Андрэй Бастунец: Кіраўнікі дзяржаўных СМІ дэманструюць неапраўдана шырокія абмежаванні для кандыдатаў у дэпутаты
Кіраўнік ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Андрэй Бастунец вечарам 30 кастрычніка прыняў удзел у пасяджэнні Назіральнай рады па кантролю за выкананнем парадку і правілаў правядзення перадвыбарчай агітацыі ў СМІ. Падчас пасяджэння разглядалі скаргі трох кандыдатаў, іх відэазвароты былі знятыя з эфіраў. Таксама разглядалі адзін факт зняцця з радыёэфіру выступу кандыдата. Аднак скаргі па гэтаму выпадку не было.
Журналістаў на пасяджэнне не дапусцілі.
Андрэй Бастунец мяркуе, што адмова ў допуску ў эфір выступаў кандыдатаў у дэпутаты — парушэнне выбарчага заканадаўства. Кіраўніцтва дзяржаўных СМІ ўгледзела ў згаданых выступах і распальванне нацыянальнай варожасці, і абразу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, але, паводле кіраўніка ГА «БАЖ», гэта — вынік размытых тлумачэнняў.
«Рэдакцыі СМІ даюць плошчу ці эфірны час для размяшчэння кандыдатамі сваіх праграм. І не маюць права ўмешвацца ў сэнс паведамленняў, акрамя выключных выпадкаў. Большасць прысутных вырашылі, што гэта былі тыя самыя выключныя выпадкі. Такі падыход да выступаў кандыдатаў — вынік занадта шырокай трактоўкі абмежаванняў свабоды выказвання. Мая пазіцыя такая: трэба ісці дакладна за тым, што напісана ў Кодэксе. Таксама трэба глядзець, як тыя ці іншыя тэрміны вызначаюцца ў міжнародных дакументах.
Супрацьлеглая пазіцыя была і ў тым, што трэба апеляваць і да Закона аб СМІ. А Закон аб СМІ ў нас вельмі размыта вызначае абмежаванні: забаронена ўсё, што забаронена. Разам з тым у Выбарчым кодэксе абмежаванні прапісаныя дакладна.
Я выступаў супраць неапраўдана шырокіх абмежаванняў, якія дэманстравалі кіраўнікі дзяржаўных медыя», — распавёў Андрэй Бастунец.
Нагадаем, выступ кандыдата ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзіміра Няпомняшчых з Гомеля не пусцілі ў эфір тэлеканала «Беларусь 3». Няпомняшчых перакананы, што яго запіс не пайшоў у эфір, бо першым пунктам яго перадвыбарчай праграмы запісаны “імпічмент Лукашэнку”.
Тэлерадыёкампанія “Гомель” таксама не пусціла ў эфір тэлеканала “Беларусь 3” перадвыбарчы тэлевыступ кандыдата ад Партыі БНФ у Мазырскай выбарчай акрузе № 42, актывіста руху “Еўрапейская Беларусь” Міхася Бандарэнкі.
Забарону на трансляцыю ў эфіры свайго тэлевыступу Міхась Бандарэнка звязвае з выказваннем пра існаванне ў Беларусі дыктатуры і пра неабходнасць Лукашэнку сысці.
Выступленне кандыдаткі ў дэпутаты парламента ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ірыны Давідовіч знялі з эфіру дзяржаўнага тэлеканала “Гродна” 23 кастрычніка.
Кіраўнік тэлерадыёкампаніі “Гродна” Мікалай Мельячэнка распавёў, што Ірына Давідовіч парушыла закон і абразіла беларусаў: «Парушыла артыкулы закона пра выбары. Былі недапушчальныя рэчы ў яе выступленні. Рэчы абразлівага характару, якія датычацца грамадзян Беларусі, будаўнікоў Беларускай АЭС і кіраўніцтва краіны. Таму было прынятае рашэнне зняць яе выступленне з эфіру».
Яшчэ адна справа Назіральнай радай разбіралася без скаргі — быў зняты выступ з трансляцыі на радыё. Бастунец сказаў, што да зместу гэтага запісу сапраўды ёсць пытанні.
Бастунец адзначае, што гаварыў пра доступ журналістаў на пасяджэнні Назіральнай рады пры ЦВК, але было агучана, што малое памяшканне і журналісты будуць перашкаджаць нармальнай працы.
Парламенцкія выбары пройдуць у Беларусі 17 лістапада.
Маніторынг асвятлення ў СМІ парламенцкіх выбараў 2019 года
Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!