Абвінавачванай па «справе БелТА» засталася толькі Марына Золатава
29 лістапада было задаволена хадайніцтва Ірыны Леўшынай аб спыненні крымінальнага пераследу на падставе арт. 86 Крымінальнага кодэкса (вызваленне ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем асобы да адміністрацыйнай адказнасці).
Леўшына заплаціла адміністрацыйны штраф у 30 базавых велічынь (735 рублёў). Зараз па «справе БелТА» яна праходзіць як сведка. Падпіска аб нявыездзе адменена, забарона на выезд з краіны зняты. Акрамя гэтага, Леўшынай вярнулі жорсткія дыскі, канфіскаваныя ў жніўні пры вобшуку ў яе дома, а таксама пры вобшуку ў рэдакцыі кампаніі БелаПАН. Раней Леўшына пагасіла прад‘яўлены ўрон у суме больш за 12 тысяч рублёў. Па аналагічных падставах быў спынены крымінальны пераслед яшчэ 13 фігурантаў справы. Як і Леўшына, усе яны пагасілі ўрон (ад 3.000 да 17.000 рублёў) і заплацілі адміністрацыйныя штрафы ў 30 базавых велічынь. На дадзены момант адзінай абвінавачанай па «справе БелТА» застаецца галоўны рэдактар партала tut.by Марына Золатава. Ёй прад‘яўлена абвінавачанне па ч. 2 арт. 425 КК (бяздзейнасць службовай асобы). Санкцыі па гэтым артыкуле прадугледжваюць ад штрафу да пяці гадоў пазбаўлення волі. Усяго па «справе БелТА» праходзілі 15 чалавек, з іх 14 абвінавачваліся па ч. 2 арт. 349 (несанкцыянаваны доступ да камп‘ютарнай інфармацыі). З 7 па 9 жніўня ў рэдакцыях інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, партала tut.by і некаторых іншых СМІ, а таксама ў шэрагу іх супрацоўнікаў прайшлі вобшукі. Былі затрыманыя супрацоўнікі tut.by Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, аглядальнік інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Таццяна Каравянкова і галоўны рэдактар агенцтва Ірына Леўшына, а таксама ўласны карэспандэнт «Нямецкай хвалі» Паўлюк Быкоўскі і рэдактар сайта газеты «Беларусы і рынак» Аляксей Жукаў. Яны правялі некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання. Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Савет Еўропы, ЗША, міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.