• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Чатырох жыхароў Брэста вінавацяць у паклёпе на адрас супрацоўнікаў міліцыі

    На чатырох грамадскіх актывістаў, якія выступаюць супраць з’яўлення акумулятарнага завода каля Брэста, складзены адміністрацыйныя пратаколы за паклёп на адрас супрацоўнікаў міліцыі.

    Як стала вядома службе маніторынгу ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, адміністрацыйныя справы паводле артыкула 9.2 КаАП распачатыя ў дачыненні Алега Вялава, Людмілы Карчэўскай, Аляксандра Марачэўскага і Уладзіміра Мароза. Прычым на Мароза складзеныя адразу два пратаколы на падставе заяў двух супрацоўнікаў Ленінскага РАУС Брэста.

    Высветлілася, што ўсе названыя асобы давалі інтэрв’ю брэсцкаму блогеру Сяргею Пятрухіну, які сёлета на пачатку сакавіка на сваім YouTube-канале “Народны рэпарцёр” размясціў відэаролік пад назвай “Віншуем з Днём міліцыі. Хлопцам з Ленінскага РАУС прысвячаецца”.

    У відэароліку актывісты распавядалі пра судовыя працэсы ў траўні 2019 года. Тады суд Ленінскага раёна Брэста пакараў Людмілу Карчэўскую штрафам за ўдзел у шэсці праціўнікаў акумулятарнага завода. Тады ж за “ўдзел у насанкцыянаваным масавым мерапрыемстве” былі аштрафаваныя Алег Вялаў, Уладзімір Мароз і Аляксандр Марачэўскі.  

    У інтэрв’ю Сяргею Пятрухіну яны згадвалі прозвішчы супрацоўнікаў міліцыі, якія, паводле слоў актывістаў, пры разглядзе матэрыялаў іх адміністрацыйных спраў у судзе давалі ілжывыя сведчанні. Пасля знаёмства з відэаролікам міліцыянты напісалі заявы, абвінаваціўшы актывістаў у паклёпе.

    Пакуль вядома, што справу Аляксандра Марачэўскага суд плануе разгледзіць 24 сакавіка, справу Людмілы Карчэўскай — 26 сакавіка, а на 31 сакавіка прызначанае судовае слуханне справы Уладзіміра Мароза.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці