BySol адкрыў збор на дапамогу Андрэю Гнёту
Ініцыятыва BySol распачала збор сродкаў для зняволенага рэжысёра і журналіста Андрэя Гнёта. Грошы патрэбныя, каб аплаціць адвакатаў, кватэру пад хатні арышт, ежу і лекі.
Сума збору — €10 000.
«Каб не аказацца зноў у турме, неабходна аплачваць арэнду кватэры для свайго ж арышту. Цэны на такія кватэры выстаўляюць значна вышэй за рынкавыя, бо ніхто не хоча здаваць кватэры пад хатні арышт. Па правілах, я ўнёс перадаплату адразу за 3 месяцы — 5000 еўра. 25 ліпеня чарговы тэрмін перадаплаты», — расказвае пра выдаткі Андрэй Гнёт.
На прадукты і лекі штомесяц ідзе не менш як 500 еўра. Акрамя таго, трэба аплочваць паслугі адвакатаў.
«Рахунак за слуханне ў Вышэйшым Судзе 26 сакавіка і 1 красавіка з боку адвакатаў склаў 7000 еўра. Туды ўключана падрыхтоўка ўсіх дакументаў, апеляцый і работа з доказамі. Рабіць такую працу могуць толькі лакальныя сербскія адвакаты і больш ніхто».
41-гадовы Андрэй Гнёт — рэжысёр тэлерэкламы і музычных кліпаў, журналіст. Займаўся вытворчасцю відэапрадукцыі для аб’яднання SOS.by, якое ў Беларусі прызнана «экстрэмісцкім фарміраваннем».
Мужчына быў затрыманы 30 кастрычніка 2023 года пагранічнай службай Сербіі пасля прылёту ў Бялград, пасля чаго перададзены паліцыі. Прычына затрымання — знаходжанне ў міжнародным вышуку па запыце беларускага бюро Інтэрпола ад 21 верасня 2023 года. Ведамства прасіла экстрадаваць Гнёта ў Беларусь для крымінальнага пераследу.
Спачатку мужчыну было вырашана выдаць Беларусі, але 12 сакавіка 2024 года Апеляцыйны суд у Бялградзе адмяніў гэтую пастанову. Пасля гэтага справа пераглядалася яшчэ некалькі разоў.
Далучыцца да збора ў падтрымку калегі можна тут