15 сутак арышту гомельскаму журналісту Яўгену Меркісу
У Гомелі журналіста-фрылансера, сябра ГА «БАЖ» Яўгена Меркіса пакаралі арыштам на 15 сутак. Ён знік пасля пратэстнага шэсця жанчын па вуліцы Савецкай, якое праходзіла 12 жніўня. Яўген асвятляў гэтую падзею.
Калегам паведамілі ў Савецкім РАУС, што Меркіс быў затрыманыі за ўдзел ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і на падставе артыкула 23.34 КаАП пакараны адміністрацыйным арыштам. Выяздны суд праходзіў непасрэдна ў міліцыі.
Сёлета ў чэрвені суд Цэнтральнага раёна ўжо караў Яўгена штрафам у памеры 945 рублёў, але не за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, а за стрым збору подпісаў на масавым пікеце ў падтрымку альтэрнатыўных прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта — Святланы Ціханоўскай, Валерыя Цапкалы і Віктара Бабарыкі.
У 2017 годзе Яўгена Меркіса штрафавалі і арыштоўвалі за стрымы з акцый пратэсту «недармаедаў», якія праходзілі ў Беларусі.