Аляксандр Тамковіч прэзентаваў кнігу “Філасофія дабрыні. Ад катастрофы да сада надзеі” (фотарэпартаж)
Выданне апавядае пра дабрачынныя праграмы, якія дапамаглі многім тысячам пацярпелых беларусаў прайсці аздараўленне пасля чарнобыльскай катастрофы. І ў першую чаргу – пра дабрачынны фонд “Дзецям Чарнобыля”, заснаваны Генадзем і Ірынай Грушавымі.
На 352‑х старонках сабраная падрабязная інфармацыя пра працу фонда, дапамогу замежных краін і дабрачынных арганізацый у справе ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы.
– Гэта кніга не пра бэры, бекерэлі альбо радый са стронцыем. Гэта кніга – пра людзей. Пра тых, хто сваёй чуласцю да чужога болю дапамагаў выратаваць генафонд беларускай нацыі. Гэта падзяка тым, хто ў цяжкую хвіліну не пашкадаваў свайго здароўя дзеля здароўя іншых. Гэта кніга пра філасофію дабрыні, – расказаў на прэзентацыі ў Міжнародным адукацыйным цэнтры ІВВ аўтар Аляксандр Тамковіч.
Афіцыйна адкрыў прэзентацыю надзвычайны і паўнамоцны пасол Германіі ў Беларусі Петэр Дэтмар.
– Да 30-годдзя аварыі на ЧАЭС аўтар падводзіць вынікі той дапамогі, якая трапляла з Германіі ў Беларусь ад розных людзей і арганізацый, па розных каналах, але з адным памкненнем. Дапамогі ў вельмі шырокім маштабе. Перад тварам катастрофы Германія праявіла гатовасць аказаць дапамогу, размах якой аказаўся практычна ўнікальным. Адзінай мэтай гэтай дабрачыннасці было жаданне дапамагчы пацярпелым людзям у вашай краіне, – заявіў Петэр Дэтмар.
– Кніга Аляксандра Тамковіча вельмі пераклікаецца з Чарнобыльскімі дзённікамі Святланы Алексіевіч, за якія ў тым ліку яна была ўзнагароджаная Нобелеўскай прэміяй па літаратуры. Чарнобыль стаў вырашальным паваротам у лёсах мільёнаў людзей. Для многіх з іх гэты новы адлік часу ўсё яшчэ працягваецца. І пра гэта таксама кніга паважанага аўтара Аляксандра Тамковіча, – дадаў дыпламат.
Удзел у прэзентацыі ўзялі шматлікія героі выдання, як з Беларусі, так і з Германіі. Сярод іх – удзельнікі і арганізатары чарнобыльскіх праграм, іх актывісты, журналісты, грамадскія дзеячы.
– Я задумаў гэта выданне даўно, яшчэ пры жыцці стваральніка фонда “Дзецям Чарнобыля” Генадзя Грушавога. Пасля заўчаснага сыходу Генадзя Уладзіміравіча ідэю дапамагла рэалізаваць яго ўдава Ірына Львоўна Грушавая, за што я сёння хачу яшчэ раз выказаць ёй вялізную падзяку.
Таксама я вельмі задаволены, што інфармацыйным спонсарам выдання кнігі стала ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. Менавіта журналісты вызваляюць людзей ад міфаў, у тым ліку пра тое, што Чарнобыль – этап, пра які ўжо даўно варта забыцца. А сваё выданне я яшчэ раз прысвячаю светлай памяці Генадзя Грушавога, які з дапамогай калег сапраўды зрабіў немагчымае ў гэтай краіне, – падсумоўвае Аляксандр Тамковіч.