• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ціск на журналістаў. Белстаўцаў аштрафавалі ў Гродне, тэхніку пакуль не вярнулі

    Згодна з рашэннем суда, Зміцер Міцкевіч і Сяргей Кавалёў былі прызнаныя вінаватымі паводле п. 2 арт. 22.9 («Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ») ды атрымалі штрафы: 35 і 40 базавых велічыняў.

    У чацвер, 18 чэрвеня, у Горадні адбыўся суд над журналістамі «Белсату» Змітром Міцкевічам і Сяргеем Кавалёвым – за тое, што яны рабілі стрым з пікету па збору подпісаў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі.

    Нагадаем, што Кавалёў з Міцкевічам былі затрыманыя ў Горадні 10 чэрвеня пасля стрыму з пікету па зборы подпісаў у падтрымку Лукашэнкі. На журналістаў тады склалі пратаколы, забралі тэхніку і тэлефоны, пасля чаго адпусцілі. Сёння ж адбыўся суд.

    У якасці прадстаўніка УУС Ленінскага раёну на паседжанні прысутнічаў капітан Аляксей Вайцешка, добра вядомы гарадзенцам па затрыманням і працэсам, звязаным з палітыкай. У якасці сведкаў – два ўчастковыя інспектары: Ігар Дораш ды Андрэй Гаўрылюк, якія бачылі журналістаў на пікеце за Лукашэнку на Савецкай.

     

    «Вы былі ідэнтыфікаваны пры дапамозе затрымання!»

    Журналісты сваёй віны не прызналі, а таксама аспрэчвалі факт «незаконнага вырабу і распаўсюду інфармацыі». Маўляў, трансляцыя ішла на YouTube, які не мае ў Беларусі ніякіх рэгістрацыяў і мець не мусіць. Пасля ж відэа з відэахостынгу можа ўзяць і выкарыстаць хто заўгодна.

    Узніклі таксама пытанні па ідэнтыфікацыі журналістаў. Маўляў, Зміцер Міцкевіч быў у кадры з мікрафонам, бо вёў стрым, а як вызначыць аператара?

    «Вы былі ідэнтыфікаваны пры дапамозе затрымання!» – безапеляцыйна заявіў капітан Вайцешка Сяргею Кавалёву.

    Заўвагі падсудных наконт таго, што людзі, якія іх затрымлівалі, наагул не прадставіліся, не мелі на сабе формы ці знакаў адрознення, не патлумачылі, куды іх вязуць, а таксама адмовілі ў праве звязацца з адвакатам ці юрыстам, былі судом праігнараваныя.

    За тэлефонамі зноўку давядзецца ехаць у Горадню

    Вынікам працэсу стаў вырак у выглядзе двух штрафаў: 945 рублёў з Міцкевіча і 1080 рублёў з Кавалёва. Тэлефоны журналістам паабяцалі вярнуць: за імі зноўку праз нейкі час давядзецца ехаць у Горадню. А вось камеру ды розныя тэхнічныя прылады – не. Яны падлягаюць канфіскацыі. Нашы калегі збіраюцца аспрэчваць вынесены судом вырак.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці