Брэсцкі абласны суд адхіліў скаргу журналіста Сяргея Багрова, якога арыштавалі на 15 сутак
Пастановай суда горада Баранавічы і Баранавіцкага раёна журналіст незалежнай рэгіянальнай газеты «Ганцавіцкі час» Сяргей Багроў быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння.
Сяргей Багроў разам са сваім калегам Аляксандрам Пазняком вёў інтэрнэт-трансляцыю з акцыі салідарнасці ў Ганцавічах 20 чэрвеня. Журналістаў затрымалі разам з удзельнікамі акцыі і абвінавацілі паводле артыкулаў 23.4 («Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў») і 23.34 («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў») КаАП РБ.
У выніку на падставе двух складзеных пратаколаў Аляксандр Пазняк быў аштрафаваны агулам на 30 базавых велічынь (810 рублёў), а Сяргею Багрову прызначылі пакаранне ў выглядзе 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
8 ліпеня ў Брэсцкім абласным суддзе ў працэсе разгляду скаргі Сяргея Багрова і яго адваката на пастанову суда першай інстанцыі былі агучаны пратаколы супрацоўнікаў Ганцавіцкага РАУС, у якіх сцвярджалася пра «агрэсіўныя паводзіны» журналіста падчас затрымання. Нібыта Сяргей Багроў адмаўляўся садзіцца ў службовы аўтамабіль, гучна крычаў, размахваў рукамі, хапаў супрацоўнікаў міліцыі за вопратку і спрабаваў уцячы.
Сяргей Багроў падчас свайго выступу ў судзе даводзіў важкія факты, якія паказвалі на яго невінаватасць. Таксама суду было патлумачана, што журналіст «Ганцавіцкага часу» выконваў свае прафесійныя абавязкі і не з’яўляўся ўдзельнікам несанкцыянаванага мерапрыемства.
Акрамя таго, Сяргей Багроў распавёў пра супрацьзаконныя дзеянні ў дачыненні да яго з боку супрацоўнікаў міліцыі як пры затрыманні, так і ў момант знаходжання ў Ганцавіцкім РАУС.
Суддзя Брэсцкага абласнога суда Мікалай Грыгаровіч не прыняў да ўвагі аргументы журналіста і пакінуў пастанову суда города Баранавічы і Баранавіцкага раёна без зменаў.