Брэсцкія пісьменнікі звярнуліся да ўладаў наконт замоўчвання акцый пратэсту ў дзяржаўных СМІ
Свой зварот літаратары ад імя Рады Брэсцкага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў накіравалі ў абласны і гарадскі выканаўчыя камітэты, а таксама ў тэлерадыёкампанію “Брэст” яшчэ ў верасні.
У звароце размова ішла пра тое, што ўладам трэба пачаць размаўляць з жыхарамі горада, якія выходзяць на шматлюдныя пратэстныя акцыі. Для гэтага пісьменнікі прапанавалі маніфестантам абраць упаўнаважаных для перамоў, а ўлады павінны былі гарантаваць, што не будуць пераследваць гэтых асоб.
Аўтары звароту адзначалі недапушчальнасць замоўчвання акцый пратэсту ў дзяржаўных СМІ — найперш на тэлебачанні, а таксама на прыватных тэлеканалах, якія адлюстроўваць толькі пазіцыю ўладаў. Літаратары выказвалі патрабаванне, каб пры згадванні пра гэтыя акцыі журналісты працавалі прафесійна і неперадузята.
Адказ з Брэсцкага гарвыканкама за подпісам намесніка старшыні Віталя Шчэрбы атрымаўся лаканічным. У лісце згадвалася, што “па звестках, прадастаўленых УУС Брэсцкага аблвыканкама, 09–11.08.2020 на тэрыторыі горада Брэста зарэгістраваны факты беспарадкаў, пашкоджання маёмасці, супраціў прадстаўнікам органаў унутраных спраў”.
Наконт тэматыкі і зместу тэлевізійных перадач тэлеканалаў, з якімі ў Брэсцкага гарвыканкама ёсць пагадненні аб супрацоўніцтве (рамова ідзе пра прыватныя тэлеканалы “БугТВ” і “Лагуна ТВ”), то яны, паводле Віталя Шчэрбы, “вызначаныя адпаведнымі дамовамі і ў дастатковай ступені адлюстроўваюць падзеі, якія адбываюцца ў горадзе”.
Брэсцкі абласны выканкам у сваім адказе рэкамендуе аўтарам звароту найперш сфармуляваць прапановы па новай рэдакцыі Канстытуцыі краіны. А наконт удасканалення асвятлення грамадскага жыцця параіў звяртацца з прапановамі ў рэгіянальныя сродкі масавай інфармацыі.
Разам з тым абласныя ўлады лічаць, што “ў эфіры тэлеканала “Беларусь 4 Брэст” знаходзяць адлюстраванне ўсе грамадска-палітычныя падзеі жыцця вобласці, у тым ліку і пратэстныя акцыі”.
Брэсцкі сябра ГА “БАЖ” і Саюза беларускіх пісьменнікаў Яўген Бяласін здзіўлены атрыманымі адказамі.
“Няўжо адсутнасць новай Канстытуцыі вывела на вуліцы сотні тысяч людзей у Беларусі, дзясяткі тысяч жыхароў Берасцейшчыны? Калі ўсё адбываецца як трэба, дык чаму кожную нядзелю ў цэнтры Брэста курсуюць аўтазакі?”, — задаецца пытаннем пісьменнік і журналіст.
На думку Бяласіна, мясцовыя ўлады проста ўхіліліся ад адказу на пытанне, наколькі аб’ектыўна праўладныя СМІ асвятляюць зараз падзеі на Брэстчыне.