• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Брыфінгі Мінабароны РФ, бітва за ўраджай, перапосты прапагандыстаў. Што расказваюць чытачам раёнкі?

    Сайты, сацсеткі, тэлеграм-каналы незалежных рэгіянальных выданняў працягваюць блакаваць па адмашцы Міністэрства інфармацыі Беларусі. Чытачы рэгіёнаў застаюцца з адзінымі крыніцамі навінаў — раённымі газетамі. Якую ж інфармацыю пра вайну ва Украіне падаюць ім «правільныя» медыя?

    Мы вырашылі пачытаць тэлеграм-каналы раёнак і высветліць гэта. Для аналізу выбралі газеты паўднёвых рэгіёнаў і іх кантэнт за жнівень і частку верасня бягучага года. У поле зроку трапілі тэлеграм-каналы раённых газет Гомельшчыны і Брэстчыны.

    Увагу прыцягнулі асобныя крыніцы інфармацыі.

    «Петрыкаўскія навіны»

    Газета «Петрыкаўскія навіны» мае ў сваім тэлеграм-канале 391 падпісчыка.

    Пад публікацыямі па 1–2 лайкі, хутчэй за ўсё, вялікім пальцам «у неба» сваю працу па інфармаванні насельніцтва ацэньваюць рэдактар і адміністратар «цялегі». Магчымасці пакідаць каментары няма.

    Стандартны канал раённай газеты. Жніво, дзень ведаў, гістарычная памяць, перамогі ва ўсіх сферах дзейнасці…

    Уласны кантэнт займае прыкладна 60% стужкі. Астатняе — адсылкі на «Пул першага», БелТА, «СБ. Беларусь сегодня».

    Прыцягнулі ўвагу частыя адсылкі да тэлеграм-канала пад назвай «Гаворыць Гомель». Хоць, шчыра кажучы, у назве больш падыходзіць слова «вывяргае», а не «гаворыць». Кантэнт гэтага рэсурсу проста нашпігаваны выкідамі ў стылі «дык вось яна, іх хвалёная дэмакратыя», наратывамі ад Азаронка і рознымі «развенчваннямі фэйкаў» пра вайну ва Украіне.

    Сам «Гаворыць Гомель» збірае па 1–2 лайкі пад сваімі публікацыямі, але рукі не апускае, таму што лозунг канала «Праўда, хейт і гумар». Як адно з іншым спалучаецца і адкуль што паходзіць, складана растлумачыць. Але «Петрыкаўскія навіны» спраўна «падкармліваюць» сваіх чытачоў выкідамі вось такога рэсурса.

    «Лоеўскі край»

    На тэлеграм-канал газеты «Лоеўскі край» падпісаныя 268 чалавек. Уласнага кантэнту там амаль няма, як дарэчы лайкаў і каментароў пад адсылкамі на іншыя рэсурсы. А іх насыпана, што гароху: з БелТА, «СБ. Беларусь сегодня», беларускага тэлебачання і нават РІА-Навіны. А стужка «Пула першага», на беглы погляд, увогуле дублюецца цалкам, усім кантэнтам.

    Жыццё Лоеўшчыны ілюструюць рэдкія навіны з шэрагу «гэта прайшло тыдзень таму, і мы вырашылі сёння пра гэта напісаць».

    На гэтым фоне лозунг лоеўскага тэлеграм-канала: «З намі цікавей!» гучыць жудасным кантрастам.

    Здзівіў, прычым моцна здзівіў, адбор іншых крыніц для адсылак, якімі мільгае тэлеграм-канал «Лоеўскага краю». Напрыклад, «Шкварка News», які сцвярджае, што «жыхары Украіны, навучаныя горкім майданным вопытам, выбіраюць Бацьку». Дзе ідуць тыя выбары, «Шкварка» не паведамляе. Або нейкі «ДЕМИДОВ_МГЕР», які называе Азоўсталь, «сімвалам неанацызму», і сцвярджае, што «тэрыторыяй ЛДНР мы не абмяжуемся!».

    Яшчэ «Лоеўскі край» рэгулярна адсылае сваіх чытачоў глядзець брыфінгі Мінабароны РФ і відэацытатнік Пуціна ад РІА Навіны.

    Паглядзеўшы ўсё гэта, хочацца звярнуцца да галоўнага рэдактара Маторнай С.П.: «Ну адкуль, скажыце, адкуль, вам у галаву прыйшла «мудрая» думка, што 12 тысячам жыхароў Лоеўшчыны, гэта важней і цікавей, чым жыццё і падзеі ва ўласным горадзе і раёне?»

    «Лунинец online»

    Тэлеграм-канал раённай газеты «Лунинец online» асабліва ўразіў у горшым сэнсе гэтага слова. Ну добра, няхай не злічыць адсылак да «Пула першага». Нават не здзіўляюць адсылкі да ўсіх выкрывальніцкіх «дакументальных» шэдэўраў ад АНТ і аўтарскіх праграм прапагандыстаў беларускага тэлебачання (хоць Салаўёва не прымусілі глядзіць, і на тым дзякуй).

    Але! Гэтага лунінецкім праўдарубам падалося мала.

    Сваіх падпісчыкаў «правільныя» медыйшчыкі багата частуюць адсылкамі да такіх «паважаных» рэсурсаў, як Мясарубка, Людажор, Зваротны бок, Зямля наша і шматлікіх іншых, назвы якіх кажуць пра «высокі прафесіяналізм» аўтараў.

    Дарэчы, некаторыя пасты на гэтых рэсурсах нават пачынаюцца з «прафесійнай» аналітыкі, нешта накшталт «ляжаў на канапе, еў пячэньку, і тут мяне ахінула — пайшоў пісаць гэты пост».

    Пераказваць тое, што пішуць гэтыя каналы пра вайну ва Украіне, нават не будзем. Пачытайце, калі зможаце.

    Цешыць толькі адно — падзяляюць прыхільнасць галоўрэда выдання «Лунинец online» Паўла Свістуновіча нямногія: з 3759 падпісчыкаў праглядаюць допісы ад сілы чалавек 300.

    Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што не ўсе тэлеграм-каналы раёнак засяроджаныя на пошуку і публікацыі адборнага прапагандысцкага матэрыялу. Якраз большасць з прагледжаных тэму вайны ва Украіне абмяжоўваюць інфармацыяй пра ўкраінскіх бежанцаў у Беларусі: колькі такіх, як уладкаваліся, як пайшлі ў школу. І наогул да адбору кантэнту падыходзяць акуратна і застаюцца раённымі выданнямі ва ўсіх сэнсах. Пішуць пра бітву за ўраджай (як без яе), пра людзей раёну, іх дасягненні, гісторыю краю, даюць нейкія кансультацыі і тлумачэнні, «топяць за бацьку». Усё ў традыцыйных напрамках і ў кантэксце «Беларусь — краіна для жыцця». На здзіўленне, не часта робяць адсылкі на афіцыйныя рэсурсы дзяржпрапаганды, з большага — па неабходнасці. Адным словам, выконваюць сваю ролю — рупара мясцовых райвыканкамаў і саветаў дэпутатаў.

    Таму выснова тут адзіная: рэдакцыйная палітыка і кантэнт асобных раённых выданняў наўпрост залежыць ад канкрэтных людзей. Хутчэй за ўсё ад рэдактара, а можа быць, ад ідэолага ці нават кіраўніка раёна.

    Рабіць перапосты непрафесійнага кантэнту, «карміць» чытача нізкагатунковай прапагандай і інфармацыяй з няпэўных крыніц — гэта асэнсаваны выбар канкрэтных людзей на канкрэтных месцах. Застаецца толькі пашкадаваць тых чытачоў, якія пазбаўлены магчымасці рабіць выбар на карысць іншых СМІ і іншага кантэнту…

    Чытайце яшчэ:

    «Мастакі і дызайнеры нейкі час працавалі з бомбасховішчаў»: як станавілася на крылле медыя «Сойка»

    Главред «Медиазоны»: Чем больше к человеку репутационных вопросов, тем громче он кричит про коллективную ответственность

    Трудовые мигранты, спорные территории — на каких слабых местах играет российская пропаганда в Центральной Азии и на Кавказе?

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці