Cляпому паэту Алесю Чобату валанцёры перадалі дапамогу
Валанцёры перадалі рэчы і падарункі для сляпога паэта і журналіста Алеся Чобата, што адзін жыве ў Скідзелі ў 30 км ад Гродна.
Цягам месяца грамада збірала грошы. Частка грошай была забрана праз платформу «Талака», дзе замест запланаваных 500 рублёў было сабрана амаль 1 200. У кампаніі ўдзельнічала больш за 70 чалавек з розных краінаў. Апроч гэтага, арганізатар збору дапамогі, журналіст «БЕЛСАТу» Зміцер Ягораў збіраў грошы ў Варшаве і сам набываў рэчы, пра што рабіў справаздачы ў сваім Facebook.
У Скідзель гэтым разам былі завезеныя посуд, адзенне, абутак, коўдры ды ежа — рэчы першай неабходнасці.
Алесь Чобат падзякваў валанцёрам за дапамогу, якой ён быў вельмі ўражаны. Адзін з валанцёраў Юры Седзянеўскі, які перыядычна дапамагае Чобату, адзначае, што 100-гадоваму дому, дзе жыве Чобат, патрэбны рамонт. Таму ўвесну валанцёры плануюць зрабіць сапраўдную талаку, каб каб давесці да ладу гэту хату.
Таксама гродзенскі журналіст і музыка Алесь Дзянісаў ужо амаль зрабіў запіс альбома песень на словы Алеся Чобата. У альбоме больш за два дзесяткі песень, адна з якіх ужо стала хітом сярод гродзенцаў.
Каб дапамагчы паэту і журналісту Алесю Чобату, дастаткова звязацца з валанцёрамі, якія падкажуць якая канктрэтна дапамога патрэбна.
Нагадаем, пісьменнік і журналіст Алесь Чобат аслеп пасля аперацыі ў 2013 годзе. Жыве ён у старой бацькоўскай хаце ў Скідзелі, што ў 30 км ад Гродна. Чобат — аўтар каля дзесятка кніг прозы і паэзіі. У 1980–1990 гады ХХ стагоддзя Чобат быў вядомым журналістам, працаў ў газэтах «Перспектива», «Гродненские новости», «Гродненская неделя», а тасама адным са стваральнікаў непадцэнзурнага выдання “Рэанімова”.
Фота Аляксандра Саенкі