• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Не скажу, дзе буду працаваць, бо мне сорамна». Высвятляем, ці варта ісці на журфак БДУ і якія існуюць альтэрнатывы

    Што рабіць, калі жаданне быць журналістам непераадольнае? БАЖ паглядзеў, як рыхтуюць журналістаў журфак БДУ і ВНУ трох асноўных краін, у якіх аселі беларусы. Кожны можа ацаніць умовы і зрабіць свой выбар.

    Тут месціцца журфак БДУ. Фота: Яндекс

    Што прапануе абітурыентам журфак БДУ?

    Галоўнай кузняй журналісцкіх кадраў у Беларусі лічыцца журфак Белдзяржуніверсітэта (хаця прадстаўнікі гэтай прафесіі выходзяць са сцен і іншых вну). Праўда, пасля падзей 2020 года журфак непазнавальна змяніўся: без лаяльнасці цяперашняму рэжыму і хваласпеваў асабіста Лукашэнку журфак закончыць не ўдасца. А калі цудам удасца пераадолець чатырохгадовы марафон, то працу па спецыяльнасці ў межах краіны не знайсці. 

    Факультэт журналістыкі БДУ ў 2024 годзе рыхтуе адмыслоўцаў па спецыяльнасцях «журналістыка» і «інфармацыя і камунікацыя».

    Абітурыенты, які хочуць атрымаць спецыяльнасць «Журналістыка», мусяць здаваць беларускую ці рускую мовы — на выбар, гісторыю Беларусі і экзамен «Творчасць».

    Навучанне праводзіцца па трох профілях:

    • лічбавыя платформы і друкаваныя СМІ;
    • аўдыёвізуальная журналістыка і блогінг;
    • глабальнае медыяасяроддзе і інфармацыйная бяспека.

    Пры жаданні выпускнік можа пайсці ў магістратуру па прафілю «Журналістыка і медыятэхналогіі», дзе давядзецца адвучыцца яшчэ год.

    Абітурыентам па спецыяльнасці «Інфармацыя і камунікацыя» таксама давядзецца здаваць іспыты па беларускай ці рускай мовах (на выбар), гісторыю Беларусі і грамадазнаўства. Пасля чатырох гадоў вучобы ёсць магчымасць паступіць у магістратуру па спецыяльнасці «Стратэгічныя камунікацыі». Тэрмін навучання — паўтара года.

    Сёлета на журналістыку набіраюць 80 студэнтаў, на інфармацыю і камунікацыю — 42.

    Студэнты-першакурснікі вывучаюць асновы журналістыкі, гісторыю СМІ, асновы літаратуры, этыку журналістыкі, беларускую мову і культуру, замежную мову.

    Што патрабуюць ад абітурыентаў ВНУ Літвы, Польшчы, Грузіі?

    Віленскі ўніверсітэт

    Для паступлення на факультэт камунікацый у Віленскім універсітэце неабходна здаць экзамены па літоўскай мове і літаратуры, гісторыі Літвы і замежнай мове. Экзамены праходзяць у чэрвені.

    Віленскі дзяржаўны ўніверсітэт. Фота: з сайта www.govilnius.lt

    У Віленскім універсітэце на першым курсе вывучаюць: асновы журналістыкі, гісторыю медыя, літоўскую мову і культуру, асновы камунікацыі, этыку і права ў журналістыцы, замежную мову.

    Варшаўскі ўніверсітэт

    У Варшаве для паступлення на факультэт журналістыкі абітурыенты здаюць экзамены па польскай мове, гісторыі Польшчы і замежнай мове. Экзамены праводзяцца ў чэрвені.

    Варшаўскі дзяржаўны ўніверсітэт. Фота: з сайта eurostudy.info

    Першакурснікам давядзецца вучыць уводзіны ў журналістыку, гісторыю польскіх СМІ, польскую мову і літаратуру, асновы камунікацыі, права ў журналістыцы, замежную мову.

    Тбіліскі дзяржаўны ўніверсітэт

    Пры паступленні на праграму «Журналістыка і масавыя камунікацыі» факультэта сацыяльных і палітычных навук  Тбіліскага дзяржаўнага ўніверсітэта трэба здаваць нацыянальны экзамен па грузінскай мове, гісторыі Грузіі і замежнай мове. Экзамены праходзяць у ліпені.

    Тбіліскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Івана Джавахішвілі. Фота: wikipedia.org

    Першакурснікі вывучаюць асновы журналістыкі, гісторыю грузінскіх СМІ, грузінскую мову і культуру, асновы медыяэтыкі, права ў журналістыцы, замежную мову.

    Кошт пытання

    Калі абітурыент збіраецца паступаць на месца, што не фінансуецца дзяржавай, то яму лепш загадзя даведацца, колькі будзе каштаваць яму год за студэнцкай лавай. На журфаку БДУ яшчэ з сярэдзіны 2023 года адмянілі набор на платнае навучанне: цяпер пасля чатырох гадоў вучобы на бюджэтным аддзяленні кожнаму выпускніку давядзецца два гады адпрацаваць па размеркаванні.

    Раней, не прайшоўшы на бюджэт, абітурыенты маглі прэтэндаваць на платнае месца.

    Праўда, дагэтуль на сайце журфака вісіць загад рэктара БДУ Караля пра кошты навучання ва ўніверсітэце ў 2023/2024 навучальным годзе, дзе ўказаныя кошты навучання: за першы курс трэба заплаціць 5547 рублёў журналістам і столькі ж — піяршчыкам.

    Вось і зразумей: а што насамрэч адбываецца?

    На сайце журфака дагэтуль вісіць загад рэктара БДУ з расцэнкамі на навучанне ў 2023/2024 годзе

    Студэнтам БДУ прызначаюцца стыпендыі паводле інструкцыі. Існуюць некалькі відаў стыпендый: вучэбныя, сацыяльныя, персанальныя ды імянныя.

    У Беларусі ўстаноўлены 14 відаў імянных стыпендый. Прэтэндэнты мусяць мець 75% дзясятак і дзявятак за семестр (астатнія адзнакі не ніжэйшыя за сем), а таксама ўдзельнічаць у навуковай ды грамадскай дзейнасці ўніверсітэта.

    У Віленскім універсітэце платнае навучанне ў 2024‑м на факультэце камунікацый каштуе 2954 еўра (ці 10 104 беларускіх рублёў) ў год.

    Жаданне сёлета вучыцца на платным аддзяленні Варшаўскага ўніверсітэта зробіць ваш гаманец свабаднейшым на 3600 еўра (ці крыху больш за 12 тысяч беларускіх рублёў) за год.

    У Тбіліскім універсітэце месца, не фінансуемае дзяржавай, для грамадзян Грузіі каштуе 2250 лары (2622 беларускія рублі ці 750 еўра). 

    Вучоба ў суседзяў: галоўныя адрозненні 

    У БДУ абавязковыя ЦТ, а ў Вільні, Варшаве і Тбілісі абітурыенты здаюць нацыянальныя экзамены.

    Мовы навучання: БДУ дае выбар паміж беларускай і рускай мовамі навучання, у Тбілісі мова навучання — грузінская, але прысутнічаюць рускамоўныя кампаненты. У Вільні і Варшаве навучанне адбываецца выключна на нацыянальных мовах.

    У Варшаве навучанне доўжыцца 3 гады, у іншых універсітэтах — 4 гады.

    Ірына Сідорская: Я сышла з журфака, бо не хацела легітымізаваць тое, што завецца «журналісцкай адукацыяй»

    Ірына Сідорская працавала загадчыцай кафедры тэхналогій камунікацый і сувязей з грамадскасцю да 2021 года. І хоць ёй прапаноўвалі працягнуць працоўны кантракт яшчэ на год, яна адмовілася. Пагаварылі з былой выкладчыцай пра парадкі на журфаку, новыя павевы і перспектывы для выпускнікоў.

    Ірына Сідорская, фота з асабістага архіва

    — Я працавала загадчыцай кафедры тэхналогій камунікацый і сувязей з грамадскасцю, якая рыхтавала піяр-спецыялістаў і прэс-сакратароў. Сышла з журфаку яшчэ ў 2021 годзе па ўласным жаданні. Мне працягнулі канктракт яшчэ на адзін год, што для мяне стала вялікай непрыемнасцю. Я разумела, што журфак не чакае нічога добрага, я проста не змагу там працаваць, таму і прыняла рашэнне сысці.

    — Што змянілася на журфаку пасля вашага сыходу?

    — Я не вельмі пільна сачу за жыццём журфака: мне балюча. Але сякая-такая інфармацыя даходзіць да мяне.

    Гляджу, што на журфаку застаецца ўсё менш і менш людзей, з якімі працавала: большасць маіх калег звальняюць, нехта сыходзіць сам.

    Не так даўно я заходзіла на сайт журфака, убачыла процьму незнаёмых прозвішчаў: гэта людзі або зусім маладыя (магчыма, яны і закончылі журфак, але яшчэ не нажылі ніякага досведу), або людзі з іншых сфераў, якія не маюць ніякіх адносін ні да журналістыкі, ні да камунікацый.

    — У сярэдзіне 2023 года кіраўніцтва журфака заяўляла пра спыненне набору студэнтаў на платнае навучанне і пераход на бюджэт, бо цяпер факультэт рыхтуе кадры толькі для дзяржСМІ.

    — Так і было: з восені 2023 года журналісты ўжо вучыліся толькі на бюджэце, а па спецыяльнасці «інфармацыя і камунікацыя» яшчэ вучыліся платна. Праўда, з 2024 года, калі верыць дэкану журфака Аляксею Бяляеву, увогуле няма платнага набору на журфак.

    Гэта значыць, што журфаку не патрэбныя нават адносна свабодныя студэнты, бо платнікі заўсёды паводзілі сябе больш разняволена і менш залежалі ад адміністрацыі.

    Больш за тое, да 2020 года перад журфакам стаяла задача прыцягваць студэнтаў менавіта на платнае навучанне, бо гэта ж жывыя грошы для факультэта і ўніверсітэта. І калі я пачула словы дэкана пра адмену платнага навучання, то зразумела, што ідэалогія ўжо перамагла эканамічную мэтазгоднасць і эфектыўнасць.

    То-бок, стаўка робіцца на паслухмяных студэнтаў, якія поўнасцю залежаць ад адміністрацыі і ад размеркавання.  

    — Якія перспектывы свецяць выпускнікам журфака пасля чатырох гадоў вучобы?

    Дзяржаўныя медыі. Я сустракала сваю выпускніцу з Інфакома, якая вучылася на бюджэтным аддзяленні.

    На аналагічнае пытанне яна адказала так: я не магу сказаць вам, дзе буду працаваць, бо мне сорамна.

    У дзяржаўных медыях таксама няма каму працаваць, прычым не толькі ў рэгіянальных медыях, але і ў рэспубліканскіх выданнях. Вярнуся да таго, з чаго пачынала: каб працаваць ва ўніверсітэце, трэба мець досвед, трэба быць хаця б кандыдатам навук, трэба мець сувязі з рэальнай працай. А калі на журфаку працуюць «левыя» людзі, то пра які прафесіяналізм мы можам гаварыць?

    — Кожны выпускнік журфака мусіць два гады адпрацаваць там, куды яго адправяць.

    — Такая сістэма існавала і раней. Але ўсё ж раней існавала пэўная ступень свабоды: студэнты самі маглі прыносіць персанальныя заяўкі на сябе. Калі ім удавалася даказаць патрэбнасць менавіта гэтаму медыя, то іх туды і адпраўлялі. Як змянілася працэдура размеркавання зараз, не ведаю, але перакананая, што выпускнікоў будуць адпраўляць толькі ў «правільныя» медыя, якія праводзяць дзяржаўную палітыку. І ў «правільныя» арганізацыі, якія падтрымліваюць палітычны курс.

    — Што параіце сёлетнім выпускнікам, якім ужо вельмі карціць стаць журналістамі: паступаць на журфак ці лепш выбраць альтэрнатыву?

    — Цяжка даваць парады, бо гэта азначае браць на сябе адказнасць. Я за тое, каб людзі прымалі рашэнні самастойна. Але я ўпэўнена, што прафесіяналізму на журфаку зараз няма і яго там не можа быць па вызначэнні.

    Журфак ператварыўся ў сацыяльны ліфт для тых, хто свядома вырашыў стаць «государевыми людьми».

    А для тых, хто сапраўды бачыць сябе ў журналістыцы, журфак — нядобры выбар. Бо нават ўся дзяржаўная рыторыка пабудаваная на тым, што журналісты ёсць прапагандысты, салдаты інфармацыйнай вайны.

    Насамрэч усё зусім наадварот: гэта зусім процілеглыя віды камунікацыйнай дзейнасці, і ні ў якім разе журналісты не павінны быць прапагандыстамі і ўдзельнічаць у інфармацыйных войнах. А калі студэнты яшчэ і практыку будуць праходзіць у дзяржаўных СМІ, якія немагчыма ні чытаць, ні слухаць, ні глядзець, бо там адно парушэнне журналісцкіх стандартаў і паліванне брудам палітычных апанентаў, дык чаму можа навучыць журфак?

    Я і сама сышла з журфака, бо не хацела сваёй прысутнасцю легітымізаваць тое, што зараз называецца журналісцкай адукацыяй.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці