• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Чатыры былыя супрацоўнікі дзяржбясьпекі Сэрбіі, у тым ліку яе кіраўнік, асуджаны за забойства журналіста ў 1999 годзе

    Суд у Бялградзе асудзіў чатырох былых супрацоўнікаў Службы дзяржаўнай бясьпекі Сэрбіі агулам да 100 гадоў турмы за забойства апазыцыйнага журналіста ў 1999 годзе. Пра гэта паведамляе Балканская служба Радыё Свабода.

    49-гадовы заснавальнік некалькіх незалежных выданьняў Слаўка Чурувія быў застрэлены ў цэнтры Бялграду побач са сваім домам. Ён быў вядомы як крытык тагачаснага прэзыдэнта Слабадана Мілошавіча.

    Газэта журналіста «Дневни телеграф» была забароненая на тэрыторыі Сэрбіі і распаўсюджвалася падпольна, друкуючыся ў Чарнагорыі. Пры замаху была параненая стрэлам у галаву грамадзянская жонка Чурувіі Бранка Прпа.

    Судовая палата Спэцыяльнага суду Бялграду вынесла прысуд па справе траім былым супрацоўнікам дзяржаўнай бясьпекі. Былы кіраўнік спэцслужбы, 75-гадовы Радамір Маркавіч прыгавораны да 30 гадоў турмы. Трое яго былых падначаленых — былы кіраўнік бялградзкай управы дзяржбясьпекі Мілан Раданіч, Ратка Роміч і Міраслаў Курак былі прыгавораны да 30, 20 і 20 гадоў адпаведна. Курак хаваецца ад суду і быў асуджаны завочна.

    Справа Чурувіі — першая, калі ў Сэрбіі раскрытае забойства журналіста. Яго расьсьледаваньне пачалося толькі праз два гады пасьля забойства, пасьля таго як прэзыдэнт Мілошавіч быў скінуты падчас так званай бульдозэрнай рэвалюцыі.

    Абвінавачаныя адмаўляюць сваю віну. Адвакат Маркавіча заявіла пасьля працэсу, што забойцаў журналіста ў залі суду не было.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці