Чаго чакаць ад новай палітыкі Лукашэнкі ў галіне СМІ?
10 красавіка на сустрэчы з кіраўнікамі і супрацоўнікамі найбуйнейшых дзяржаўных беларускіх СМІ Аляксандр Лукашэнка заявіў, што “далей па-старому працаваць нельга” і “пачынаецца новы этап ў вашай дзейнасці”.
У лютым гэтага года ён таксама замяніў кіраўнікоў ключавых афіцыйных СМІ, паставіўшы маладых лаялістаў замест старой гвардыі з савецкай ментальнасцю.
Больш за тое, у красавіку ўрад унёс папраўкі ў Закон аб сродках масавай інфармацыі, якія значна ўзмацняюць дзяржаўны кантроль над Інтэрнэтам, што застаецца апошнім асяроддзем свабоды слова ў Беларусі.
Усе гэтыя меры накіраваны на два асноўныя клопаты беларускага кіраўніцтва ў галіне медыя: падзенне аўдыторыі афіцыйных СМІ і рост уплыву расійскіх і празаходніх сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі.
Новая палітыка ў галіне медыя
10 красавіка Лукашэнка правёў сустрэчу з кіраўнікамі і супрацоўнікамі ўсіх найбуйнейшых дзяржаўных беларускіх СМІ. Прэзідэнт запатрабаваў мадэрнізацыі беларускіх медыя з мэтай прыцягнуць увагу людзей розных ўзростаў і настрояў. “Дастаць моладзь з тэлефонаў і кампутараў і прымусіць іх чытаць газету ўжо наўрадці атрымаецца, таму трэба пашырыць прысутнасць у Інтэрнэце і прапанаваць ім нешта цікавае, правільнае і аб’ектыўнае”, сказаў Лукашэнка.
Гэты паварот звязаны з шэрагам наспелых праблемаў ў галіне медыя, якія ідэнтыфікуе беларускае кіраўніцтва. Па-першае, дзяржаўныя СМІ губляюць сваю чытацкую аўдыторыю і ўплыў. Беларусы, асабліва моладзь, сышлі ў інтэрнэт, дзе дамінуюць незалежныя і замежныя рэсурсы. Дзяржаўныя СМІ не могуць канкураваць з імі ў прафесіяналізме і крэатыўнасці. Напрыклад, незалежны інфармацыйны партал TUT.by застаецца самым папулярным сайтам у Беларусі з 230 мільёнамі штомесячных праглядаў (варта ўлічваць, што ён уключае ў сябе мноства падраздзелаў, такіх як пошук працы, якія непасрэдна не звязаныя з навінамі і журналістыкай).
За апошні месяц Хартыя’97 мела 28,3 млн. праглядаў нягледзячы на тое, што нядаўна ўлады заблакавалі сайт на тэрыторыі Беларусі. Хартыя аказалася другім па велічыні вэб-сайтам ў Беларусі паводле праглядаў па дадзеных Akavita. Самыя высокі ўзровень праглядаў сярод афіцыйных СМІ мае БелТА: усяго 1,7 мільёна праглядаў. Яна саступае і шэрагу іншых незалежных рэсурсаў: Беларускі партызан (5,5 млн), Наша Ніва (2,7 млн) і Naviny.by (2,6 млн).
Іншая прычына для тэрміновай рэформы медыяпалітыкі палягае ў росце ўплыву замежных СМІ на розумы беларусаў: як расійскіх, так і фінансаваных Захадам. Расійскія тэлеканалы дамінуюць ў Беларусі яшчэ з часоў распаду СССР, і беларусы лічаць іх неад’емнай часткай тэлебачання. Паводле даследавання Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта, з пяці найбольш папулярных тэлеканалаў у Беларусі тры з’яўляюцца расійскімі. Больш за тое, яны займаюць першыя два радкі рэйтынгу (НТВ 1‑ы і РТР 2‑і). Пасля 2014 года, калі расійская прапаганда стала занадта агрэсіўнай, беларускія ўлады ўсвядомілі ступень яе ўплыву на насельніцтва краіны.
Прафесійнае і эфектыўнае асвятленне масавых пратэстаў вясной 2017 года незалежнымі СМІ, якія фінансуюцца ЕС і ЗША (радыё «Свабода», «Белсат», «Еўрарадыё» і інш.) прадэманстравала, што яны могуць стаць уплывовымі гульцамі ва ўнутранай палітыцы і патэнцыйнай змене палітычнага рэжыму. Таму беларускім уладам спатрэбілася заслона і на заходнім фронце.
