• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Чаму варта павучыцца ў Сьвятланы Алексіевіч

    Імем гэтай жанчыны цяпер можна прадстаўляць Беларусь у сьвеце. Фэномэн Нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч абмяркоўваюць экс-кандыдатка на прэзыдэнта Тацяна Караткевіч, культуроляг і пісьменьніца Юлія Чарняўская і журналістка Любоў Касьпяровіч.

    Сьвятлана Алексіевіч на ўручэньні Нобэлеўскай прэміі.

    Які найлепшы падарунак Сьвятлане Алексіевіч на дзень нараджэньня

    • Тацяна Караткевіч: Каб выйшла яе новая кніга

    • Любоў Касьпяровіч: Каб Міністэрства адукацыі вырашыла ўключыць яе кнігі ў абавязковую школьную праграму

    • Юлія Чарняўская: Каб яна пабачыла, што мы пачулі тое, што яна многа гадоў нам гаворыць

    Алексіевіч як птушка

    Ганна Соўсь: Найперш я хацела бы папрасіць даць тры вызначэньні, якія з вашага пункту гледжаньня найлепш характарызуюць Сьвятлану Алексіевіч. Я бы сказала, што яна — сапраўдная, што яна ня крыўдзіцца, што яна бярэ чужы боль. Як бы сказалі вы пра яе?

    Тацяна Караткевіч: Гэта чалавек, які чуе простага чалавека. Гэта вельмі адкрыты чалавек. Для мяне Сьвятлана Алексіевіч — гэта птушка, якая вельмі высока ляціць і ўсё бачыць.

    Юлія Чарняўская: Яна дала голас людзям. Яна дапамагае людзям. Яна верыць у людзей.

    Любоў Касьпяровіч: Я ведаю Сьвятлану Аляксандраўну па яе кнігах і па асабістай сустрэчы. Першае, што мне кінулася ў вочы пры знаёмстве зь ёй — яе сьмеласьць. Пасьля я думала пра тое, як можна выразіць яе глыбіню, адукаванасьць, выхаванасьць адным словам. Гэта — неспасьцігальнасьць яе глыбіні. І трэцяе, яна не ідзе пратаптанымі кімсьці сьцежкамі, а пракладае сваю ўласную.

    Алексіевіч як мэцэнатка і спагадлівы чалавек

    Ганна Соўсь: Сьвятлана Алексіевіч заўсёды дапамагала самым розным людзям. Пра вялікую колькасьць яе добрых справаў мы ня ведаем, бо яна гэта робіць не на публіку, а паводле ўласнага перакананьня — дае грошы на ўзнос на кватэру для шматдзетнай сям’і, на выхад кніг, на музэй Алеся Адамовіча, на падтрымку цяжка хворага дасьледчыка гісторыі рэпрэсій Леаніда Маракова. 28 траўня адбылося ўручэньне прэміі ПЭН-цэнтру, прэмію таксама праспансавала Алексіевіч. Сьпіс можа быць вельмі доўгі. Як вы лічыце, ці гэта новы для Беларусі вобраз пісьменьніка, які дапамагае беларусам наўпрост? І ці цэніць гэта грамадзтва — усіх жа не ўратуеш, нават на Нобэлеўскую прэмію?

    Юлія Чарняўская

    Юлія Чарняўская: Яна дапамагала людзям задоўга да гэтай прэміі. Я ведаю некалькі прыкладаў, але ня буду іх агучваць, паколькі Сьвятлана Аляксандраўна, верагодна, гэтага б не хацела. Ведаю толькі, што яна дапамагае абсалютна сьціпла і бескарысна без жаданьня фіміяму і дывідэндаў у той ці іншай форме. Гэта ў добрых традыцыях літаратуры, інтэлігенцыі, у тым ліку, і беларускай. Янка Купала і ягоная жонка Ўладзіслава Луцэвіч, цётка Уладзя (як яе называў мой дзед) увесь час «падкормлівалі» і матэрыяльна, і маральна маладых пісьменьнікаў. Ведаю, што Кузьма Чорны таксама дапамагаў. У мяне ёсьць і іншыя прыклады.

    Але гэтая цудоўная традыцыя так даўно зьнікла, што мы проста пра гэта забылі. Цяпер калі і дапамагаюць камусьці, то адзінаразава на ўзроўні сваёй групы, невялікай супольнасьці. Я маю на ўвазе інтэлектуальную праслойку. Людзі зьбіраюць на апэрацыі дзецям, але ў літаратуры такая традыцыя зьнікла. І Сьвятлана Алексіевіч, якая задоўга да Нобэля дапамагала нават незнаёмцам, пра чыю бяду яна пачула, сёньня сапраўды ўнікальная.

    Алексіевіч як падтрымка

    Тацяна Караткевіч.
     

