БТ папярэдзіла
У спэцыяльным рэпартажы «Технология провокации» ад 25 сьнежня б.г. Першы нацыянальны канал БТ папярэдзіў пра новыя правакацыі, якія напярэданні выбараў можна чакаць ад беларускай апазыцыі. Рэпартаж выкрыў таксама і тыя спосабы, празь якія гэтыя правакацыі могуць быць зьдзейсьненыя.
Сымптаматычна, што галоўнае мейсца, адкуль варта чакаць «бяды», — гэта інтэрнэт. Бо тут, як вядома, кампэтэнтныя органы ўлучна зь Міністэрствам інфармацыі пакуль што ня маюць дзейсных інструмэнтаў кантролю.
Натуральна, што гэткая бескантрольнасьць якраз і дазваляе апанэнтам уладаў «шкодзіць» па самых розных накірунках. Напрыклад, наўмысна сеяць паніку і страх. Так, падчас эпідэміі грыпу ў Мазыры «сразу несколько опозиционных сайтов заявили, что в городе свирепствует лёгочная чума» (у кадры — лагатып «Народнай волі» і цытата з сайта гэтай газеты, аднак без указаньня даты ці нумару, у якім адпаведны матэрыял быў надрукаваны).
Калі б ня доступ да інтэрнэту і не бескантрольнасьць распаўсюду ў ім інфармацыі, наўрад ці ўдалося б апазыцыі выдаваць свае «фэнтазі» (паводле выразу вядоўцы рэпартажу), зьвязаныя з выкраданьнем маладзёвых лідэраў, за рэальныя факты. «Не исключено, — папярэджвае БТ (дарэчы, ці не саміх апазыцыянэраў?) — что накануне выборов тактика провакоционных исчезновений заработает снова».
Самі ж маладыя «геймеры» ў палітыку — не болей як асобы з садысцкімі схільнасьцямі. Тое і «прадэманстраваў» «Малады фронт» датычна свайго сябра Арцёма Дубскага. Цытата: «Молодёжная группировка сознательно посадила своего активиста в тюрьму, чтобы носиться с ним как з брендом политзаключённого и клянчить деньги на продолжение игры».
Тацьцяна Шапуцька, у сваю чаргу, не пазбаўлена некаторых мазахісцкіх схільнасьцяў, бо «сначала делает всё, чтобы быть отчисленной из БГУ…». Да таго ж «и не отрицает, что сознательно шла на провокацию…».
Вядома, «раскруціў» Першы канал і сюжэт з блогам Тацьцяны Елавой.
Варта, аднак, адзначыць, што фінал сюжэту ўсё ж аптымістычны. Бо гледачы БТ ня могуць ня радавацца з таго, што «провалится и очередная методика вот этих вот локальных и точечных провокаций, которую используют и нынешние оппозиционеры» , — кажа экспэрт, галоўны рэдактар часопіса «Беларуская думка» Вадзім Гігін.