Маладыя лаялісты замяняюць старую гвардыю
Для рэалізацыі новай медыя-палітыкі Лукашэнка замяніў кіраўнікоў галоўных СМІ краіны.
Кіраўнік дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА Дзмітрый Жук замяніў легендарнага Паўла Якубовіча на пасадзе кіраўніка холдынгу СБ-Беларусь Сегодня. Якубовіч займаў гэту пасаду з 1995 года і па чутках быў вельмі блізкі да Лукашэнкі.
Ігар Луцкі быў перамешчаны з пасады намесніка міністра інфармацыі на пасаду кіраўніка тэлеканала СТВ. Яшчэ адно важнае нядаўняе прызначэнне — прасоўванне намесніка кіраўніка Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Івана Эйсманта на пасаду кіраўніка гэтай кампаніі. Ён замяніў Генадзя Давыдзьку, які быў прызначаны кіраўніком грамадскага аб’яднання “Белая Русь.
Тое, што адрознівае ўсіх новых медыя-босаў ад іх папярэднікаў, гэта маладзейшы ўзрост. У адрозненне ад старой гвардыі, якая захавала савецкі стыль і прарасійскія настроі, новае пакаленне зрабіла сваю кар’еру ў незалежнай Беларусі за Лукашэнкам. Таму яны больш лаяльныя незалежнай дзяржаве і яе нязменнаму кіраўніку.
Разам з новымі прызначэннямі ўрад унёс папраўкі ў Закон аб сродках масавай інфармацыі. Яны выклікалі крытыку з боку грамадзянскай супольнасці, якая разглядае іх як спробу ўсталяваць больш жорсткім кантроль над Інтэрнэтам, які сёння застаецца адзінай адносна вольнай прасторай ў Беларусі.
Больш дзяржаўнага кантролю над Інтэрнэтам?
Папраўкі прадугледжваюць добраахвотную рэгістрацыю інтэрнет-рэсурсаў у якасці сродкаў масавай інфармацыі пад тэрмінам “онлайн-рэсурсы”. Супрацоўнікі незарэгістраваных онлайн-рэсурсаў не будуць мець правоў журналістаў і не змогуць акрэдытаваць сваіх карэспандэнтаў.
Папраўкі таксама ўводзяць абавязковую ідэнтыфікацыю для тых, хто публікуе любыя матэрыялы ў Інтэрнэце, у тым ліку сацыяльных сетках і на форумах. Улады сцвярджаюць, што гэта прадухіліць распаўсюд фэйкавых навінаў, незаконную дзейнасць і дыскрэдытацыю гонару і дзелавой рэпутацыі фізічных і юрыдычных асобаў. Аднак гэты інструмент можна лёгка выкарыстаць для выяўлення палітычных апанентаў ці адсочвання любой дзейнасці, якую ўлады лічаць непажаданай.
Закон таксама забараняе працу замежных сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі без дазволу. Робячы гэта, урад відавочна спрабуе абмежаваць ўплыў незалежных сродкаў масавай інфармацыі, якія фінансуюцца Захадам.
Апроч таго, тэлеканалы павінны будуць забяспечыць 30% эфіру беларускімі медыяпрадуктамі. Гэта, у сваю чаргу, падобна да рэакцыі на дамінаванне расійскага кантэнту ў беларускім тэлевізары.
Грамадзянская супольнасць і палітычная апазіцыя, негледзячы на іншыя спрэчныя моманты паправак, павінны падтрымаць гэты крок, паколькі яны застаюцца найбольш актыўнымі прыхільнікамі абмежаванні расійскіх СМІ ў Беларусі.
Па словах міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча, папраўкі накіраваныя на абарону нацыянальнай бяспекі і гарманізацыю беларускага заканадаўства з заканадаўствам Расіі і Казахстана ў межах Еўразійскага эканамічнага саюза. Але якой бы справядлівай і аргументаванай не была пазіцыя ўладаў, відавочна тое, што новыя правілы даюць эфектыўны інструмент для кантролю за апошнім асяроддзем свабоды слова ў Беларусі.
Як выказаліся прадстаўнікі незалежнай Беларускай асацыяцыі журналістаў падчас дыскусіі, прысвечанай зменам у заканадаўстве, “мы адчуваем сябе жабай ў павольна награванай вадзе, што хутка можа закіпець”. 2018 год пакажа, як улады скарыстаюцца абноўленым законам.