«Ці нам радаваць некага сваім ныцьцём? Вось жа не!» Што пішуць з турмы беларускія рэдактаркі
У менскай турме чакаюць суду беларускія журналісты, у тым ліку галоўная дырэктарка інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Ірына Леўшына і галоўная рэдактарка парталу Тут.бай (зьнішчанага ўладамі. — РС) Марына Золатава.
Золатаву, як і яшчэ 14 супрацоўнікаў парталу, затрымалі ў траўні 2021 году; Леўшыну — у жніўні 2021 году.
Тут.байулады прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», БелаПАН — «экстрэмісцкім фармаваньнем».
Што яны пішуць у лістах з турмы, даведалася Свабода.
«Мы абсалютна ўсё перажывём і вытрымаем»
Ірына Леўшына ў лісьце з турмы піша, маючы на ўвазе, што ня ўсе лісты даходзяць:
«Наша карэспандэнцыя знаходзіцца ў руках «вышэйшых сілаў», якім «Бог судзьдзя». «Вось хай ён іх і судзіць. Мяне менавіта такія суды цікавяць, а ня тыя, якія паставілі на паток прысуды амаль кожнаму дзясятаму ў гэтай краіне», — піша Ірына.
Яна радая любой інфармацыі пра знаёмых, калег і сяброў.
«Якая ўсё ж важная сувязь паміж людзьмі! Нават самая дробная інфармацыя пра знаёмага, аблічча, якое ледзь мільганула ў калідоры ізалятару — ужо радасьць і цеплыня. Свае людзі побач! Яны ў норме, і гэта здорава. Мы абсалютна ўсё перажывём і вытрымаем. Бо гэты сьвет сюррэалізму не пакідае нам выбару. Застаецца толькі глядзець на тое, што адбываецца, як на спэктакль і воляй-няволяй удзельнічаць у ім.
Але свае ролі трэба выконваць годна, што бы ні адбывалася. Бо спэктакль рана ці позна падыдзе да свайго лягічнага фіналу. І далей працягнецца ўжо нармальнае жыцьцё, у якім мы будзем рабіць тое, што хочам і што лічым патрэбным, а ня тое, што нам навязваюць гора-рэжысэры. Ну а пакуль глядзім, рэагуем на пэўныя моманты і абавязкова запамінаем усё да самых дробных падрабязнасьцяў», — разважае Ірына Леўшына.
Сябе ў лістах яна называе «выразным аптымістам».
«Гэта нават ня я, а мае тата з мамай і бабуля зь дзядулем. Вось апошнім было рэальна цяжка. Людзі вайну перажылі і цягнулі дзяцей у холад і голад. Ці нам пасьля гэтага ныць? Ды і ўвогуле — ці нам радаваць некага сваім ныцьцём? Вось жа не! Гэтага ад мяне не дачакаюцца дакладна», — піша яна.
Ірына пераймаецца за калег і сяброў.
«Вельмі хочацца, каб усе неяк змаглі ўладкаваць сваё жыцьцё ў гэты пэрыяд бяссчасься. Думаю пра ўсіх літаральна пайменна. Амаль кожны дзень, калі засынаю, працягваю бачыць вельмі цікавыя, насычаныя сны. Такія цікавыя, што нават не рызыкую іх тут апісваць. Я б нават сказала, сымбалічныя сны ўва многім. Прычым у добрым напрамку сымбалічныя. Што гэта? Мая пазытыўная сьвядомасьць ці пасланьне звонку? Ня ведаю», — піша Ірына Леўшына.
«Балюча назіраць за тым, што адбываецца ў нас»
Марына Золатава шмат чытае, бярэ кнігі ў турэмнай бібліятэцы. Нядаўна яна прачытала аўтабіяграфію Эміра Кустурыцы «Дзе маё месца ў гісторыі?». У турме яна адкрыла для сябе Нарынэ Абгаран.
«Увогуле, чым больш кніг тут чытаеш, тым больш паралеляў праводзіш зь цяперашнімі падзеямі. «ЖД «Быкава, напрыклад. Альбо «Цмок« Шварца», — піша Марына Золатава.
Золатава ўспамінае свае шматлікія падарожжы ў Баўгарыю, а таксама ў Косава і Харватыю.
«Альбо вось горад у Альбаніі, а побач праваслаўны манастыр, у якім 22 манашкі пад аховай KFOR. Альбо разбураная царква, у двары якой пасьвяцца каровы. Балюча глядзець на такія рэчы. Балюча назіраць за тым, што адбываецца ў нас. Бо ўсе людзі розныя, сьвет вялікі і можна жыць у міры. Але атрымліваецца нейкая фігня. Так, напэўна людзі самі па сабе ў стане жыць у міры. Ды ўзяць Беларусь, якой яна была да вайны (Другой сусьветнай. — РС), колькі ў нас было адсоткаў габрэяў? Сорак? А палякаў? Надпіс на чыгуначным вакзале — на чатырох мовах.
Пакуль не прыходзяць «якія-небудзь» і не пачынаюць нацкоўваць людзей у сваіх інтарэсах. Вось што крыўдна. Але ж якія людзі цудоўныя — гэта я ўжо пра нашы падзеі ў тым ліку. Успамінаю словы Дзьмітрыя Быкава пра тое, што дабро ў выніку перамагае, бо зло неэфэктыўнае, і пагаджаюся!» — напісала Марына Золатава з турмы.
15 затрыманых у траўні 2021 году па «справе Тут.бай». Цяпер зь іх пад вартай у СІЗА застаецца 11 чалавек.
Пра перасьлед Тут.бай
18 траўня офіс рэдакцыі быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.
У справе затрымалі агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу Тут.бай (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар’я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (вызвалілі 1 верасьня) і ўдава заснавальніка Тут.бай Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.
Сам сайт Тут.бай заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.
У сьнежні 2020 году Тут.бай на патрабаваньне Міністэрства інфармацыі быў пазбаўлены статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.
Увечары 27 чэрвеня партал выдаліў з сацыяльных сетак усе допісы за апошнія паўтара года.
13 жніўня Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Тут.бай і новага праекту тутбаеўцаў Зеркало.io экстрэмісцкімі.
7 кастрычніка Сьледчы камітэт паведаміў пра новую крымінальную справу супраць тутбаеўцаў — за распальваньне варожасьці, учыненае групай асобаў (ч. 3 арт. 130). Ім пагражае да 12 гадоў зьняволеньня.