Ці ведаюць у БелТА словы “акцыя” і “мітынг”?
Аналіз паведамленняў БелаПАН і БелТА ў лютым 2016 г. на тэму “Канфлікт улады і прадпрымальнікаў, акцыі пратэсту ў Мінску і рэгіёнах”.
Для Беларусі, дзе палітычнае і грамадскае жыццё апошнія гады роўнае і прадказальнае, люты стаў сапраўды гарачым месяцам. Незадаволеныя ўвядзеннем у дзеянне некаторых нарматыўных актаў прадпрымальнікі актыўна прадэманстравалі сваю пазіцыю. За месяц у цэнтры Мінска тройчы адбыліся акцыі пратэсту: 15, 22 і 28 лютага.
Былі пададзеныя заяўкі на правядзенне акцый у рэгіёнах, адбыліся адзіночныя пікеты, мітынгі, форумы. Увесь месяц ішоў актыўны працэс перамоў – улады і ініцыятыўныя групы ІП абменьваліся заявамі і патрабаваннямі. Прадпрымальнікі актыўна і арганізавана змагалася за свае правы, выкарыстоўваючы розныя формы грамадзянскага ўдзелу і актывізму. Інфармацыйныя нагоды па тэме з’яўляліся амаль штодня. Як рэагавалі на іх агенцтвы навінаў?
Метад даследавання. Як дзяржаўнае і незалежнае інфармацыйныя агенцтвы асвятлялі падзеі. Ці пісалі пра пратэсты? Ці надалі ўвагу праблемным момантам? Якая інфармацыя з’яўлялася ў стужках БалаПАН і БелТА?
Каб адказаць на гэтыя пытанні быў, праведзены колькасны і якасны аналіз інфармацыйных паведамленняў дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва “БелТА. Белорусское телеграфное агентство” і прыватнага агенцтва “Беларуская інфармацыйная кампанія БелаПАН” за люты 2016 г. Тэма даследавання –“Канфлікт улады і прадпрымальнікаў, акцыі пратэсту ў Мінску і рэгіёнах”. Даследаванне праводзілася пры дапамозе пошукавай сістэмы сайтаў інфармацыйных агенцтваў www.belta.by і www.belapan.by.
Сутнасць канфлікту: Нормы заканадаўства, якія выклікалі незадаволенасць прадпрымальнікаў, гэта:
У лютым гэтыя нормы запрацавалі напоўніцу, што значна ўскладніла дзейнасць індывідуальных прадпрымальнікаў, якія працуюць у галіне рознічнага гандлю. Многія ІП былі вымушаныя згарнуць бізнес, што прывяло да страты асноўнай крыніцы прыбытку. Праблема абвастрылася, канфлікт набыў рэальнае жыццёвае вымярэнне. |
Каб вылучыць інфармацыйныя паведамленні, адпаведныя тэме “Канфлікт улады і прадпрымальнікаў, акцыі пратэсту ў Мінску і рэгіёнах”, у стужцы інфармацыйнага агенцтва БелаПАН былі прагледжаныя ўсе паведамленні за люты (па кожным дні). Мэта – вылучэнне адпаведных тэме інфармацыйных артыкулаў (аналізавалася рускамоўная версія сайта www.belapan.by). Загалоўкі выяўленых артыкулаў занесеныя ў табліцу ніжэй.
Збор інфармацыі на сайце БелТА адбываўся ў некалькі этапаў. Спачатку пры дапамозе пошукавай сістэмы сайта былі выяўленыя ўсе паведамленні з ключавым словам “предприниматели”. Паведамленняў аказалася даволі шмат – БелТА амаль штодзень звярталася да тэмы. Далей, з вылучаных інфармацыйных паведамленняў метадам якаснага аналізу былі адабраныя тэматычныя матэрыялы, г. зн. – адпаведныя тэме “Канфлікт улады і прадпрымальнікаў, акцыі пратэсту ў Мінску і рэгіёнах”. Загалоўкі артыкулаў занесеныя ў табліцу ніжэй.
