БТ, БелТА, “Дом прэсы”. Хто прэтэндуе на “субсідыі” ад сродкаў рэкламадаўцаў
Аляксандр Лукашэнка падпісаў 10 красавіка указ № 98 "Аб развіцці сродкаў масавай інфармацыі", дзе ў новай рэдакцыі карэктуецца аналагічны дакумент пад № 131, апублікаваны 31 сакавіка 2022 года. У прыватнасці, пералічваюцца дзяржаўныя медыя, якія атрымаюць дадатковае фінансаванне ад абавязковых адлічэнняў рэкламадаўцаў.
Папярэдні ўказ № 131 прымаўся з фармулёўкай “дзеля забеспячэння ўстойлівага эканамічнага становішча нацыянальных СМІ і вытворчасці ў неабходным аб’ёме якаснага беларускага кантэнту”.
Пад гэта вызначаўся збор у памеры 10% пры размяшчэнні вонкавай рэкламы і рэкламы на транспарце, а ў іншых выпадках — 20% ад кошту паслуг на распаўсюд рэкламы. Выплата збору ўскладалася на рэкламадаўцаў з далейшым мэтавым накіраваннем на падтрымку дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі.
Указ № 98, згодна з афіцыйнай анатацыяй, “актуалізуе падыходы да развіцця нацыянальных СМІ, а таксама пашырае напрамкі выкарыстання сродкаў збору за размяшчэнне рэкламы на стварэнне і прасоўванне беларускага інфармацыйнага прадукту”.
Удакладняецца, што сродкі накіроваюцца на аказанне падтрымкі ў выглядзе “субсідый” выключна юрыдычным асобам, на якія ўскладзены функцыі рэдакцый СМІ і якія з’яўляюцца дзяржаўнымі арганізацыямі, дзеля кампенсацыі расходаў на вытворчасць нацыянальнага канктэнту.
Называюцца канкрэтныя адрасы такой мэтавай дапамогі:
– Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія: набыццё абсталявання, праграмнага забеспячэння, а таксама тэхнічная мадэрнізацыя вытворчых фондаў.
– Агенцтва БелТА: функцыянаванне і эксплуатацыя мультымедыйнага інтэрнэт-рэсурсу для распаўсюду прадукцыі СМІ, рэдакцыямі якіх з’яўляюцца дзяржаўныя органы, зарэгістраваныя ў Беларусі.
– Прадпрыемства “Дом прэсы”: стварэнне і функцыянаванне аўтаматызаванай сістэмы маніторынгу тэле- і радыёпраграм, якія распаўсюджваюцца на тэрыторыі Беларусі.
– Белдзяржуніверсітэт: арганізацыя адукацыйнага працэсу на абсталяванні, якое выкарыстоўваецца ў тэлевізійным працэсе на факультэце журналістыкі.
Размяркоўваць бюджэтныя сродкі паміж патэнцыйнымі атрымальнікамі прызначана Міністэрства інфармацыі. Памер субсідый будзе вызначаць адмысловая камісія, прыпісаная да ведамства. У парадку выключэння на пазапланавыя грошы могуць прэтэндаваць і іншыя рэдакцыі.
Адсочванне законнасці выканання ўказа ўскладзена на Камітэт дзяржаўнага кантролю.
Натуральна, гаворка толькі пра “бонус” да тых сродкаў, якія на дзяржаўныя медыя закладзеныя ў рэспубліканскім бюджэце. Агулам на 2023 год прапаганда атрымае звыш 160 млн рублёў. Пры гэтым ільвіная доля прызначаецца дзяржаўным тэлеканалам, якія разам асвояць прыкладна 140 млн рублёў.
Астатнія 20 з лішкам мільёнаў трэба падзяліць паміж шматлікімі рэдакцыямі газет, часопісаў, бюлетэняў ды, як удакладняецца ў законе, на “іншыя пытанні ў галіне сродкаў масавай інфармацыі”.
Сёлетнія выдаткі на дзяржаўныя СМІ адны з самых значных — на момант ухвалення бюджэту-2023 яны складалі блізу 60 млн еўра ў эквіваленце.
Чытайце яшчэ:
«РИА Новости» стала ўсурʼёз браць каментарыі ў чат-бота ChatGPT. Той назваў іх навіны фэйкам
Па 500 «базавых»: паручальнікам за журналістак Tut.by прысудзілі вялізныя штрафы
Выйшаў на волю праваабаронца Віктар Сазонаў