• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Алесь Адамовіч: “…Не будзе куды бегчы ў выпадку ядзернага пажару”. У Бабруйску ўшанавалі памяць выбітнага пісьменніка

    Да 25-й гадавіны са дня смерці пісьменніка Алеся Адамовіча бабруйская суполка ГА “БАЖ” зладзіла вечарыну памяці. Ганаровай госцяй стала дачка Алеся Адамовіча Наталля. Яна распавяла бабруйчанам, як укладаліся кнігі бацькі ўжо пасля ягонай смерці, якія выданні яшчэ плануюцца, адказала на пытанні гасцей вечарыны.

    Мерапрыемства прайшло 20 студзеня ў  Бабруйску, у тайм-клубе “1387”.  У падрыхтоўцы ўдзельнічалі таксама інтэрнэт-газета “Бобруйский курьер”, ініцыятыва “Прыпынак Адамовіча”.

    ..бадай што адзіны з пісьменнікаў, які не баяўся казаць чыноўнікам праўду ў твар”

    26 студзеня споўніцца 25 гадоў са дня смерці пісьменніка, публіцыста, грамадскага дзеяча Алеся Адамовіча. Дзяцінства і юнацтва ён правёў у пасёлку Глуша, што за 20 кіламетраў ад Бабруйска. Глушы прысвячаў свае творы, часта ўзгадваў у нататках. У тэстаменце абраў малую радзіму як месца свайго вечнага спачыну.

    Наталля Адамовіч

    Пра Алеся Адамовіча кажуць: постаць еўрапейскага маштабу, разам з Васілём Быкавым — сумленне нашай нацыі, “беларускі Вацлаў Гавэл”, “бадай што адзіны з пісьменнікаў, які не баяўся казаць чыноўнікам праўду ў твар”, зацяты барацьбіт за мір на зямлі, супраць атаму — як ваеннага, так і мірнага, за свабоду слова.

    Алесь Адамовіч — не толькі пісьменнік. Ён працаваў на мяжы літаратуры і журналістыкі. Быў адным з пачынальнікаў жанраў нон-фікшн і вербацім у беларускай літаратуры, публіцыстыцы. Таму ягоная спадчына важная таксама і для журналістаў.

    Адамовіч даваў гісторыі і сучаснасці самой распавядаць пра сябе — галасамі сведкаў падзей. Ён не баяўся падымаць самыя вострыя пытанні, актуальныя як для кожнага чалавека, так і для чалавецтва агулам — вайна, рэпрэсіі, злачынствы супраць чалавека, права кожнага на жыццё, наступствы Чарнобыля.

    “…Не будзе куды бегчы ў выпадку ядзернага пажару” — гэтыя словы пісьменнік Алесь Адамовіч напісаў у 1981 г. у сваёй нататцы “Ад не забій чалавека да не забій чалавецтва”. Да аварыі на Чарнобыльскай АЭС было яшчэ 5 гадоў.

    Панавала ўсеагульнае захапленне “мірным” атамам, але ў той жа час яшчэ не страціла сваю актуальнасць пагроза ядзернай вайны. Пра небяспеку “ваеннага” атаму разважаў Алесь Адамовіч у сваіх артыкулах, эсэ, кнігах (“Катэхізіс ядзернага стагоддзя”, фантастычная аповесць “Апошняя пастараль”, у якой пісьменнік падае сваю візію ўсеагульнай ядзернай катастрофы).

    Як высветлілася, небяспеку можа несці не толькі “ваенны” атам. Шмат хто яшчэ памятае лозунг савецкіх часоў: “Мірны” атам — у кожны дом”. Па жудаснай іроніі лёсу сэнс гэтых словаў занадта літаральна давялося адчуць на сабе сотням тысячаў, а нават мільёнам людзей. “Мірны” атам да сёння ў дамах адселенай Прыпяці, у хатках нашых пакінутых вёсак.

    Алесь Адамовіч першы, як напісана ў прадмове да яго кнігі “Апакаліпсіс па графіку”, пачаў штурм “саркафага” хлусні, які пачаў узводзіцца над Чарнобылем амаль адразу пасля аварыі. 

    Акадэмік Яўген Веліхаў так напісаў пра Адамовіча: “…адным з першых у свеце асэнсаваў і ацаніў маштабы буйнейшай тэхнагеннай катастрофы ХХ ст., яе наступствы для лёсаў яго роднай зямлі і нашай такой невялікай планеты”.

    Адамовіч дамогся перасялення людзей з забруджаных вёсак, аздараўлення дзяцей за мяжой.

     

    Крэаўтыўнае ўшанаванне памяці ад неабыякавых бабруйчан

    Яшчэ на пахаванні, 30 студзеня 1994 года, сябры і калегі Адамовіча прапанавалі, каб на ягонай малой радзіме, у пасёлку Глуша пад Бабруйскам паўстаў музей пісьменніка. Здавалася б, фармальна не супраць і мясцовыя ўлады. Тым больш, выдатна захаваўся будынак аптэкі, у якім працавала маці Алеся Адамовіча, і дзе сям’я жыла падчас вайны. Там і вырашылі зрабіць музей. Аднак цягам усіх гэтых гадоў знаходзіцца перашкода за перашкодай, каб музея не было. Самая галоўная з іх — няма грошай.

    Як можна цікава і хутка зрабіць нешта для ўшанавання памяці, паказаў летась бабруйскі актывіст Андрусь Архіпенка. Разам з камандай ён стварыў у Глушы арт-аб’ект “Прыпынак Адамовіча”, сабраў подпісы і грошы на помнік, які плануецца ўсталяваць ужо сёлета.

    Ініцыятыва “Прыпынак Адамовіча” паўстала ўвесну 2018 года, калі бабруйчанін Андрусь Архіпенка і ягоныя аднадумцы вырашылі ператварыць звычайны аўтобусны прыпынак у вёсцы Глуша ў арт-аб’ект, прысвечаны Алесю Адамовічу. У ініцыятыву ўвайшлі кіраўніца бабруйскай суполкі ГА “БАЖ” Марына Маўчанава і журналісткі, сябры ГА “БАЖ” Алеся Лацінская і Наталля Халанская. Разам неабыякавыя бабруйчане правялі конкурс праектаў прыпынка і спрыялі рэалізацыі самай цікавай ідэі.

    На вечарыне памяці Андрусь Архіпенка распавёў, як у яго ўсё гэта атрымалася, праз якія перашкоды давялося прайсці, як дапамагалі неабыякавыя людзі.

    Макет бюста Адамовіча

    Бабруйская суполка ГА “БАЖ” прэзентавала мультымедыйны праект і невялікі фільм, падрыхтаваны адмыслова да гадавіны. Убачыць яго можна на сайце “Бобруйского курьера”: adamovich.babruysk.by.

    Адмыслова на памятнае мерапрыемства і сустрэчу з Наталляй Адамовіч завіталі госці з Магілёва — Алена, настаўніца рускай мовы і літаратуры, і ейныя вучні. Яны захапіліся Адамовічам як драматургам. Зараз рыхтуюць свой бук-трэйлер да аповесці “Нямко”. Самі ж вучні будуць і акторамі, і рэжысёрамі, і аператарамі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці