці на волю ўжо да канца гэтага года.

    Генадзя Мажэйку затрымалі ў Маскве 1 кастрычніка 2021 года. Прычынай паслужыў артыкул на сайце газеты «Комсомольская правда» в Беларуси», у якім знаёмая загінулага ад рук байцоў спецпадраздзялення КДБ праграміста Андрэя Зельцэра дала яму станоўчую характарыстыку. Праваахоўнікі палічылі, што нататка спрыяе «ўхваленню тэрарызму».

    Сайт выдання на загад Міністэрства інфармацыі быў неадкладны заблакаваны, а следам расійскае кіраўніцтва медыярэсурсу заявіла пра спыненне дзейнасці ў Беларусі.

    Згодна з тэкстам абвінавачання, «праяўляючы амаральны інтарэс да экстрэмісцкай дзейнасці і з’яўляючыся яе прыхільнікам, дзейнічаючы паводле матываў палітычнай і ідэалагічнай варожасці, у перыяд з 23 чэрвеня 2020 года па кастрычнік 2021-га грамадзянін Мажэйка здзейсніў шэраг злачынстваў».

    Сярод іншага яму паставілі ў віну «абразу прадстаўніка ўлады», пазней перакваліфікаваўшы больш адрасна на «прэзідэнта». Маўляў, падчас сустрэчы з выбарцамі, якую неўзабаве пасля прэзыдэнцкіх выбараў ініцыяваў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валерый Варанецкі, Генадзь Мажэйка, «падтрымліваючы апазіцыйна настроеных удзельнікаў, праводзіў агітацыю супраць дзейнай улады, парушаючы агульначалавечую мараль».

    Справу карэспандэнта беларускай рэдакцыі «Комсомолки» пачалі разглядаць у Мінскім гарадскім судзе 1 снежня 2022 году, працэс вяла Таццяна Фалькоўская. Ужо падчас першых пасяджэнняў журналіст заявіў пра абсурднасць абвінавачанняў, адмовіўшыся прызнаваць сябе хоць у чымсьці вінаватым.

    Па ходу працэсу абаронцам удалося прыкласці да справы відэазапіс, з якога вынікае, што журналіст не ўдзельнічае ў дыскусіі, а фразу «…хіба можа нармальны чалавек з аўтаматам бегаць? Гэта ж звар’яцелы вырадак!», якую эксперты Следчага камітэта прыпісалі Генадзю Мажэйку, прамаўляе іншы мужчына. Акрамя таго, шматлікія сведкі пацвярджалі, што журналіст не выкрыкваў ніякіх лозунгаў, канспектуючы цытаты дэпутата і прысутных.

    Пасля некалькіх перапынкаў на лінгвістычныя экспертызы справу пра «абразу» Аляксандра Лукашэнкі вылучылі ў асобную вытворчасць, тым часам абвінавачанне запатрабавала для фігуранта 3 гады зняволення. Сёлета 23 сакавіка Таццяна Фалькоўская прапанаваны тэрмін ухваліла ў поўным аб’ёме.     

    Дзеля справядлівасці, так і засталося загадкай, па якой колькасці артыкулаў урэшце пакаралі Генадзя Мажэйку. Прынамсі перад пачаткам пасяджэння на сайце Вярхоўнага суда было пазначана, што 16 чэрвеня разглядаліся апеляцыйныя скаргі на прысуд як за «распальванне варожасці», так і за «абразу прэзідэнта».  

    Чытайце яшчэ:

    Як правяраюць расследаванні. Кароткі гайд ад фактчэкера OCCRP

    Андрэй Бастунец: Незалежныя медыі ачомаліся, але, калі сітуацыя не зменіцца, трэба думаць, як жыць далей

    «Поют в ту же дуду». Почему белорусский официоз стал популярным у многих россиян

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці