Адбылася фінальная сустрэча выпускнікоў адукацыйнага курса па лідарству ШМАТ ФОТА
Удзельнікі адукацыйнага курса цягам навучання засвойвалі веды пра праектную ды арганізацыйную дзейнасць у межах грамадскага аб'яднання: як прыдумаць, распрацаваць і ўвасобіць у жыццё мерапрыемствы, скіраваныя на гуртаванне супольнасці ды развіццё арганізацыі.
Намаганнямі сябраў Беларускай асацыяцыі журналістаў было рэалізавана шмат цікавых і карысных ініцыятыў. Акурат пра гэта і распавядалі падчас сустрэчы выпускнікі.
Напрыклад, кіраўнік Гомельскай філіі ГА “БАЖ” Мікола Бянько расказаў пра адукацыйную праграму па сістэме працы з адкрытымі дадзенымі (OSINT) — лекцыя і майстар-клас, сустрэчы з экспертамі ў журналістыцы расследаванняў.
Кіраўніца Слуцкай суполкі Вікторыя Капская распавяла пра выпуск сумесна з мастаком-ілюстратарам Кацярынай Міхайлавай паштовак на тэму свабоды слова і права на інфармацыю.
Аўтары распрацавалі пяць тэматычных паштовак з вытрымкамі з Закона аб СМІ, Канстытуцыі і Крымінальнага кодэкса РБ. Паштоўкі з ілюстрацыямі на тэму свабоды слова ўжо атрымалі некаторыя чыноўнікі Слуцкага, Маладзечанскага, Вілейскага, Барысаўскага райвыканкамаў, а таксама дзяржслужачыя бальніцы ў Маладзечне і супрацоўнікі праваахоўных органаў Барысава.
Цікавае мерапрыемства было праведзена ў Маладзечне з ініцыятывы Аксаны Ярашонак: «Маладзечна ў фокусе» — фотамарафон і квэст. Бралі ў ім удзел не толькі журналісты. Такім чынам сябры Маладзечанскай філіі змаглі распавесці гараджанам пра дзейнасць Беларускай асацыяцыі журналістаў і яе філіі. Трэнінг па фота праводзіў Сяргей Лескець — сябра БАЖ, пазаштатны аўтар «Рэгіянальнай газеты», фатограф, які супрацоўнічае з замежнымі выданнямі, ладзіць выставы ўласных здымкаў па-за межамі Беларусі.
Аляксандра Парахня расказала пра трэнінг у Маладзечне па медыяцыі для журналістаў і актывістаў.
Згадаем і праект, рэалізаваны Марыяй Савушкінай у межах лідарскага курса: прэс-тур у Адукацыйны цэнтр Парка высокіх тэхналогій. Адукацыйны цэнтр ПВТ аўтару найлепшага матэрыяла па выніках прэс-тура абяцаў бясплатны навучальны курс. Найлепшым матэрыялам па выніку прызналі сюжэт “Белсата”, які падрыхтавалі Кірыл Смяглікаў і Аляксандр Баразенка.
А ўдзельнік прэс-тура Аляксей Харкевіч з Гомеля ў выніку стаў інфармацыйным партнёрам філіяла Цэнтра ў гэтым абласным горадзе.
Марыя паабяцала не спыняцца і зладзіць прэс-тур ў ЕПАМ. Таксама яна анансавала адукацыйны курс для рэдакцый па стварэнні партнёрскіх матэрыялаў з удзелам экспертаў з паспяховых украінскіх медыйных праектаў.
Сачыце за анонсамі на сайце БАЖ.
Антон Сурапін — выпускнік папярэдняга лідарскага курса заўважыў, што навучанне дало яму штуршок для асабістага развіцця і прафесійнага росту. Цяпер Антон кіруе адукацыйным праектам “10 крокаў да журналістыкі”, уваходзіць у Праўленнне ГА “БАЖ”.
Прапануем вам азнаёміцца з канспектамі з цыкла нефармальных рэгіянальных сустрэч, якія ладзіў Антон:
19 ідэяў для журналісцкіх спецпраектаў у медыях
25 парадаў, дзе шукаць «у чыстым полі» тэмы і герояў для публікацый
Гуманітарны праект, скіраваны на асветніцтва і захаванне культурнай спадычыны, быў рапрацаваны Марынай Маўчанавай з Бабруйска. Размова ідзе пра шэраг мерапрыемстваў, датычных ушанавання памяці пісьменніка і публіцыста Алеся Адамовіча, які паходзіць з вёскі Глуша Бабруйскага раёна. Мясцовая суполка ГА “БАЖ” сярод іншага стварыла мультымедыйны праект і невялікі фільм. Убачыць яго можна тут: adamovich.babruysk.by.
Андрэй Шобін з Бабруйскай суполкі ГА “БАЖ” сёлета быў адным з арганізатараў творчага конкурсу для сябраў арганізацыі.
Алена Шабуня з Віцебска распавяла пра прэс-клуб з ліквідарамі Чарнобыльскай АЭС і ў працяг яго — здымкі фільма пра ліквідатараў.
Іна Хоміч з Брэста ладзіла адукацыйны семінар “Голас наш інструмент”, трэнерам на якім працавала вакальны іміджмэйкер і педагог па маўленчых практыках Марына Шукюрава (вядомая як спявачка Руся з гурта Shuma).
Юрый Плоткін з Магілёва працуе ў кірунку прамоцыі дзейнасці магілёўскай суполкі і незалежных медыярэсурсаў у рэгіёне — на старонках mogilev.press ужо можна знайсці інфармацыю пра апошнія падзеі ў жыцці суполкі, азнаёміцца з матэрыяламі з яе гісторыі, даведацца пра парадак уступлення ў ГА “БАЖ”.
Са свайго боку мы раім сябрам арганізацыі праяўляць ініцыятыву ды агучваць свае прапановы і патрэбы. А таксама пільна сачыць за абвесткамі на сайце БАЖ, дзе можна знайсці шмат магчымасцяў для ўласнага развіцця, наладжвання сувязяў і камунікацый.
Рубрыка «Конкурсы і навучанне» ЦАЛКАМ