Адукацыйны курс ад БАЖ «Пра палітыку і выбары: вучымся пісаць крута» (да 25 кастрычніка)
Гэта толькі здаецца, што палітыкі ў Беларусі няма ці яна зусім аднамерная, убогая. Калі глядзець прафесійным вокам, ведаць закуліссе, дзейных асоб і шэрых кардыналаў, умець вывудзіць інфу, разумець хітрыкі ды трэнды, то можна рабіць яскравыя хвосткія матэрыялы, якія паставяць публіку на вушы, набяруць процьму клікаў.
Натуральна, трэба яшчэ і проста ўмець пісаць, гуляць словам.
Стаць такім профі вам дапаможа курс «Пра палітыку і выбары: вучымся пісаць крута», які ладзіць Беларуская асацыяцыя журналістаў у Мінску з 2 лістапада па 22 снежня 2019 года.
Заняткі будуць весці знаныя журналісты, палітычныя і медыйныя эксперты. Яны не стануць грузіць голай тэорыяй (хоць і «матчастку» ведаць важна), а найперш падзеляцца досведам, зладзяць практыкумы.
У вас будзе магчымасць прапанаваць увазе трэнераў свае працы, каб атрымаць ацэнку ды парады.
У вас ёсць шанец навучыцца:
— цікава, пераканаўча, з веданнем справы пісаць пра палітыку, выбарчыя кампаніі ў суровых умовах беларускай сістэмы;
— арыентавацца ў персаналіях, нюансах ды падводных плынях беларускай палітыкі, разумець гульні ўладаў, палітыкаў і паліттэхнолагаў з электаратам ды прэсай;
— выкарыстоўваць розныя інфармацыйныя і аналітычныя жанры ў палітычнай тэматыцы: пісьменна будаваць рэпартаж, інтэрв’ю з палітыкам, каментаваць падзеі хутка і трапна;
— рабіць фактчэкінг, распазнаваць фэйкі, абыходзіць пасткі маніпуляцый;
— канструяваць матэрыял тэхналагічна, працаваць з экспертамі, крыніцамі інфармацыі;
— завострываць кантэнт пад падачу ў Сеціве, шукаць тэмы і прасоўваць матэрыялы праз сацыяльныя сеткі, выкарыстоўваць новыя фарматы падачы (відэакаментар ды інш.);
— пісаць сцісла, выразна, яскрава, шліфаваць стыль;
— абыходзіць этычныя ды прававыя пасткі, датрымліваць уласную бяспеку, падстрахоўвацца ад непрыемнасцяў пры асвятленні вострых сюжэтаў, у тым ліку падчас палітычных кампаній.
Дадатковыя перавагі: удзельнікі, якія паспяхова закончаць навучанне, атрымаюць сертыфікат.
Да ўдзелу запрашаюцца журналісты, студэнты факультэтаў журналістыкі з Мінска і рэгіёнаў.
Па выніках курса кожны ўдзельнік АБАВЯЗКОВА павінен падрыхтаваць свой матэрыял.
Трэнеры: кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Аляксандр Класкоўскі, медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі, палітычны аналітык Арцём Шрайбман, юрыст Алег Агееў, палітолаг Валер Карбалевіч.
АПІСАННЕ КУРСА: Курс «Пра палітыку і выбары: вучымся пісаць крута» распачнецца 2 лістапада і завершыцца 22 снежня 2019 г.
У межах курса ў Мінску па суботах з 15.00 да 18.00 пройдуць 6 заняткаў (9 лістапада ў звязку з доўгімі выходнымі заняткаў не будзе). Лепшыя з удзельнікаў пасля заканчэння курса змогуць патрапіць на майстар-клас замежнага трэнера ў Вільню.
Удзел у курсе бясплатны, колькасць удзельнікаў абмежаваная. Прыярытэт пры адборы аддаецца сябрам ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», якія не маюць запазычанасці па ўнёсках.
Падаць ЗАЯЎКУ НА ЎДЗЕЛ можна да 25 кастрычніка, 23:59.