“Бывай, Радзіма”: фотавыстава Андрэя Лянкевіча ў Гродне
Вядомы беларускі фатограф, сябра ГА “БАЖ” Андрэй Лянкевіч прадставіў 12 красавіка ў Гродне фотавыставу “Бывай, Радзіма” — свой аўтарскі погляд на Другую сусветную вайну.
— Выстава мае такую назву, бо, на маю думку, гэта самы знакаміты выраз, звязаны з Другой Сусветнай вайной. Яго напісалі людзі, якія сапраўды героі, яны паміралі, баронячы сваю зямлю. Людзі, якія засталіся назаўсёды ў Брэсцкай крэпасці, — распавёў Андрэй Лянкевіч падчас прэзентацыі экспазіцыі.
Надпіс “Я паміраю, але не здаюся! Бывай, Радзіма” пакінуў на сцяне Брэсцкай крэпасці адзін з яе абаронцаў у чэрвені 1941 года. Ён быў знойдзены пасля вайны ў руінах. Пазней кавалак сцяны з гэтым надпісам перавезлі ў маскоўскі музей узброеных сіл. У мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой” зробленая копія надпісу.
— Выраз не належыць больш Беларусі. Ён быў вывезены і знаходзіцца ў музеі ў Маскве. Гэта моцны і паказальны момант, як будуюцца гісторыя і ўспаміны, як захоўваецца гэта гісторыя, — зазначае фотамастак. — У гэтым выразе ёсць і нешта асабістае для мяне. Я якраз выязджаў з Беларусі і думаў, што назаўсёды. Вучыўся ў Нямеччыне і меркаваў, што там застануся. Але лёс склаўся па-іншаму.
Выстава “Бывай, Радзіма” — гэта не толькі фотаздымкі, на ёй прадстаўленыя інсталяцыі і прадметы, звязаныя з вайной, а таксама разнастайныя лічбавыя калажы: ад даследавання памяці да іканаграфічных ваенных фатаграфій з усяго свету. На экспазіцыі ёсць фотаздымкі з прыватнага архіву Андрэя Лянкевіча, на іх бацька Андрэя, які служыў у Брэсцкай крэпасці.
Сябра ГА “БАЖ”, фатограф Аляксандр Саенка ўпэўнены, што на выставе Андрэя Лянкевіча можна ўбачыць “не глянцавую карцінку, якую паказваюць на тэлеэкранах дзяржаўных каналаў, а нестандартны, свежы погляд на гісторыю”.
Экспазіцыя “Бывай, Радзіма” працуе да 12 траўня ў гродзенскім Цэнтры гарадскога жыцця.