    Тацяна Караткевіч: Я думаю, што гэта прыклад. Гэта зьява, якая вяртае нас у базавыя каштоўнасьці, якія павінныя спрацоўваць у нашым грамадзтве. Дабро азначае не ўзаемны абмен карыснымі рэчамі, дабро — тады дабро, калі робіцца не для далейшай падзякі, а проста таму, што ты ня можаш не зрабіць гэта.

    І Сьвятлана Алексіевіч, як яркі прадстаўнік Беларусі, менавіта такая. Падтрымка часам патрэбная ня толькі ў матэрыяльным выглядзе. Гэта можа быць проста добрае слова, гэта можа быць проста позірк, пытаньне, знаходжаньне побач і салідарнасьць. Гэтага не хапае, хацелася, каб гэтага было больш.

    Ганна Соўсь: Калісьці Сьвятлана Алексіевіч публічна выказалася ў вашу падтрымку як кандыдаткі ў прэзыдэнты Беларусі. Такая падтрымка вельмі дорага каштуе. Якая была рэакцыя вашай каманды і выбарнікаў пасьля яе заявы?

    Тацяна Караткевіч: Гэта была вельмі добрая падтрымка. Калі мы даведаліся, што Сьвятлана стала ляўрэаткай, я была ў Гомельскай вобласьці на сустрэчы зь людзьмі, якія адразу ж вельмі пазытыўна адрэагавалі, бо для тых, хто перажыў Чарнобыльскую катастрофу, Сьвятлана Алексіевіч — знакавая асоба. Яны тут жа папрасілі зьвязацца, патэлефанаваць, перадаць прывітаньне. Памятаю, як я гэта спрабавала зрабіць, данесьці да Сьвятланы… Яна, сапраўды, такі чалавек, якім варта і трэба ганарыцца кожнаму беларусу.

    Я прыходзіла да яе ў Інтэлектуальны клюб. Мы асабіста сустракаліся. Для мяне вельмі важна, што яна напісала, паразмаўляўшы з такім шырокім колам людзей… Непаўторнае адчуваньне, калі задаецца простае пытаньне, а на яго няма простых адказаў. І творы Сьвятланы Алексіевіч якраз апрацаваны такім чынам, калі ты задаеш простае пытаньне і атрымліваеш просты адказ. Палітыкі заўжды думаюць пра сьвет нейкімі плынямі, хвалямі, тэндэнцыямі і трэндамі, а на самай справе палітыка — гэта тое, як сябе адчувае просты чалавек тут і цяпер, гэта магчымасьць яго пачуць. І таму для мяне незабыўны досьвед — размовы са Сьвятланай Алексіевіч. Я спадзяюся, што мы і далей будзем падтрымліваць адносіны і мець магчымасьць размаўляць.

    Кругазварот дабра

    Любоў Касьпяровіч.

    Любоў Касьпяровіч: Пакуль што гэта — унікальная зьява. Часта нашым беларускім пісьменьнікам самім патрэбна фінансавая дапамога, а тут атрымліваецца, што ўсё наадварот, як у той традыцыі, пра якую гаварыла Юлія. Мне падаецца, што для Алексіевіч гэта цалкам натуральна, бо ўсё ў жыцьці вяртаецца — і кепскае, і добрае.

    Я нядаўна гутарыла зь яе аднакурсьнікам Мікалаем Тоўсьцікам, які распавядаў гісторыю пра тое, як яе саму некалі падтрымалі, у тым ліку фінансава, каб яна змагла кінуць працу і заняцца напісаньнем кнігі. Таму мне падаецца, што Сьвятлана Аляксандраўна — чалавек з добрай памяцьцю, які разумее, што ўсё вяртаецца. Яна жыла і фармавалася як пісьменьніца ў такім асяродзьдзі, у якім немагчыма было інакш.

    Алексіевіч як сяброўка

    Ганна Соўсь: Юлія, вы сябруеце са Сьвятланай ня першы год. Вы з мужам прысутнічалі на Нобэлеўскай цырымоніі на яе запрашэньне. Мы ведаем Алексіевіч у многіх вобразах — нобэлеўскай ляўрэаткі, мэцэнаткі, заснавальніцы інтэлектуальнага клюбу. А якая яна сяброўка?

    Сустрэча з чытачамі ў Гомелі.
     

    Юлія Чарняўская: Мы пазнаёміліся, калі я вучылася ці ў 9‑й клясе, ці на першым курсе… Розьніца, што яна ўжо журналіст, старэйшая, тады не дала нам магчымасьці камунікаваць. Мы сталі рэгулярна кантактаваць, можа, сем гадоў таму. А ў Сьвятланы Алексіевіч сяброўкі трымаюцца ўсё жыцьцё. Яна зь імі сябруе па 30–40 гадоў. Яна вельмі пра іх клапоціцца і вельмі адданая ім. Але я не ўзяла б на сябе сьмеласьць называцца яе сяброўкай. Мы ў вельмі добрых адносінах. Але сяброўкі — гэта тыя людзі, якія зь ёй многа-многа гадоў.

    Яна вельмі дэмакратычная. Ніколі не цягне на сябе коўдру. Хутчэй я балбачу, калі мы камунікуем. Яна дзейсна добрая, гэта дзейсная дабрыня тычыцца дапамогі і ня толькі матэрыяльнай. Яна спагадная. Я добра разумею, чаму яе героі распавядаюць пра сябе ўсё, бо яна ўмее ўслухоўвацца ў словы чалавека, запамінаць іх, ня проста слухаць, але і разумець тое, што за словамі, і што пад імі. Яна — вялікая разуменьніца. Ёй цікавы чалавек, жывы чалавек, і яна апрыёры чакае ад яго дабра. Ёй цікава не імя, ня тытул, ёй цікавы чалавек.

    Падчас прэзэнтацыі кнігі "Алексіевіч на Свабодзе" ў красавіку 2016 году ў Менску.
     

    Раскажу адну гісторыю, вядомую мне ад яе швэдзкай перакладчыцы Кайсы Обэрг Ліндстэн. У дні нобэлеўскіх урачыстасьцяў, калі мы былі ў Стакгольме, Сьвятлана Алексіевіч з Кайсай былі на аўдыенцыі ў караля. Вярнуліся і Кайса распавядае: «Мы селі за стол, трохі пагаварылі, і Святлана пытаецца ў караля, спачувальна: «Напэўна, складана быць каралём? Асабліва ў дзяцінстве». І кароль неадкладна пачаў падрабязна расказваць ёй пра сваё дзяцінства». Дык вось, калі б гэта быў не кароль, а дворнік, Сьвятлана Алексіевіч выслухоўвала б яго гэтак жа ўважліва, і ён таксама расказваў бы ёй усё.

    І яшчэ такі важны момант. Яна падтрымлівае кантакты зь людзьмі, у якіх бярэ інтэрвію. Як правіла, яна ведае, што зь імі здарылася, яна цікавіцца імі. Яна памятае ўсё, што ты калісьці ёй пра сябе распавядаў. Насамрэч — гэта ідэальны сябра. Гэтае сяброўства абсалютна пазбаўленае выпінаньня і няроўнасьці.

    Да Нобэля ў Сьвятланы Аляксандраўны таксама былі прэміі, і гэта былі вельмі знакамітыя прэміі — напрыклад, прэмія нямецкіх кнігапрадаўцоў, гэта «нобэлеўская» нямецкая прэмія. Яна не «зазьвязьдзілася». Яна са сваімі блізкімі і наогул зь людзьмі, засталася такой, якая яна ёсьць. Яна абсалютна верная сабе, верная людзям.

    Чаму варта павучыцца палітыкам у Алексіевіч

    Ганна Соўсь: Сьвятлана Алексіевіч умее гаварыць і ўмее слухаць, умее адчуваць чужы боль. Чаму варта павучыцца ў яе палітыкам? Чаму вы вучыцеся ў яе?

    Тацяна Караткевіч: Слухаць адзін аднаго і слухаць людзей у першую чаргу. Гэта майстэрства задаваць пытаньні (прыклад, які прывяла Юлія), якія дазваляюць пачуць разгорнуты адказ і даць магчымасьць чалавеку раскрыць свой пункт гледжаньня, ці праблему, ці пачуцьце. І гэта разуменьне, таму што за кожным словам яшчэ стаіць нейкае дзеяньне, гісторыя, пачуцьці. Калі ты можаш і ўмееш слухаць, ты гэта можаш адчуць. А калі ты знаходзісься ў сытуацыі суадчуваньня, ты больш разумееш сытуацыю і як палітык, больш разумееш, што ты можаш у дадзеным выпадку зрабіць, каб дапамагчы.

    Яшчэ можна навучыцца таму, як не «зазьвязьдзіцца». Гэта таксама важна, таму што шмат хто не вытрымлівае выпрабаваньне ўладай, папулярнасьцю, вядомасьцю. Нягледзячы на свае дасягненьні, папулярнасьць і ўплывовасьць, трэба быць як Алексіевіч простымі і адкрытымі ў камунікацыі.

    Алексіевіч як журналістка і як суразмоўніца

    Ганна Соўсь: Мне расказвалі гісторыю пра тое, як Сьвятлана Алексіевіч упершыню брала інтэрвію ў Алеся Адамовіча. Дыктафону ў яе не было. Яны размаўлялі, яна нешта запісвала, а потым, калі прынесла гатовы варыянт на вычытку, Адамовіч не зрабіў ніводнай праўкі, настолькі дакладна былі выкладзеныя ягоныя думкі. З таго часу яны сталі шчыльна творча супрацоўнічаць. Любоў, вы нядаўна зрабілі вялікае інтэрвію з пісьменьніцай для парталу TUT. BY. Чым Алексіевіч адрозьніваецца ад усіх іншых суразмоўцаў?

