Брэсцкая друкарня адмаўляецца друкаваць газету «Ганцавіцкі час» з наступнага года
ААТ “Брэсцкая друкарня” паведаміла, што не будзе працягваць з выдаўцом газеты "Ганцавіцкі час" дамову на паліграфічныя паслугі. Тэрмін дзеяння дамовы з ПВГУП “Медыя-Ганцавічы” заканчваецца ў канцы 2021 года, такім чынам друкавацца ў Брэсце ў 2022 годзе недзяржаўная рэгіянальная газета ўжо не зможа.
Паведамленне аб скасаванні дамовы за подпісам намесніцы дырэктара Брэсцкай друкарні Ірыны Іванісік прыйшло на электронны адрас рэдакцыі газеты 30 лістапада. Дагэтуль цягам многіх гадоў рэдакцыя “Ганцавіцкага часу” рэгулярна і сваечасова аплочвала паслугі, каб надрукаваць газету.
На пытанне, што стала прычынай скасавання дамовы, у тэлефоннай гутарцы Ірына Іванісік адказала: “У нас змяняецца загрузка”. Але на дадатковае пытанне, чаму пра гэтую загружанасць друкарні не згадвалася ў паведамленні, Ірына Іванісік адказала сваім пытаннем: «А навошта?»
Варта заўважыць, што на друк штотыднёвага нумара “Ганцавіцкага часу” ў брэсцкай друкарні ішло ў сярэднім 20–30 хвілін. Атрымліваецца, што “загрузка” цяпер павінна быць вельмі сур’ёзнай, калі друк накладу “Ганцавіцкага часу” з’явіўся такім прынцыповым момантам.
Як зазначыў галоўны рэдактар выдання Пётр Гузаеўскі, 20 гадоў “Ганцавіцкі час” сумленна выконвае сваю працу на карысць чытачоў у раёне і далёка за яго межамі.
“Мы спрабавалі дапамагчы шматлікім людзям, і гэта спрацавала: уздымалі актуальныя праблемы, трымалі чытачоў у курсе падзеяў, якія адбываліся ў Ганцавіцкім раёне і не толькі. Мы аб’ектыўна асвятлялі падзеі і пісалі пра гісторыю рэгіёна. Дзякуй усім, хто падтрымліваў і давяраў нам”, — кажа Пётр Гузаеўскі.
Паводле яго слоў, рэдакцыя накіруе запыты аб друку газеты ў іншыя друкарні і будзе чакаць адказаў.
““Ганцавіцкі час” не развітваецца са сваёй чытацкай аўдыторыяй. Мы пастараемся працаваць з электроннай версіяй газеты, калі, вядома, чытачы згодныя за яе плаціць. Нам цікавая зваротная сувязь з чытачамі па гэтым пытанні”, — адзначыў галоўны рэдактар выдання.