• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Чаму журналісткам далі рэальныя тэрміны

    Гульня ў патрыярхальную міласьць да жанчын у Беларусі даўно скончылася. Сёньня журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова атрымалі па два гады калёніі агульнага рэжыму за тое, што рабілі сваю журналісцкую працу. І гэта вельмі жорсткі, але прадказальны вырак.

    Улетку, калі праходзілі першыя жаночыя маршы, жанчынам часам закідвалі, што няма ў гэтых маршах аніякай сьмеласьці — там жа ня б’юць і не катуюць. Гэта тлумачылася своеасаблівай грамадзкай дамовай, у адпаведнасьці зь якой жанчын чапаць нельга. Але гэтую дамову быццам не чыталі да канца. Жанчын кранаць нельга, пакуль іх (нас) не ўспрымаюць сур’ёзна. І пакуль няма загаду.

    З часам жаночыя маршы пачалі разганяць, і сталі рабіць гэта жорстка. Жанчын затрымлівалі, адпраўлялі на суткі, адмаўлялі ў мэдычнай дапамозе, катавалі голадам і холадам, запалохвалі, не давалі сродкаў гігіены. Дый у першыя дні пасьля выбараў з жанчын зьдзекаваліся ў аўтазаках, РАУСах і на Акрэсьціна, але абаронцы ідэі «жанчын не чапаюць, бо яны жанчыны» гэтыя факты альбо ігнаравалі, альбо сьпісвалі на «статыстычную хібнасьць».

    Але зьдзекі з жанчын ніколі не былі «хібай». І сёньняшні прысуд журналісткам — не «адзінкавы выпадак». Рэжым бачыць у жанчынах небясьпеку і распраўляецца зь імі (намі) гэтаксама жорстка, як і з мужчынамі.

    У патрыярхальных сыстэмах так было заўжды. Пакуль жанчыны пагаджаліся быць лагоднымі і зручнымі, не прэтэндавалі на актыўную ролю ў грамадзтве ці нейкае лідэрства, іх называлі сьвятымі, каштоўнымі і надавалі ім пэўныя прэфэрэнцыі. Але як толькі жанчыны выходзілі за межы роляў, якія ім фактычна адводзіла грамадзтва, у дачыненьні да іх зьмянялася і рыторыка, і агульнае стаўленьне.

    Падобна, улады ў Беларусі зразумелі, што больш ня маюць рэсурсу трымаць жанчын у гэтым патрыярхальным ладзе і што сава на глобус больш не нацягваецца. Вось і саджаюць тых, каго лічаць небясьпечнымі. А незалежныя журналісткі — вялікая небясьпека для рэжыму, які праяўляе і пакрывае садызм і ўсяляк зьдзекуецца з народу. Яны ж робяць «самае страшнае злачынства» — кажуць і паказваюць праўду.

    Памятаеце, як альбом Belarus Press Pho­to 2011 прызналі экстрэмісцкім? Такое рашэньне тады абгрунтавалі ў тым ліку «няправільнымі» подпісамі да фатаздымкаў. Фатографы без уласных ацэнак апісвалі, што было на здымках, і гэта прызналі экстрэмізмам. Аказалася, што калі чалавека зьбіў міліцыянт, пра гэта нельга напісаць. І калі людзі выйшлі на акцыю супраць фальсыфікацыі выбараў, пра гэта таксама нельга казаць.

    Цяпер адбываецца, па сутнасьці, тое ж самае — журналісткам быццам бы нельга было паказваць і расказваць, як людзі выйшлі на вуліцу пасьля забойства Рамана Бандарэнкі. За гэта жанчыны мусяць правесьці два гады за кратамі, а ўсе астатнія цяпер мусяць спалохацца і перастаць займацца журналістыкай.

    Патрыярхальная гульня ўладаў у тое, што яны — такі архетыпова строгі, але справядлівы бацька, — гэта менавіта гульня. А на вайне ўжо неяк не да гульняў. Так што 18-гадовай Сафіі Малашчэвіч прысудзілі два гады калёніі за размаляваныя шчыты, 51-гадовай Натальлі Хершэ — 2,5 года калёніі за сьцягнутую балаклаву, і яшчэ больш за 20 жанчын-палітвязьняў застаюцца за кратамі.

    І ілюзій больш аніякіх няма.

    Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці