Анджэй Пачобут пра будучы суд: “Чаканне можа расцягнуцца на два месяцы”
Палітзняволены журналіст і актывіст незалежнага Саюза палякаў Беларусі Анджэй Пачобут даслаў ліст на волю. У ім журналіст паведамляе, што ягоную справу павінны перадаць у Генеральную пракуратуру, адтуль — у Вярхоўны суд, а затым у адзін з абласных судоў. Куды канкрэтна — пакуль невядома.
“Цяпер чакаю звестак, дзе і калі справу будуць разглядаць. Гэта чаканне можа расцягнуцца нават на два месяцы. Ну ды ладна. Куды б не перадалі, розніцы вялікай няма”, — піша Анджэй.
Анджэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года ў Гродне па так званай “польскай справе” разам з іншымі актывістамі Саюза палякаў Беларусі. За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў “распальванні варожасці па нацыянальнай прыкмеце”. У матэрыяле Пачобут назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу 17 верасня 1939 года.
Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуруюць заявы журналіста ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкул пра падаўленне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 года пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гродзеншчыне.
За артыкул “аб распальванні варожасці” (арт. 130 КК) Анджэю пагражае ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі. Таксама журналіста абвінавацілі ў закліках да санкцый супраць Беларусі (арт. 361 КК).
5 верасня Анджэй Пачобут скончыў знаёміцца з матэрыяламі справы. Нягледзячы на вялікі аб’ём, на гэта яму далі толькі месяц. Таму журналіст, каб паспець прачытаць як мага больш, нават адмовіўся ад абеду: чытаў ад ранку да вечара.
Чытайце яшчэ:
“Кінакрытыкі ёсць, а кінакрытыка знікла”. Гутарка з Ірэнай Кацяловіч
Андрэй Пачобут: «Я не маю ніякіх ілюзій наконт прысуду»
Як мінімум у трох гарадах Беларусі апошнімі днямі адбыліся выклікі на допыт і ператрусы у рэгіянальных журналістаў