Бюджэт: дзе можна было сэканоміць, там сэканомілі
Медыяаналітык Паўлюк Быкоўскі на просьбу прэс-службы ГА “БАЖ” пракаментаваў тэндэнцыю да скарачэння аб’ёму фінансавання дзяржСМІ ў параўнанні з папярэднімі гадамі, якая вынікае з праекта бюджэта на 2016 год.
– Важна адзначыць, што ўвогуле ў праекце бюджэта на 2016 год няма павелічэння амаль ні ў якіх галінах. Там, дзе ёсць, – гэта павелічэнне на 12%, на ўзровень інфляцыі. Сама скіраванасць бюджэта на эканомію паказвае: там, дзе можна было сэканоміць, там сэканомілі.
Калі казаць пра разлікі выдаткаў на дзяржаўныя медыя ў параўнанні з папярэднімі гадамі, то тут ёсць пэўныя цыклы. Для гадоў, на якія прыпадаюць прэзідэнцкія выбары, як правіла, прадугледжана лепшае фінансаванне дзяржаўных медыяў у параўнанні з гадамі, калі прэзідэнцкіх выбараў няма. (Парламенцкія тут істотна не ўплываюць.)
Хутчэй за ўсё, у бюджэце на 2015 год было прадугледжана і стварэнне пэўных фільмаў. А ў бюджэце на 2016‑ы – без чаго можна абысціся, без таго абышліся.