Ці надышоў час недзяржаўным СМІ браць на ўзбраенне метады дзяржпрапаганды?
Падобна да таго, што аказалася фэйкам гучная заява праўладных прапагандыстаў пра тое, што за падпіску на тг-каналы, абвешчаныя ў Беларусі экстрэмісцкімі, беларусаў будзе чакаць крымінальная адказнасць. Ці можна чалавека, які проста цікавіцца навінамі з тэлеграма і нават нічога не распаўсюджвае, затрымаць “па законе”?
— У падобных абставінах нават не патрэбны закон — можна проста падпісаць людзей [затрыманых сілавікамі па той ці іншай справе. — Рэд] на любыя тэлеграм-каналы ці дадумаць любое абгрунтаванне для таго, каб чалавек атрымаў рэальны тэрмін у турме, — расказвае ў эфіры «Еўрарадыё» медыяэксперт і аналітык iSANS Серж Харытонаў. — Тэзіс пра прававую сегрэгацыю падаецца мне вельмі добрым, таму што сапраўды зараз існуюць дзве прававыя сістэмы, якія фармулююца ў залежнасці ад палітычных поглядаў абвінавачаных. У гэтым сэнсе гэта той самы палітычны апартэід, які назіраўся, напрыклад, падчас існавання рабства ў ЗША ці за часам апартэіду ў ПАР.
То-бок, нават калі тая навіна [пра аднясенне падпісчыкаў да “экстрэмістаў”. — Рэд.] разышлася без пацверждання, гэта ўплывае на маральны дух пратэсту, уплывае на давер да медыя, якія спачатку апублікавалі інфармацыю [што гэта фэйк. — Рэд.], а пасля пачалі пісаць, што, магчыма, усё не так.
Як мне падаецца, для так званых афіцыйных крыніцаў ужо надышоў час уводзіць дысклэймер, маўляў, інфармацыя, якая была прыведзеная гэтак званымі афіцыйнымі крыніцамі ці крыніцамі, якія кантралююцца Аляксандрам Лукашэнкам, з вялікай імавернасцю не можа быць пацверджанай ці не можа быць праўдзівай.
Гэта вельмі важна, таму што ў той сітуацыі, якую мы назіраем зараз, у той медыйнай атмасферы, калі прапагандысты з тэлеканалаў ужо адкрыта кажуць, што няма ніякай журналістыкі і ніякіх стандартаў, а ёсць толькі салдаты інфармацыйнай вайны і тыя, хто піша прагноз надвор’я, мне падаецца, што стандарты незалежнай журналістыкі таксама трэба прыводзіць у нейкі баланс з тым, што адбываецца.
Калі крыніцы з боку Лукашэнкі цалкам пабудаваныя на наўмыснай дэзынфармацыі, то пра гэта проста абавязкова трэба пісаць дысклэймеры. Таму што такая пазіцыя [стрыманасці і выканання журналісцкіх стандартаў недзяржаўнымі СМІ. — Рэд.] не дапамагае лепшай інфармаванасці грамадства. Яна дапамагае распаўсюджваць фэйкі, распаўсюджваць дэзынфармацыйны матэрыял.