БелТА амаль штодня ў лютым звярталася да тэмы прадпрымальнікаў, але толькі кожная 8‑я навіна (прыкладна) з ключавым словам “предприниматели” тычылася праблемнай сітуацыі і канфлікту. Напрыклад, з графіку вышэй бачна, што 5 лютага ў стужцы БелТА з’явілася 13 паведамленняў з ключавым словам “предприниматели”. Ці ўсё з іх тычацца праблемнай тэмы? Вось загалоўкі навінаў (вынікі пошуку за 5 лютага па ключавым слове “предприниматели” на сайце БелТА дасяжныя тут):
- Более Br24 млрд выделено за три года на поддержку малого бизнеса в Минской области;
- В Беларуси созданы все условия для сертификации товаров легпрома;
- Госстандарт Беларуси раскрыл тактику проверок и мониторинга работы предпринимателей;
- Проверки соблюдения техрегламента ТС по товарам легпрома выявляют нарушения в 70–80% случаев;
- Серьезные поставщики заинтересованы в проведении санитарно-гигиенической экспертизы;
- Все требования техрегламентов выполнимы – Госстандарт;
- Рабочая группа по ИП соберется в Минэкономики 8 февраля;
- В Беларуси созданы все условия для сертификации товаров легпрома – Госстандарт;
- Закупка у легальных оптовиков избавит ИП от необходимости подтверждения безопасности товаров;
- Минторг: белорусские оптовые базы будут продавать то, что нужно ИП;
- Налоговая система Беларуси в 2016 году будет оставаться стабильной – Наливайко;
- Руководство КСУП «Демиховское» причинило ущерб предприятию в Br1,7 млрд, подделывая отчеты;
- Имущество на Br570 млн похищено с территории БелАЗа.
З прыведзеных вышэй загалоўкаў толькі дзве навіны былі класіфікаваныя як адпаведныя тэме: “Госстандарт Беларуси раскрыл тактику проверок и мониторинга работы предпринимателей” і “Рабочая группа по ИП соберется в Минэкономики 8 февраля”.
Яшчэ прыклад – загалоўкі навінаў на БелТА з ключавым словам “предприниматели” за 26 лютага:
- ИП предлагают не привлекать их к ответственности за неустановку терминалов до 1 июля 2016 года;
- Запчасти на Br1,2 млрд изъяли у предпринимателя в Гродно;
- Минус один и бессрочность: в Беларуси изменено законодательство в сфере лицензирования;
- Новинки продукции презентуют на выставке продтоваров в Барановичах предприятия Брестской области.
Па ключавым слове было знойдзена чатыры інфармацыйныя артыкулы. Як адпаведны тэме класіфікаваны і занесены ў табліцу толькі адзін – “ИП предлагают не привлекать их к ответственности за неустановку терминалов до 1 июля 2016 года”. Такім жа чынам апрацаваная інфармацыя ў іншыя дні. Загалоўкі, класіфікаваныя як адпаведныя тэме, гл. у табліцы ніжэй.
Інфаграфіка: БелаПАН і БелТА
Create your own infographics
Апісанне атрыманых дадзеных
Колькасны аналіз. Храналагічная крывая паказвае, што БелаПАН актыўна рэагаваў на падзеі. Інфармацыя на тэму “Канфлікт улады і прадпрымальнікаў, акцыі пратэсту ў Мінску і рэгіёнах” з’яўлялася ў стужцы незалежнага агенцтва амаль штодня. 1 і 22 лютага БелПАН прапанаваў 7 і 8 тэматычных паведамленняў адпаведна.
Максімум на БелТА – 2 тэматычных паведамленні ў дзень. Такімі днямі былі 2, 5, 12 і 14 лютага. У астатнія дні выяўлена адно альбо ніводнага інфармацыйнага паведамлення.
Якасны аналіз. Самае выразнае адрозненне ў загалоўках – гэта геаграфія. У стужцы БелаПАН прысутнічаюць навіны па тэме з розных рэгіёнаў – Гродна, Брэста, Магілёва і інш.
У дні правядзення мітынгаў прадпрымальнікаў у Мінску – 15, 22 і 28 лютага –незалежнае інфармагенцтва прапанавала сваім карыстальнікам анлайн- рэпартажы з абнаўленнем з месца падзей амаль кожныя 15 хвілін. Матэрыял знаходзіцца ў адкрытым доступе, гэта значыць, дасяжны не толькі падпісчыкам, але і ўсім зацікаўленым.
У загалоўках БелаПАНа слова “митинг” сустракаецца больш за 15 разоў, слова “акция” – 6 разоў. У загалоўках БелТА словы “митинг” і “акция” не зафіксаваныя.
Журналісты БелаПАН для стварэння інфармацыйных паведамленняў выкарыстоўваюць розныя крыніцы. У якасці крыніц выступаюць як прадстаўнікі дзяржаўных устаноў (напр., інфармацыя «Пик напряжения в отношениях государства с ИП уже пройден, заявила замминистра экономики», БелаПАН, 21 лютага і інш.), так і прадстаўнікі ініцыятыўных груп іншага боку канфлікту – актывісты і лідары прадпрымальніцкага руху А. Шумчанка, А. Макаеў, палітык М. Статкевіч, а таксама аргкамітэт па стварэнні Партыі БХД і іншыя грамадскія ўтварэнні, (напр., «Гражданская кампания «Говори правду» призвала правительство отменить указ №222, парализовавший работу индивидуальных предпринимателей», БелаПАН, 23 лютага і інш.).
Якімі крыніцамі карысталася БелТА? У большасці з 17‑і выяўленых тэматычных паведамленняў на БелТА крыніцамі выступаюць: міністэрства, дзяржстандарт, міністры і прэзідэнт. Але ёсць інфармацыя і з “іншага боку”, напрыклад, ад ініцыятыўных груп (напр., «ИП просят «амнистию» за нарушения оформления и отсутствие подтверждающих документов», БелТА 17.02, «ИП предложили пределы применения амнистии за нарушения оформления и отсутствие документов», БелТА, 24 лютага), прадстаўнікоў палітычных партый і СМІ (напр., інфармацыя, “Главред «Экономической газеты» усомнился в перспективах ИП получить экономическую амнистию”, БелТА, 21 лютага і інш.).
У дні правядзення, мітынгаў 15, 22 і 28 лютага дзяржаўнае інфармагенцтва “маўчала” – у стужцы БелТА тэматычных паведамленняў у гэтыя дні не выяўлена.
Высновы
Інфармацыйнае насычэнне стужкі БелаПАНа тэматычнай інфармацыяй большае, чым дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА. Гэта значыць, што незалежнае агенцтва надало вылучанай тэме большую ўвагу. Безумоўным плюсам з’яўляецца наяўнасць на сайце БелаПАНа інфармацыі не толькі з Мінска, але і з рэгіёнаў. БелаПАН актыўна паведамляў пра падзеі ў Гомелі, Брэсце, Баранавічах, Магілёве і іншых гарадах. БелТА акцэнтавала ўвагу на “цэнтральных” навінах, выяўлена толькі адно паведамленне пра сітуацыю “на месцах” (“Рабочая группа по решению проблем ИП будет создана в Витебской области”, БелТА, 12 лютага). І БелТА, і БелаПАН карысталіся як афіцыйнымі крыніцамі, так і крыніцамі з асяродку прадпрымальнікаў.
Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва не згадвае ў загалоўках словы “мітынг” і “пратэст”. Таксама БелТА “змаўчала” ў дні акцый прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску. Гэта дае падставу меркаваць, што інфармацыйныя нагоды, звязаныя з грамадскімі акцыямі і найбольш вострымі момантамі канфлікту ў лютым, БелТА праігнаравала.