Брэст: дыскусія на тэму смяротнага пакарання з удзелам амбасадараў, дэпутатаў, журналістаў і праваабаронцаў
Брэсцкія сябрыГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” паўдзельнічалі у дыскусіі на тэму смяротнага пакарання ў Беларусі. У мерапрыемстве бралі ўдзел амбасадары Вялікабрытаніі і Італіі ў Беларусі, а таксама прадстаўнікі і эксперты міжнародных няўрадавых арганізацый.
Зрэшты, больш за ўсё пытанняў у мясцовых праваабаронцаў, журналістаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці было адрасавана старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Андрэю Навумовічу.
Ён адзначыў, што аналагічныя сустрэчы прайшлі з дэпутатамі мясцовых саветаў, прадстаўнікамі суда, пракуратуры, адвакатуры, студэнтамі Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта.
— Мы не займаемся агітацыяй. Мы абмяркоўваем праблему, якая вельмі адчувальная для Беларусі, і стараемся адказаць на пытанні, — заявіў Андрэй Навумовіч і падкрэсліў, што практыка выезду ў рэгіёны (да Брэста адбыўся візіт у Гродне) будзе працягнутая.
Брэсцкія праваабаронцы акцэнтавалі ўвагу на тым, што хоць ў рэгіёне смяротныя прысуды не прыводзяцца ў выкананне з 2009 года, праблема не страціла актуальнасці. У прыватнасці, існуюць хібы ў беларускім заканадаўстве, якое не прадугледжвае прыпыненне выканання прысуду ў выпадку звароту асуджанага да выключнай меры пакарання ў Камітэт ААН па правах чалавека. Акрамя таго, выклікае здзіўленне адмова ад выдачы целаў пакараных іх сваякам і ўтойванне месцаў пахавання.
Сваім бачаннем праблемы з прысутнымі падзяліліся выканаўчы дырэктар арганізацыі “Праект па пытаннях смяротнага пакарання” Парвез Джаббар (Вялікабрытанія), прадстаўнік арганізацыі “Міжнародная камісія супраць смяротнага пакарання” Анна Сафія Грэв (Іспанія) і супрацоўнік абшчыны Святога Эгідзія Алесcандро Салаконе (Італія).
Да прыкладу, яны закранулі эканамічны аспект адмены смяротнага пакарання, з якога вынікае, што ў Еўропе і ЗША не заўсёды гэтае пакаранне абыходзіцца танней, чым ўтрыманне асуджанага да пажыццёвага зняволення.
Амбасадар Вялікабрытаніі ў Беларусі Фіённа Гібб выказала спадзяванне, што ў 2019 годзе ў Беларусі будзе ўведзены мараторый на смяротнае пакаранне і гэтаму будзе спрыяць дыскусія ў грамадстве і СМІ.
— Мараторый на смяротнае пакаранне стане крокам да яго адмены. Калі гэта адбудзецца, не ведаю, — сказала журналістам Фіённа Гібб. — Але гэта будзе правільным рашэннем, паколькі ні ў адным з шматлікіх даследаванняў няма пацверджання таго, што захаванне смяротнага пакарання зніжае колькасць злачынстваў”.
Гэтую пазіцыю падтрымаў і амбасадар Італіі ў Беларусі Стэфана Б’янкі. Паводле яго слоў, увядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне не парушае юрыдычную сістэму краіны, якая прымяняе гэта пакаранне.
— Не абавязкова ўносіць змены ў заканадаўства, праводзіць рэферэндум, — кажа італьянскі дыпламат. — Так, у Брэсце дэ-факта мараторый ўжо 8 гадоў. Але ўвядзенне яго дэ-юрэ дасць магчымасць публічна абмяркоўваць праблему.