    Любоў Касьпяровіч: Я пачну з тэхнічнага боку. Першае, што мяне зьдзівіла — гэта запрашэньне да сябе дадому. Зараз гэта вялізная рэдкасьць, дакладней сказаць, выключэньне, калі суразмоўца запрашае да сябе дадому, які ўжо шмат што пра чалавека распавядае. Не абмяркоўвалася ніякіх іншых варыянтаў.

    Кіраўнік выдавецтва "Время" Барыс Пастарнак у гасьцях у Сьвятланы Алексіевіч Фота з прыватнага архіву Барыса Пастарнака.
    Кіраўнік выдавецтва «Время» Барыс Пастарнак у гасьцях у Сьвятланы Алексіевіч Фота з прыватнага архіву Барыса Пастарнака.

    Пасьля мяне зьдзівіў момант з вычыткай. Гэта такі прафэсійны боль, калі твае суразмоўцы просяць даслаць тэкст на вычытку. Я супраць гэтага ня маю нічога, але мяне ўразілі словы Сьвятланы Аляксандраўны, якія сказала: «Вы дашліце мне тэкст, але калі я не пасьпею яго прачытаць альбо адкамэнтаваць, паправіць і г. д., то публікуйце так». Яна не баіцца, бо мае сьмеласьць гаварыць тое, што яна кажа, і несьці адказнасьць за свае словы, і не баіцца ніякай рэакцыі, якая звычайна бывае на яе інтэрвію ў часткі грамадзтва.

    Што зьдзівіла ў ёй як у суразмоўцы? Вядома, было крыху страшна ісьці, таму што размаўляць з добрым суразмоўцам даволі складана, але ў мяне склалася ўражаньне, што ёй цікава размаўляць, ня важна зь кім… Вядома, не хацелася, каб гэтае інтэрвію было паўтаральным, таму я прачытала тоны розных тэкстаў яе інтэрвію, выказваньняў, дыскусій і г. д.. Мне хацелася сказаць сваім тэкстам нешта новае. У адзін з момантаў у нас зайшла гаворка пра яе магчымую трыбуну, зь якой у яе ёсьць магчымасьць распавядаць тое, пра што іншыя ня кажуць… Калі чалавек у нечым упэўнены, а пасьля ў размове ты яго пераконваеш у іншым, і ён тут жа з табой пагаджаецца, гэта, канешне, было цікава і нечакана.

    Падарунак для Алексіевіч

    Сьвятлана Алексіевіч на Пэкінскім кніжным кірмашы.
     

    Ганна Соўсь: Сьвятлана Алексіевіч, як вельмі глыбокі чалавек, ня любіць усё павярхоўнае, вонкавае, і да свайго 70-гадовага юбілею ставіцца не традыцыйна, не зусім сьвяточна. У перапісцы нават назвала яго сумным. Тым ня менш, як вы мяркуеце, які быў бы найлепшы падарунак Сьвятлане 31 траўня?

    Тацяна Караткевіч: Я хачу пажадаць Сьвятлане Аляксандраўне моцнага-моцнага здароўя, натхненьня. Мне падаецца, што лепшым падарункам было б тое, каб яна змагла свой дзень народзінаў правесьці менавіта так, як яна хоча яго правесьці. І па-другое, я ведаю, што яна працуе над новай кнігай, і каб гэтая кніга пабачыла сьвет у гэты дзень, было б найлепшым падарункам.

    Юлія Чарняўская: Каб мы пачулі, і каб яна пабачыла, што мы пачулі тое, што яна многа гадоў нам гаворыць: чалавек павінен старацца быць вышэй за сябе, лепш за сябе, старацца падняцца па-над сваёй паўжывёльнай прыродай. Каб мы не пераварочвалі, не выцягвалі словы з кантэксту, а пачулі і сталі нешта з сабой рабіць, бо пачынаць трэба зь сябе. У віншаваньнях я не буду арыгінальная — кніг, здароўя і цяпла, любові чытачоў і цяпла блізкіх людзей і сяброў. Ад нас усіх.

    Любоў Касьпяровіч: Нечаканая праява ад яе чытачоў у гэты дзень. Гэта можа быць нейкі флэш-моб, нешта спантаннае і шчырае ў адносінах да яе ад людзей, якія чытаюць і цэняць яе кнігі. А паколькі тут ёсьць магчымасьць памарыць, я хацела б, каб у гэты дзень Міністэрства адукацыі вырашыла ўключыць яе кнігі ў абавязковую школьную праграму.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці