Ці патрэбны творцу амбіцыі?
Лунінецкая філія ГА “Беларуская асацыяцыя журналстаў” сумесна з калегамі з Брэста, Баранавічаў і Слуцка 25 кастрычніка правяла традыцыйны, ужо шосты па ліку, круглы стол журналістаў і літаратараў. Сёлета яго тэмай было: “Амбітнасць творцаў – гэта добра ці блага?”
Большасць удзельнікаў прызналася, што з’яўляюцца людзьмі з пэўнымі амбіцыямі. Як адзначыла старшыня Лунінецкай філіі ГА “БАЖ” Святлана Гарда, у журналістыцы і ўвогуле ў творчасці без здаровай амбіцыйнасці няма чаго рабіць.
У літаратуры амбіцыі творцы праяўляюцца найперш праз яго тэксты. Сучасная журналістыка са сваімі стандартамі і няспыннай інфармацыйнай плынню больш уніфікуе аўтараў, але і тут хапае прасторы для творчай самарэалізацыі.
Сябар ГА “БАЖ” і Саюза беларускіх пісьменнікаў з Брэста Яўген Бяласін перакананы, што пішучы чалавек павінен рэалізоваўваць амбітнасць не праз нейкія “разборкі”, а праз свае кнігі і публікацыі. Варта ставіць высокую творчую планку і амбітна дасягаць яе.
Сябар БАЖ і СБП з Баранавічаў Алесь Белы таксама лічыць, што амбітнасць у яе “нармальным варыянце” праяўляецца найперш праз патрабавальнасць да сябе.
Лунінецкая журналістка Людміла Хмялеўская падтрымала калегу шэрагам прыкладаў з жыцця. Яна не разумее людзей, якія хваравіта адносяцца да любой рэдактарскай праўкі і нават перарываюць кантакты з тым ці іншым выданнем.
Акрамя журналістаў і літаратараў, у дыскусіі ўзялі ўдзел навучэнцы лунінецкай Школы маладога журналіста. Удзельнікі прыйшлі да высновы, што амбітнасць – гэта натуральнае праяўленне таленту, дадзенага творчаму чалавеку, але яна павінна спалучацца з пэўнымі маральнымі і этычнымі нормамі і не перарастаць у эгаізм.
Акрамя круглага стала, адбылася таксама літаратурная вечарына. Сярод іншага прайшлі міні-прэзентацыі новых кніг Алеся Белага, Сяргея Амельчука, Яўгена Бяласіна. Гучалі не толькі беларуская і руская, але і нямецкая мова: Яўген Бяласін чытаў свае пераклады беларускіх і германскіх паэтаў-класікаў па-беларуску і па-нямецку.