• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Аляксандр Класкоўскі: Шок! Загалоўкі, якія рэальна раздражняюць

    Натуральна, мае ацэнкі суб’ектыўныя, у нейкай ступені гэта пытанне густу. Але ёсць заганы і відавочныя, бясспрэчныя. Паспрабую патлумачыць, што менавіта торгае мяне ў тых ці іншых загалоўках.

    Вядома ж, мода на загалоўкі мяняецца, за апошнія дзесяцігоддзі яны зазналі вялікую эвалюцыю. За часамі маёй прафесійнай маладосці звычайнымі былі варыянты а‑ля “Наперадзе новыя вышыні”, а калі нехта называў матэрыял “Якога колеру шчасце”, то гэта ўвогуле ўважалася за творчую знаходку.

    Інтэрнэт запатрабаваў загалоўкаў разгорнутых, дынамічных, кідкіх, насычаных дзеясловамі ды ключавымі словамі. Карацей, клікабельных.

    Але… Брак крэатыву, цэйтнот ці пагоня за той самай клікабельнасцю спараджаюць плынь кепскіх, каравых або спекуляцыйных загалоўкаў.

    Каб нікога надта не крыўдзіць, падам прыклады без спасылак на крыніцы. За аснову ўзяты рэальныя загалоўкі, але некаторыя трохі перайначаны, каб выглядалі болей тыпова.

    Тут разглядаюцца загалоўкі да інфармацыйных матэрыялаў у інтэрнэт-медыях. Натуральна, што публіцыст, калумніст мае права на свой пакручасты загаловак. Афлайнавыя медыя таксама могуць трымацца іншых канонаў. Хоць сёння, у эпоху канвергентнай, шматплатформеннай журналістыкі найлепей, на мой погляд, усе загалоўкі завострываць пад сеціва.

    Такім чынам — мая класіфікацыя загаловачных хібаў.

    Танная драматызацыя

    Цяпер ужо, дзякуй богу, рэдка пачынаюць загалоўкі з крыклівых слоўцаў “шок!”, “сенсацыя!” і да т.п. Але вось чытаю:

    Трагедыя ў Быхаўскім раёне. Школьнік памёр на ўроку фізкультуры

    Няўжо без слова “трагедыя” чытач не зразумее, што гэта зусім не смешнае здарэнне? Ну, і потым, лішнія знакі прыпынку ў загалоўку — не камільфо з гледзішча пошукавай аптымізацыі.

     

    Сухамятка з прэс-рэліза

    Калі загаловак паведамляе, што на нейкім мерапрыемстве будуць абмеркаваны новыя падыходы ў тым ці іншым пытанні, то не хочацца ні чытаць тэкст цалкам, ні ісці на тое мерапрыемства. Найчасцей такія канцылярскія пасажы механічна капіруюцца з прэс-рэлізаў.

    Або вось:

    На бягучым тыдні у Беларусі чакаюцца мокры снег і моцны вецер

    Цікава, куды ж ён бяжыць, гэты тыдзень?

    А, яшчэ бывае па рэспубліцы чакаюцца. Гэта, мусіць, каб не падумалі, што ў нас манархія.

    Загаловак двоечніка

    У Цэнтральным раёне Мінска апрабіруюць новую мадэль харчавання школьнікаў

    Слоўца апрабіраваць гучыць, канечне, салідна, ды толькі азначае зусім не выпрабаваць, а зацвердзіць, афіцыйна ўхваліць. У тэксце ж гаворка менавіта пра эксперымент. Але ж як сказануў нейкі там раённы вертыкальнік, так журналіст і падаў.

    У рускамоўных загалоўках раз-пораз даводзіцца бачыць по прибытию, турков, РАЙПО ці ВУЗ вялікімі літарамі.

    У друкаваных СМІ такія памылкі звычайна вывуджваюць карэктары, на сайтах жа, што робяцца малымі сіламі, адразу бачна, хто кепска вучыў правілы ў школе, а цяпер лянуецца зазіраць у слоўнік.

     

    Двукоссі для ідыётаў

    Перабор двукоссяў надае выданню правінцыйны выгляд. Але некаторыя аўтары ды рэдактары думаюць, што такім чынам яны, наадварот, дэманструюць тонкае веданне мовы. Таму вылучаюць любое пераноснае значэнне слова, хоць яно даўно зафіксавана ў слоўніках.

    На межах Беларусі “захрасла” больш за тысячу фур

    Беларусь “збівае” цану АЭС

    Бузава паставіла “тлустую кропку” на пошуку жаніхоў

    Хакейны трэнер кінуў “камень у гарод” Лукашэнкі

    Але ж кінуць камень у гарод — ідыёма, а ідыёмы ў двукоссе не бяруцца. Тое ж тычыцца і выразу паставіць кропку. Прычым кропку можна паставіць у нейкім працэсе, а на нечым ставяць крыж. І ўсе гэтыя выразы пішуцца без двукоссяў!

    Паэт Міхаіл Святлоў некалі сфармуляваў грубавата, але трапна: “Двукоссе — для ідыётаў”.

    Вы ніколі не задумваліся над такім феноменам: у вуснай мове няма ніякіх двукоссяў, але ж звычайна мы адзін аднаго нармальна разумеем. Адчуваем, дзе фразеалагізм, дзе пераносны сэнс, дзе няўласна-простая мова.

     

    Замазванне геаграфіі

    Іншым разам наўмысна хаваюць, дзе адбылася падзея. Даюць нешта кшталту:

    Прэм’ер пацярпеў у дарожнай аварыі

    Маньяк задушыў дваццаць ахвяр, пакуль яго не спаймалі

    Ад выбуху ў шахце загінула 15 чалавек

    Тут разлік на тое, што матэрыял набярэ болей клікаў, калі частка чытачоў падумае, што гэта здарылася (цьху-цьху!) у нас. Зразумела, што непараўнальна болей хвалююць надзвычайныя здарэнні побач, ва ўласнай краіне, чым недзе на іншым канцы свету.

    Але гэта некарэктны прыём, падманка, несумленная гульня на пачуццях. Калі падзея адбылася за мяжой, то гэта мусіць быць адлюстравана ў загалоўку.

    Ёсць і феномен трохі іншага кшталту. Гэта калі ў рэдакцыі не падазраюць, што жыццё існуе і па-за мінскай кальцавой. Таму даюць загалоўкі кшталту:

    На Сурганава легкавік уляцеў у падземны пераход

    Як быццам усе чытачы мусяць ведаць, што гэта сталічная вуліца.

     

    Выкрык ананіма

    Некаторыя рэсурсы любяць вынесці ў загаловак кавалак фразы, выгук, які невядома каму належыць і якім можна ахарактарызаваць што заўгодна. Прыблізна так:

    “У мяне засталіся кашмарныя ўражанні”

    “Это не передать словами, я до сих пор вспоминаю тот ужас”

    Падобнымі загалоўкамі можна з аднолькавым поспехам апісваць шырокі дыяпазон падзей — ад тэракту да праходжання каланаскапіі. Іншая рэч, калі такая міні-цытата ў загалоўку расшыфроўваецца — тады яна можа зайграць.

     

    Заява Пупкіна

    Раз-пораз чытаеш загалоўкі такога выгляду:

    Пупкін: Нас чакае перыяд нестабільнасці

    І першае пытанне: а хто такі гэты Пупкін, чаму я павінен ягонаму меркаванню давяраць?

    Зразумела, тут можна спрачацца пра крытэрыі знакамітасці той ці іншай персоны. Хтосьці шырока вядомы ў вузкіх колах, і нішавае выданне, разлічанае менавіта на такое кола, можа апераваць у загалоўках прозвішчамі, якія шырокай публіцы нічога не гавораць. Але ў масавых медыях лепей удакладняць хаця б так:

    Палітолаг Пупкін: нас чакае…

    Фінансавы аналітык Пупкін: нас чакае…

     

    Эйджызм

    “Прашу дапамогі”. Дзядуля напісаў ліст міністру аховы здароўя

    Дзядуля-раварыст вылецеў на лабавое шкло мікрааўтобуса

    Бабуля пайшла ў грыбы і прапала

    68-гадовая бабуля стала зоркай Insta­gram

    “Дзядуля”, бабуля” — гэта словы для ўнукаў, а не для СМІ. Калі ж такую фамільярнасць дазваляюць сабе відавочна маладыя аўтары і рэдактары, то ім элементарна нестае такту. Бо людзі сталага веку могуць успрымаць такую лексіку як погляд звысоку, пагарду да сябе. Яны ж вас не называюць смаркачамі, малакасосамі ды падшыванцамі толькі за тое, што вы разы ў тры маладзейшыя.

     

    Раздваенне асобы

    Матацыкліст сутыкнуўся з Cit­roen, байкера павезла хуткая

    Па-першае, не кожны адразу скеміць, што матацыкліст і байкер тут — адзін і той жа чалавек. Па-другое, нашто ўвогуле загрувашчваць загаловак іншай назвай той самай дзейнай асобы? Зноў жа: лішні знак прыпынку.

    Між тым такія загалоўкі-нагрувашчанні чамусьці ўвайшлі ў моду. Вось з тае ж оперы:

    Мінчанін ад суму завёў сабе кабана. На мужчыну паскардзіліся суседзі

    Няўжо першае слова недастаткова арыентуе наконт полу персанажа?

     

    Гульня ў хованкі

    Метэалорагі распавялі, якое будзе надвор’е ў панядзелак

    Натуральна, гэтая танная псеўдаінтрыга разлічана на тое, каб клікнулі: цікава ж, што апранаць. Аднак загаловак інфармацыйнага матэрыялу мусіць адлюстроўваць сутнасць навіны. Навіна ж не ў тым, што метэаролагі адкрывалі рот, а ў тым, што насоўваецца спёка, ураган ці навальніца.

    Пасол Бабіч распавёў пра спектр інтарэсаў Расіі ў Беларусі

    Лепей было б (і гэта ёсць у тэксце):

    Пасол Бабіч: найперш мы вывучаем прадпрыемствы, у якіх маецца расійскі капітал

    Яшчэ адна псеўдаінтрыга:

    Пракуратура абвесціла вынікі праверкі аб ціску КДБ на фігурантаў справы Коржыча

    Ці вось такая канструкцыя:

    Палітолаг спрагназаваў, чаго чакаць у адносінах між Мінскам і Масквой

    І зноў мяне як чытача раздражняе гэта гульня ў хованкі. Ну вынесіце вы ў загаловак квінтэсэнцыю, канкрэтыку! Напрыклад:

    Палітолаг: Пуцін можа пайсці на інкарпарацыю Беларусі, каб захаваць уладу пасля 2024 года

    Калі мяне цікавіць тэма, то я ўсё адно прачытаю паведамленне цалкам, дам вам гэты чортаў клік.

    * * *

    Гэта далёка не ўся мая калекцыя нязграбных, маніпуляцыйных, раздражняльных загалоўкаў. Аднак, мяркую, і гэтага дастаткова, каб вывесці маралітэ. Клікі клікамі, але давайце, калегі, трохі болей паважаць чытачоў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці