Андрэй Бастунец другі раз узяў удзел у запісе “Клуба рэдактараў”
Перадача мае выйсці ў эфір у бліжэйшую нядзелю 13 сакавіка на тэлеканале “Беларусь 1”.
Апроч Андрэя Бастунца ў запісе перадачы ўзялі ўдзел галоўны рэдактар “Аргументы и факты в Беларуси” Ігар Сакалоў, галоўны рэдактар “СБ. Беларусь Сегодня” Павел Якубовіч, генеральны дырэктар агенцтва “Минск-Новости” Кацярына Дубінская і старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька.
– Даволі шмат часу ў перадачы мы прысвяцілі і тэме самацэнзуры ў СМІ, і папярэджанням, якія на мінулым тыдні атрымалі сайты двух беларускіх выданняў. Таксама размова ў гэтым выпуску пайшла пра магчымасць адмены смяротнага пакарання і пенсійную рэформу.
Я лічу пазітыўным момантам тое, што прадстаўнікі незалежных медыяў атрымалі нарэшце магчымасць выказвацца адносна сітуацыі ў краіне і падзей у галіне СМІ ў эфіры Белтэлерадыёкампаніі. Спадзяюся, гэта не абмяжуецца толькі двума апошнімі запрашэннямі, – расказаў Бастунец прэс-службе ГА “БАЖ”.
Нагадаем, 12 лютага група журналістаў накіравала на адрас старшыні Белтэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзькі ліст з просьбай даць ім магчымасць выказацца ў “Клубе рэдактараў”. Ліст падпісалі галоўны рэдактар TUT.BY Марына Золатава, шэф-рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Дынько, шэф-рэдактар “Народнай Волі” Святлана Калінкіна, галоўны рэдактар інтэрнэт-газеты “Салідарнасць” Аляксандр Старыкевіч і старшыня ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец. Пасля гэтага старшыня ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец быў запрошаны і прыняў удзел у запісе перадачы 26 лютага.