Чыноўнік у Пінску заклікаў чытаць толькі дзяржаўную прэсу і не шукаць альтэрнатывы
Чарговая сустрэча прадстаўнікоў мясцовай улады з працоўным калектывам прадпрыемства «Пінскводаканал» была адметная тым, што адзін з чыноўнікаў гарадской выканаўчай «вертыкалі» наўпрост заклікаў карыстацца толькі «праверанымі крыніцамі інфармацыі».
Падчас сустрэчы на прадпрыемстве «Пінскводаканал» прадстаўнікі мясцовай улады і запрошаныя сілавікі спрабавалі тлумачыць прысутным уласны парадак дня. Напрыклад, рабочым распавядалі, як не патрапіць у рукі ашуканцаў і што адбываецца ў горадзе з медычнымі ўстановамі.
Пасля гэтых справаздач працаўнікі прадпрыемства пачалі задаваць не зусім «зручныя» пытанні: чаму нельга ўзяць талон да некаторых вузкіх спецыялістаў у лякарні, калі будзе адрамантаваны дах у адным са шматпавярховых дамоў, колькі чакаць добраўпарадкавання ў пад’ездах ды і іншае. Таксама людзей цікавілі магчымасці будаўніцтва ў Пінску новых прадпрыемстваў і будучыня дзіцячага парку.
Чыноўнікі паспрабавалі весці адкрыты дыялог і адказвалі на найбольш вострыя пытанні. Але змест пытанняў ад грамадзян прымусіў намесніка старшыні гарвыканкама Мікалая Новака зрабіць яшчэ адну заяву. Ён заклікаў карыстацца «толькі праверанымі крыніцамі інфармацыі».
«Газета “Пінскі веснік” і яе інтэрнэт-рэсурсы — гэта ваш першы праваднік у свет правільнай і дакладнай інфармацыі горада і раёна, — заявіў чыноўнік. — Не шукайце навіны ў сумнеўных СМІ, давярайце асноўнай інфармацыйнай крыніцы».
Чытайце яшчэ:
Рэдактар глыбоцкай раёнкі працягвае абражаць апазіцыю і пужаць чытачоў вайной
БАЖ пачаў маніторынг прарасійскай прапаганды на дзяржтэлеканалах Беларусі
Блогер з раёнкі. Як цяпер улада спрабуе вярнуць уплыў друкаваных выданняў