50-гадовы юбілей у Людмілы Чэкінай — зняволенай генеральнай дырэктаркі партала Tut.by
Для Людмілы Чэкінай гэта ўжо трэці запар дзень нараджэння за кратамі — сёлета яшчэ і круглая дата, якую звычайна спраўляюць у коле блізкіх і сяброў. Аднак дзейны рэжым аднаасобна вызначыў, што топ-менеджарка знакавага для ўсёй Беларусі медыяпраекта мусіць напоўніцу «адказаць» за свае перакананні, прыгаварыўшы да 12 гадоў зняволення.
У офісе Tut.by Людміла Чэкіна з’явілася 15 гадоў таму як адна з кандыдатак на вакантную пасаду юрыдычнай кансультанткі. Сумоўе вытрымала на выдатна, выявіўшы глыбокае прафесійнае разуменне сваёй справы.
Мабыць, тады, у 2008‑м, кіраўнікі і падумаць не маглі, што праз пэўны час самі ж будуць рэкамендаваць яе генеральнай дырэктаркай усё больш разгалінаванай структуры «ТУТ Бай медыя». Але ў працэсе супрацы стала відавочна: гэта менавіта той чалавек, які здольны на агульную карысць — спакойна і без надрыву — «разруліць» складаныя ды спрэчныя сітуацыі.
«Калі некаму трэба патлумачыць, што такое годнасць, то гэта Міла»
Усё больш пазнавальны брэнд Tut.by упэўнена ахопліваў новыя сферы дзейнасці, пры гэтым застаючыся важным гульцом медыйнага рынку — пра што, уласна кажучы, яскрава сведчыла статыстыка мільённых прачытанняў інтэрнэт-публікацый.
У 2017 годзе Людміла Чэкіна пры агульным ухваленні ўзначаліла «ТУТ Бай медыя» і з таго моманту стала неад’емным механізмам карпаратыўнай тактыкі і стратэгіі калектыву.
У якасці рэдактаркі аддзела ў пастаянным кантакце з ёй знаходзілася і Ульяна Бабаед. Кажа, што Людміла Чэкіна стала гэткай універсальнай «энцыклапедыяй», якая ўтрымлівала адказы на ўсе пытанні.
«У рэдакцыі яе называлі Мілай, — згадвае журналістка. — Спытай Мілу — парада, якую чуў кожны тутбаевец, калі паўставала нейкае складанае пытанне. Гендырэктаркай яна адпрацавала чатыры гады. То бок за кожны год кіраўніцтва паспяховым медыя атрымала па тры гады зняволення… Людміла Чэкіна для мяне ў першую чаргу — гэта канструктыў, здаровы сэнс, інтэлігентнасць і нязломны стрыжань. Без перабольшання, узор годнасці. І калі трэба будзе каму-небудзь патлумачыць, што такое годнасць, то вось годнасць — гэта Міла: яе паводзіны, яе стыль жыцця і працы».
На перакананне калег, менавіта ў сілу сваёй прыроднай прыстойнасці і прафесійнай законапаслухмянасці Людміла Чэкіна ніколі б не рызыкнула «падставіць» калектыў удзелам у сумнеўшых праектах. Таму дзейнасць кампаніі рэгулярна правяралася вонкавымі аўдытарамі, а падаткавая адказнасць, як і рэзідэнтура ў Парку высокіх тэхналогій, абкладалася карпатлівым бухгалтарска-юрыдычным суправаджэннем.
«Ад паспяховай топ-менеджаркі да фігуранткі тэрарыстычнага спісу»
Людмілу Чэкіну затрымалі 18 траўня 2021 года ў межах крымінальнай справы, распачатай супраць Tut.by па абвінавачванні нібыта ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса).
У офісе кампаніі і ў жыллі шэрагу супрацоўнікаў сілавікі правялі ператрусы. Агулам забралі 15 чалавек: акрамя гендырэктаркі, галоўную рэдактарку партала Марыну Золатаву, а таксама журналістаў, юрыстаў, бухгалтараў і іншых профільных спецыялістаў.
Следства доўжылася каля 20 месяцаў, увесь гэты час Людміла Чэкіна і Марына Золатава заставаліся ў СІЗА № 1 Мінска. Іншых фігурантаў цягам гэтага часу выпусцілі пад падпіскі аб нявыездзе і неразгалошванні ды асабовыя фінансавыя паручальніцтвы.
Людмілу Чэкіну, у прыватнасці, абвінавацілі паводле трох крымінальных артыкулаў:
-
ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры);
-
ч. 3 арт. 130 КК (арганізацыя наўмысных дзеянняў, скіраваных на распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці, учыненых групай асобаў і якія пацягнулі цяжкія наступствы);
-
ч. 3 арт. 361 КК (кіраўніцтва заклікамі да дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненае з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт).
У кастрычніку 2022 года Камітэт дзяржбяспекі РБ ўключыў Людмілу Чэкіну і Марыну Золатаву ў спіс асобаў, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».
Працэс супраць найбуйнейшага ў Беларусі незалежнага інфармацыйнага партала пачаўся ў Мінскім гарадскім судзе 9 студзеня 2023 года, яго ад самага пачатку зрабілі закрытым.
17 сакавіка суддзя Валянціна Зянькевіч з падачы прадстаўніцы пракуратуры Таццяны Гракун прызначыла генеральнай дырэктарцы Людміле Чэкінай і галоўнай рэдактарцы Марыне Золатавай па 12 гадоў калоніі кожнай ва ўмовах агульнага рэжыму. Людмілу Чэкіну, акрамя таго, абавязалі выплаціць штраф у памеры 1000 базавых велічыняў (37000 рублёў).
Палітзняволеныя па-ранейшаму ўтрымліваюцца ў мінскім следчым ізалятары, чакаючы разгляду Вярхоўным судом іх апеляцыйных скаргаў.
«Яна акурат з тых людзей, якія заўсёды ідуць у першых шэрагах»
Усе, хто працаваў поруч з Людмілай Чэкінай, дагэтуль не могуць уцяміць: як можна абвінаваціць у злачынствах таго, хто нават гіпатэтычна не адважыўся б на парушэнне закону?
Колішняя PR-менеджарка Tut.by Cаша Пушкіна ў сваёй дзейнасці была непасрэдна завязаная на ўзгадненне карпаратыўных планаў з гендырэктаркай, таму кантактаванне насіла практычна штодзённы характар. Вось што яна згадвала падчас суду над калегамі для праекта Press Club Belarus «Пресса под прессом».
«Міла заўсёды ўзважвала прапановы не толькі з гледзішча «можам» ці «не можам» па фінансах, тэматыцы кампаніі, сацыяльнай адказнасці, але і з юрыдычнага пункту гледжання. Таму пачынаць новыя праекты было спакойна: ты ўжо ведаеш плюсы і мінусы, падводныя камяні. І што цябе могуць падстрахаваць і абараніць. Наогул Міла ніколі не была гэткім «босам». Тут сапраўды пра silent power — мяккая, ціхая сіла. Хоць чалавечная, камунікабельная, блізкая, ты ўсё роўна разумееш, што яна вырашыць пытанне, уплывае на сітуацыю і бярэ на сябе адказнасць».
Паводле Сашы Пушкінай, нават за кратамі Людміла Чэкіна ўсведамляла адказнасць за агульную справу, якую пад знешнімі абставінамі давялося так рэзка спыніць фактычна на самым узлёце.
«Яе першы ліст з СІЗА, які мне прыйшоў, утрымліваў такія радкі: «Прабачце мяне за тое, што вам давялося перажыць». Гэта не прызнанне ніякай там віны, гэта клопат пра ўсіх нас. Міла з тых людзей, хто заўсёды ў справе, заўсёды ў першых шэрагах. Калі хадзілі да МУС, Міла і Марына бясстрашна ўвайшлі ў тыя дзверы, якія ўжо тады падаваліся небяспечнымі. Яны не турбаваліся аб сваім жыцці і свабодзе, а ішлі казаць за ўсіх нас. Гэта бясстрашнасць уражвае», — падсумоўвае ў артыкуле Саша Пушкіна.
Людміла Чэкіна нарадзілася 13 ліпеня 1973 года ў расійскім Сергіевым Пасадзе. Яе бацька кадравы вайсковец, таму сям’я шмат пераязджала і яшчэ да развалу СССР асела ў Жодзіне на Міншчыне.
Сама яна са школы зацікавілася юрыспрудэнцыяй: спачатку з чырвоным дыпломам скончыла юрыдычны тэхнікум, а пасля і юрфак БДУ. Пачынала кар’еру юрыстам у Жодзіне, у 2008 годзе пераехала ў Мінск, дзе ў статусе юрысконсульта далучылася да кампаніі «Надзейныя сістэмы» — асабіста рэкамендаваў заснавальнік Tut.by Юрый Зісер. Пасля курсаў Executive MBA у бізнес-школе ІПМ у 2017‑м узначаліла «Тут Бай медыя».
Яе сын Аляксей вучыцца на дызайнера ў Белдзяржуніверсітэце. Дома гаспадыню таксама чакаюць коцікі Веня і Оскар.
Чытай яшчэ:
Алесь Пушкін: хто гэты геніяльны мастак і палітвязень, што згінуў у зняволенні
«Тата ловіць беларускага дыназаўра». Хто такі гарадзенец Павал Мажэйка, які двойчы стаў палітвязьнем
Другі запар дзень нараджэння за кратамі адзначае журналістка Ірына Слаўнікава