«Чаго брэшаш?» спыняе сваё існаванне. І абяцае вярнуцца
Антыфэйкавы праект «Чаго брэшаш?», які займаўся разборам прыёмаў дзяржпрапаганды, закрываецца. Што здарылася? БАЖ пагаварыў з кіраўніцай і вядоўцай праекта «Чаго брэшаш?» Ганнай Лепяшкевіч.
«Лёгкае замбіраванне эфектыўнейшае за кувалду Азаронка»
— Праект «Чаго брэшаш?» існуе трохі больш за год. Мы разбіралі фэйкі беларускай дзяржаўнай прапаганды, часам працавалі і з крамлёўскай, бо наратывы амаль не адрозніваюцца. Беларуская прапаганда існуе ў кантэксце расійскай, хай сабе і з невялікімі нюансамі. Але мы засяроджваліся менавіта на беларускім прапагандысцкім коле.
У нас не было свайго сайта, мы вялі старонкі ў сацыяльных сетках: відэа крыху большага фармату выкладаліся на YouTube, а меншага — на TikTok.
Праект пачаўся з таго, што мы рабілі невялікія кэпшын-відэа (кароткае відэа з субтытрамі, якое зручна глядзець без гуку — заўвага БАЖ): без галавы ў кадры, з разборамі канкрэтных фэйкаў ці хлуслівых заяў. Як паказваюць вынікі розных сацдаследаванняў, спажыўцы незалежных медыяў не глядзяць дзяржаўнае тэлебачанне. Таму мы спрабавалі разглядаць прапаганду шырэй, як паўсядзённы асяродак існавання беларуса: ты ідзеш па горадзе, а паўсюль вывешаныя чырвона-зялёныя сцягі, нашы дзеці вучацца па-расійску, а рускія турысты запаўняюць беларускія гарады.
Першыя час мы звярталі ўвагу на такіх персанажаў, як мой «любімы» Азаронак, але затым перайшлі ад персаналіяў да наратываў дзяржпрапаганды. Я больш за год маніторыла дзяржпрапаганду, мяркую, што адным з самых небяспечных прапагандыстаў з’яўляецца Ігар Тур.
Ён падае сябе як інтэлігентны персанаж, якому хочацца верыць, ягоны прапагандысцкі праект выглядае досыць стылёва, трэба прызнаць, добра зняты. У яго спраўды ёсць прагляды, якія больш арганічныя, чым у таго ж Азаронка, — таму ён небяспечны персанаж.
Разбіраць ягоныя наратывы было і больш цікава, чым стотысячны раз звяртаць увагу на дзікія выказванні Азаронка.
— Хіба Азаронак не небяспечны персанаж для любога здаровага розуму?
— Небяспечны. Але зараз на адрас незалежных медыяo вывальваецца многа папрокаў, што, пішучы пра прапаганду, мы даём прапагандыстам, праўладным чыноўнікам, Лукашэнку яшчэ адну пляцоўку для рэтрансляцыі іхняй прапаганды. Калі Азаронак усхваляе Лукашэнку, то робіць гэта прамалінейна, у лоб, не прыводзячы ніякіх аргументаў. Па факту, калі мы раз за разам цытуем Азаронка, проста даём яму яшчэ адну пляцоўку для прасоўвання ягоных дзікунскіх наратываў.
Незалежныя медыі не могуць працаваць у Беларусі, не могуць рабіць сюжэты пра жыццё краіны, таму многа інфармацыі якраз прыходзіць з прапагандысцкіх крыніц. Гэта яшчэ адна прычына, па якой мы апошнім часам працавалі з больш сур’ёзнымі наратывамі, — даваць менш пляцовак для распаўсюджвання прапаганды.
— Дурное пытанне, але задам: як выглядае, скажам, пяцёрка самых небяспечных прапагандыстаў?
— Я б не называла канкрэтныя персаналіі. Мне падаюцца небяспечнымі шоў кшталту «Добрай раніцы, Беларусь». Пакуль чалавек збіраецца на працу, робіць сабе сняданак, п’е каву, ён можа ўключаць для фона гэтую перадачу. У няжорсткіх фарматах там могуць транслявацца думкі, якія могуць з’яўляцца небяспечнымі. Такія фарматы я лічу найбольш небяспечнымі, бо з цягам часу такое лёгкае замбіраванне можа прынесці плён. Калі табе пастаянна паказваюць чырвона-зялёны сцяг, то з часам вока тупа замыльваецца, і ты пачынаеш успрымаць гэта як нешта нармалёвае.
«Глядзець беларускую прапаганду і спрабаваць яе аналізаваць – цяжкая задача»
— Вернемся да «Чаго брэшаш?». 10 красавіка сацсеткі праекта прызналі «экстрэмісцкім фарміраваннем». Што адбывалася далей?
— Мы заўважылі, што ў нас вельмі моцна пачалі падаць ахопы, асабліва ў YouTube і TiкTok. Аказалася, што на YouTube заблакавалі нашыя рэкламныя кабінеты, у выніку нам удалося вырашыць праблему. Але пасля таго мы больш не звярталіся да гэтага інструмента распаўсюду матэрыялаў.
Канешне, мы адразу папярэдзілі нашых гледачоў пра тое, што мы цяпер небяспечныя, але вялікіх адпісак не заўважылі.
— Тады па якой прычыне вы згортваеце свой праект?
— Мы крышачку выдахліся, бо заўсёды працавалі невялікай камандай.
Гэта чатыры чалавекі: быў чалавек, які адказваў за сацсеткі, была я, хто пісаў скрыпты для кароткіх відэа і была вядоўцай, быў рэдактар, які пісаў скрыпты для вялікіх відэа, а таксама відэаператар-мантажор. Увесь час глядзець беларускую прапаганду і спрабаваць яе аналізаваць – паверце, гэта цяжка. У нейкі час, нягледзячы на ўсё сваё крытычнае мысленне, нават у цябе прамільгне думка: а можа, не ўсё так адназначна? Напэўна, нашай камандзе трэба адпачыць.
Другая прычына — фінансавая сітуацыя, пра якую я не магу распаўсюджвацца.
Вельмі спадзяюся, што праз нейкі час мы зможам аднавіць нашую працу, магчыма, у іншым фармаце. Існуе Беларускі раследвальніцкі цэнтр, існуе MediaIQ, быў праект «Чаго брэшаш?» — не магу назваць гэта канкурэнцыяй, бо мы ставілі розныя мэты і мелі розныя рэсурсы. Напрыклад, мне падабаецца «Дыпфэйк» Беларускага раследвальніцкага цэнтра: яны файна працуюць, даюць канкрэтны міф і яго развенчваюць. І больш складаны медыярэсурс MediaIQ, які займаецца аналізам наратываў беларускай прапаганды і разлічаны хутчэй на журналістаў.
Праекты дабротныя, і ў мяне ёсць адчуванне, што мы не зусім канкурэнтназдольныя ў параўнанні з імі. А рабіць проста каб рабіць — мне падаецца, гэта глупства.
Мы перадыхнем, магчыма, нам спатрэбіцца нейкі час — і мы зможам аднавіць свой праект. А можа, пачнем нешта іншае. Магчыма, новы праект будзем рабіць не ў відэафармаце, верагодна, увогуле не пра прапаганду. І ў мяне асабіста, і ў маёй каманды ёсць свае пажаданні.
Мне здаецца, мы дастойна завяршылі свой праект, і нам не сорамна за сваю працу.